Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візавыя праблемы «Лёсаў нашых народаў»


Выстава беларускіх мастакоў «Лёсы нашых народаў» адкрылася ў польскім Беластоку 20 студзеня.


Экспазыцыю адкрылі маршал Подляскага вояводзтва Яраслаў Зыгмунт Дважаньскі і генэральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык. А вось мастакоў-аўтараў на адкрыцьці выставы не было.
«Лёсы нашых народаў» прадстаўляюць габэлены Сьвятланы Баранкоўскай, графічныя працы Руслана Лядзенкі і жывапіс Вячаслава Лядзенкі. Патрапіць на ўрачыстае адкрыцьцё выставы мастакі не маглі з-за праблем з атрыманьнем польскай візы. Высьветліць падрабязнасьці з першакрыніц не атрымалася – мабільныя тэлефоны не адказвалі. Тлумачыць сытуацыю генконсул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык.
Аляксейчык: «Так, сапраўды, яны прыехалі толькі сёньня».
Карэспандэнтка: «Але затрымка была з-за чаго? З-за таго, што былі праблемы з польскай візай?
Аляксейчык: «Так, былі праблемы. Але цяпер у іх ёсьць нацыянальная польская віза, усё добра. Дзякуючы таму, што цяпер у Менску працуюць цудоўныя, вельмі добрыя консулы ў генэральным консульстве ў Менску».
Змрочныя твары людзей у чарзе каля польскага консульства ў Менску наводзяць на думку, што назва выставы «Лёсы нашых народаў» вельмі сымбалічная. У чарзе, якую я назіраю, стаяць людзі, у якіх консульства ўжо прыняло дакумэнты. Цяпер яны спрабуюць даведацца – аформілі ім візы, ці адмовілі, ці прыйдзецца пачакаць яшчэ. Мая суразмоўца – студэнтка. Каб патрапіць у чаргу, адпрасілася з заняткаў.
"Нязручна, калі ты зь іншага гораду. Як прыходзіць сюды колькі разоў запар у вызначаны час?"
Карэспандэнтка: «Але з першага разу Вам удалося здаць дакумэнты»?
Студэнтка: «Не, з другога. Калі прыехалі сюды ў 5 гадзін раніцы і занялі чаргу першымі. Але ўсё адно – тут жа сьпісы. Сьпісы нейкія незразумелыя. Але, прыехаўшы ў 5 гадзін, занялі чаргу і ўжо напралом»...
Начальнік консульскага аддзелу ў Менску сьведчыць, што консульства можа прымаць болей дакумэнтаў, чым у гэтым цяпер ёсьць патрэба.
«Няма ніякіх чэргаў. Нейкія, невядомыя нам асобы робяць гэтыя чаргі штучна, на маю думку. Чаму? Таму што сёньня магчымасьцяў консульства болей, чым жадаючых. Чэргі на тэрыторыі Беларусі – і мы не маем ніякага ўплыву на тое, што там адбываецца. Насамрэч – у консульства цалкам спакойна можна зайсьці, калі ўсе дакумэнты паводле новых правілаў у парадку, мы ўсіх вельмі добразычліва прымаем»...
Вадзіцелі-дальнабойшчыкі атрымалі польскую нацыянальную візу без асаблівых праблем:
«Раней я што – аддаў толькі пашпарт – і атрымаў. А цяпер яны ліквідавалі магчымасьць праз турфірмы гэта рабіць – толькі асабістая падача. І тут жа Шэнген ня робяць – паедзем у Варшаву, там праз галяндзкую амбасаду будзем рабіць шэнгенскую. Такое ўражаньне, што палякі самі не разумеюць, як ім цяпер і што рабіць... Як быццам чакаюць распараджэньняў зьверху»...
Міхаіл Аляксейчык лічыць, што з часам сытуацыя павернецца ў лепшы бок:
«Цяпер, калі зьмяніўся урад, можа быць, адбудзецца пэўнае пацяпленьне... магчыма, пачнуцца перамовы паміж нашымі консульскімі дэпартамэнтамі... Гэтага хоча і адзін, і другі бок».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG