Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чэргі ля польскай амбасады


Месяц таму, 21 сьнежня, у Шэнгенскую прастору ўвайшлі Польшча, Літва, Латвія, Эстонія, а таксама Чэхія, Вугоршчына, Славакія, Славенія і Мальта, - Шэнгенская зона пашырылася да межаў Беларусі. Ці зьмяніліся ў зьвязку з гэтым умовы атрыманьня нацыянальных і шэнгенскіх візаў для беларусаў?

Перад консульствам Польшчы ў Менску - чэргі. Людзі кажуць, што адстаялі некалькі дзён, каб толькі здаць дакумэнты ў консульства.

“Я атрымаў квіток на падачу дакумэнтаў яшчэ 28 сьнежня, але падаў іх толькі 8 студзеня. Ад пачатку працавала толькі адно акенца, яны прымалі па 10, 12, 15, чалавек на дзень. А ў мяне нумар чаргі быў – 101-ы”, - абураецца індывідуальны прадпрымальнік, які дагэтуль меў вялікі досьлед афармленьня як польскай, гэтак і шэнгенскіх візаў.

Няма ніякіх чэргаў. Чэргі ствараюць штучна, я ня ведаю, хто гэта робіць...
Супрацоўнікі консульскай службы амбасады Польшчы глядзяць на сытуацыю аптымістычна.

“Няма ніякіх чэргаў. Чэргі ствараюць штучна, я ня ведаю, хто гэта робіць. Але магчымасьці польскага кансуляту ў апрацоўцы дакумэнтаў на атрыманьне віз цяпер значна перабольшваюць попыт”, - адказаў на маё пытаньне начальнік консульскага аддзелу.

Мой суразмоўца ў чарзе каля польскага консульства стаўся сьведкам сытуацыі, якую называе абсурдам:

“Жанчына падавала дакумэнты, мела факсавае пацьверджаньне браніраваньня гатэлю. Ёй кажуць: факсавае паведамленьне мы за дакумэнт не прымаем, патрэбны арыгінал. Яна пытаецца: дык як я Вам арыгінал атрымаю, калі ў мяне яшчэ візы няма”?

Гатэль - у Варшаве. Бронь патрэбна - тут

З тым самым пытаньнем зьвяртаюся да супрацоўніка консульскай службы.

“Так, гэта цалкам слушнае патрабаваньне. Патрэбныя арыгіналы”.

Карэспандэнтка: “Але ж як атрымаць арыгінал брані, калі гатэль – там, а чалавек – тут”?

“Ну, гэта ўжо не праблема кансуляту. Неяк людзі знаходзяць, вырашаюць гэтае пытаньне. Поштай, ці як... Ёсьць варыянты. Але консул можа запатрабаваць любыя дакумэнты дадатковы, не тлумачачы, чаму менавіта іх патрабуе”...

Менавіта з гэткай сытуацыяй сутыкнулася яшчэ адна мая суразмоўца ў чарзе. Выглядае, кажа яна, што польскае консульства вельмі непакоіцца пра дабрабыт яе непаўнагадовай дачкі:

Я запыталася – якая лічба Вас задаволіць, каб Вы пусьцілі дзіця да бацькі?
“Мы прасілі нацыянальную польскую візу для дачкі, бо бацька працуе ў Варшаўскім унівэрсытэце. Мы падавалі дамову на працу, падпісаную рэктарам, з усялякімі магчымымі пячаткамі, але яе аказалася недастаткова, папрасілі пацьверджаньне таго, што бацька скарыстаўся гэтай прапановай аб працы – гэта старонка з пашпарту, завераная натарыяльна, дзе стаіць працоўная віза, сьведчаньне таго, што ён там працуе. Але і гэтага аказалася недастаткова, на гэты раз адправілі за выпіскай з банкаўскага рахунку. Пры тым, што ў умове аб працы напісана, што бацька – прафэсар, напісана, кім ён працуе, у пэўнай графе пазначаная лічба акладу. Але – выпіска з рахунку, таксама арыгінал, гэта ўсё прыйшлося перадаваць, шчасьце, што ўдалося. Я запыталася – якая лічба Вас задаволіць, каб Вы пусьцілі дзіця да бацькі? Параіўшыся, дзяўчына адказала, што 40 даляраў на дзень”...

Былі ў чарзе каля кансуляту і шчасьлівыя ўладальнікі нацыянальнай польскай візы, якія атрымалі яе без праблем.

“Я – супрацоўнік аднаго з польскіх СМІ, таму, дзякуй Богу, мы сустрэлі ў консульстве ўсе магчымыя рухі нам насустрач. Нацыянальная віза – без праблемаў. Але як толькі я падаў дакумэнты на Шэгенскую візу, тут пачалася паўза. І ўжо тыдзень я чакаю хоць нейкіх зрухаў – ці тое, яны высьвятляюць падрабязна, дзе я нарадзіўся і ўсё такое, ці што”...

Жадаеш ехаць у Шэнген - рыхтуй паперы

Збор дакумэнтаў на атрыманьне шэнгенскай візы патрабуе немалых высілкаў і часу. Даведка з працы з пацьверджаньнем працадаўцам адпачынку падацеля і гарантыяў захаваньня яго працоўнага месца пасьля вяртаньня; пацьверджаньне фінансавай і матэрыяльнай забясьпечанасьці: прыкладам, выпіскі з рахункаў, права ўласнасьці на нерухомасьць і гэтак далей.

Індывідуальным прадпрымальнікам трэба мець даведку пра даходы за апошнія паўгады і даведку аб адсутнасьці запазычанасьці падаткаў. Жанчыны, якія не працуюць, мусяць патлумачыць, зь якіх сродкаў яны існуюць: даведку з апошняга месца працы і копію працоўнай кніжкі мужа ці таго, хто возьме на сябе адказнасьць за плацежаздольнасьць жанчыны ў краінах Шэнгена, арыгінал ці копію пасьведчаньня пра шлюб. Для беспрацоўных грамадзянаў прадугледжаны ёсьць сьпіс дадатковых патрабаваньняў.

Генэральны консул Беларусі ў Беластоку Міхаіл Аляксейчык кажа, што пра “пакет дакумэнтаў” для польскіх грамадзянаў, якія хочуць паехаць у Беларусь, няма чаго казаць.

“Аднаразовую, двухразовую візы мы наагул робім без запрашэньня. Каштуюць яны 25, 35 эўра адпаведна. Калі шматразовая, то запрашэньне патрэбна. Нашы грамадзяне бяруць іх у АВІРы і дасылаюць сюды. Калі раней да 16-ці год бясплатныя візы былі, то цяпер толькі да 6-ці. А да 6 да 16 – 5 эўра. Стараемся так зрабіць, каб нашыя візы прыцягвалі грамадзянаў Польшчы. І беларусам нашым каб было лягчэй езьдзіць на радзіму”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG