Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алега Корбана судзілі 20 хвілінаў


У Маскоўскім судзе Менска сёньня судзілі актывіста Алега Корбана, які два дні таму прынёс сябрам у турму на Акрэсьціна харчовую перадачу.

Увесь дзень журналісты чакалі, калі Алега Корбана прывязуць у Маскоўскі суд. Нагадаю, актывіста затрымалі яшчэ апоўдні ў суботу, 19 студзеня. Журналісты не выключалі, што працэс перанясуць, улічваючы занятасьць міліцыянтаў мітынгам прадпрымальнікаў. Але ў канцы дня суд над Алегам Корбанам адбыўся — хапіла дваццаці хвілін. Актывіста пакаралі 10 суткамі адміністрацыйнага арышту за “нецэнзурную лаянку ў грамадзкім месцы”.

Гэтае месца — уваход у турму на Акрэсьціна. Алег Корбан прыйшоў да турмы 19 студзеня, каб перадаць харчы сябрам, якіх арыштавалі напярэдадні. Раптам падыйшлі міліцыянты Марціновіч і Барынаў і затрымалі студэнта Корбана. Чаму студэнт Алег Корбан пачаў лаяцца ў грамадзкім месцы, на судзе ён так і не патлумачыў. Судзьдзя Вольга Гусакова заўважыла: “Падтрымліваць сяброў у нас ніхто не забараняе. Але пры гэтым ня трэба парушаць закон”.

Сёньня мы бачым, як ілжэсьведкі пішуць хлусьлівыя пратаколы, судзьдзі выносяць заведама неправасудныя прысуды...
На працэсе судзьдзя Гусакова забараніла фотаздымкі і нават аўдыёзапіс. “У ізалятары вельмі холадна”, — пасьпеў перадаць Алег Корбан, якому пасьля прысуду канваіры не дазволілі кантактаваць з журналістамі.

Паводле праваабаронцы Юрыя Чавусава, “нецэнзурна лаяўся”, а таксама “размахваў рукамі і чапляўся да мінакоў” — застаюцца асноўнымі парушэньнямі, якія фігуруюць у пратаколах затрыманьня актывістаў апазыцыі напярэдадні масавых акцыяў пратэсту.

“У гэтым няма нічога сьмешнага. Усё горшае гэтак і пачынаецца. Сёньня мы бачым, як ілжэсьведкі пішуць хлусьлівыя пратаколы, судзьдзі выносяць заведама неправасудныя прысуды і асуджаюць людзей на зьняволеньне. А пракуратура гэта ўсё пакрывае. І калі сёньня гэта адбываецца ў адміністрацыйных справах, няма ніякай гарантыі, што тое самае не адбываецца і ў крымінальных справах”, — мяркуе праваабаронца Юры Чавусаў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG