Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч: “За кратамі разумеюць: Беларусь трэба мяняць”




Мікалай Аўтуховіч быў арыштаваны 14 кастрычніка 2005 году і прысуджаны да 3,5 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачваньні нібыта ў нявыплаце падаткаў. У мінулую пятніцу яго датэрмінова вызвалілі – замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства. Сёньня Мікалай Аўтуховіч расказвае аб правакацыях, якія ладзілі ў калёніі супраць вязьняў. Як і навошта тое робіцца?
Уліцёнак: “Тыя вязьні, якія былі ў так званай “адзінцы”, – калёніі нумар адзін па сталічнай вуліцы Кальварыйскай,– кажуць пра яе вельмі спэцыфічны, так бы мовіць, маральны клімат. У чым гэта выяўляецца?”
Аўтуховіч: “У гэтай калёніі большасьць сядзіць за эканамічныя злачынствы, хоць, безумоўна, ёсьць і звычайныя крымінальнікі. І ў большай частцы менавіта яны “супрацоўнічаюць” з адміністрацыяй”.
Уліцёнак: “Навошта ёй такая падтрымка з боку крыміналітэту?”
Аўтуховіч: “Апэратыўны аддзел зьбірае інфармацыю менавіта зь іхнай дапамогай. Як тое робіцца? Скажам, калі я толькі прыйшоў у калёнію, за мной усьлед хадзілі ці ня дзесяць чалавек. Ва ўсё сказанае ўслухоўваліся. Правакавалі на размовы, каб знайсьці хоць нейкую зачэпачку – на мяне хацелі яшчэ павесіць крымінальную справу паводле выбуху, пажару ў Ваўкавыску. Нейкі гранатамёт таксама згадвалі, які знайшлі ў Горадні – усё гэта меркавалі скарыстаць у новай крымінальнай справе”.
Уліцёнак: “Ну, а падтрымку ў асяродку вязьняў вы адчувалі?”
Аўтуховіч: “Цішком гаварылі: “Мікалаевіч, трымайся, бо мяне выклікалі і прасілі “працаваць” супраць цябе”.
Уліцёнак: “Вось вы – моцная асоба, якую складана запужаць: аўганец, ардэнаносец, два баявыя мэдалі, маеце досьвед супраціву ўладам падчас адстойваньня сваіх прадпрымальніцкіх правоў… Ну а людзі звычайныя, якія выпадкова трапілі ў жорны жыцьця, недзе аступіліся, або іх наагул абгаварылі, падставілі – няважна, галоўнае, што яны апынуліся на зоне. Гэтых вось вязьняў можна такім ціскам адміністрацыі зламаць?”
Аўтуховіч: “Такога хапае…Па нежывому нейкаму погляду чалавека можна зразумець: яга паламалі, падштурхнулі да таго ж самага супрацоўніцтва”.
Уліцёнак: “Скажыце, Мікалай, а навошта там свая служба бясьпекі: няўжо будні калёніі вымушалі да нейкіх уцёкаў, арганізаванага супраціву, нават бунту?”
Аўтуховіч: “Ну, такая практыка, магчыма, была заўсёды. А ў нас яшчэ свая спэцыфіка. Ды й ня толькі тут – шмат дзе хапае “сядзельцаў” зь недаказанасьцю віны. І каб укамплектаваць справы ўсімі неабходнымі ўлікамі, збор кампрамату працягваецца нават у турмах”.
Уліцёнак: “А як стасуецца падобная практыка з абвешчанай уладамі ідэяй перавыхаваньня злачынцаў?”
Аўтуховіч: “Перавыхаваць чалавека ў вязьніцы немагчыма. А практыка выяўленьня новых фактаў нібыта злачынстваў, пра што я казаў раней, спускаецца зьверху. Аднак так адбываецца не паўсюль, а ў калёніях, дзе людзей хочуць яшчэ больш “раскруціць”, яшчэ больш грошай садраць – КДБ, іншыя арганізацыі даюць адпаведныя ўказаньні, распрацоўкі: на што чалавека “прабіваць”, якія яму пытаньні задаваць, за кім сачыць”.
Уліцёнак: “Людзей, якія раней ляяльна ставіліся да рэжыму, такая вось практыка апрацоўкі ў калёніі вымушае да пераасэнсаваньня таго, што было і адбываецца на волі?”
Аўтуховіч: “Безумоўна, калі іх асудзілі ні за што, да таго ж на немалыя тэрміны (а па эканамічных артыкулах менш чым на шэсьць гадоў сюды ніхто не “заяжджае”), Беларусь трэба ўладкоўваць па-іншаму”.
XS
SM
MD
LG