Лінкі ўнівэрсальнага доступу

І.Забара: Сасноўскі назваў нас блохамі


Госьць "Начной Свабоды" – актор і рэжысэр з Кіева Ігар Забара. Гаворка аб культурнай пэрспэктыве Беларусі і аб тым, як беларусы рэалізуюцца ў замежжы.


Караткевіч: Вось песьню "Суседзі" з альбому "Крамбамбуля" палюбілі на Майдане ў часы Памаранчавай рэвалюцыі ва Ўкраіне. Што Вы цяпер можаце сказаць пра вынікі Памаранчавай рэвалюцыі?

Забара: (па-беларуску) Пытаньне складанае, і я лепш буду гаварыць па-ўкраінску...

Караткевіч: Але калі мы дамаўляліся на інтэрвію, вы абяцалі патлумачыць нашым слухачам, чаму вы ня будзеце гаварыць па-расейску або па-беларуску, а менавіта на ўкраінскай мове. Вы ж там усяго тры гады...

Забара: (па-беларуску) Не, я магу размаўляць на любой мове, але цяпер я працую ва Ўкраіне і таму мне лепш было б размаўляць па-ўкраінску. Добра?

Караткевіч: Давайце, гаварыце.

Забара: (па-ўкраінску). Вынікі Памаранчавай рэвалюцыі, на мой погляд, вельмі складаныя. Яны не такія, якіх мы чакалі. Мне здаецца, што народ чакаў больш выразных вынікаў. Але цяпер усё становіцца на свае месцы. Мне здаецца, што цяпер вынік выбару народу такі, які людзі чакалі і тады. І тыя мае таварышы і сябры, што тут жывуць і працуюць, вельмі задаволеныя тым, што адбываецца на Ўкраіне.

Караткевіч: Ігар, скажэце, што вы ўзялі ад беларускай культуры?

Забара: Беларускую культуру я адрозьніваю ад культуры Ўкраінскай. Бо корні ў мяне ўкраінскія, але ўсё маё сьвядомае і творчае жыцьцё я правёў у Беларусі. Таму ўсе мае дасягненьні (калі так можна казаць) зьвязаныя зь Беларусьсю. Гэта найперш Купалаўскі тэатар і трупа Купалаўскага тэатру. Я лічу, што гэта самы моцны тэатар і самы моцны калектыў. Мне вельмі шкада, што яго пакінуў Мікалай Пінігін і паехаў у Санкт-Пецярбург...

Караткевіч: Ігар, а вось скажэце, я асабіста вас бачыла на сцэне тэатру "Вольная сцэна" Валерыя Мазынскага. Чаму вы ня згадваеце гэты тэатар?

Забара: Я згадваю "Вольную сцэну", калі там быў Мазынскі, і мы працавалі зь ім. Пасьля таго, як ён сышоў (а, можа, і "яго сышлі" – хутчэй за ўсё, "яго сышлі") гэты тэатар – ужо ня “Вольная сцэна”, яго так нельга ўжо называць, бо ён перастаў быць вольным. Вы разумееце?

Караткевіч: Я разумею. Ведаеце, Ігар, цяпер у нас на сувязі ў Менску Валеры Мазынскі. Я думаю, ён мае што вам сказаць.

Забара: О-о!

Мазынскі: Добры вечар, даражэнькі.

Забара: Добры вечар. Я вельмі рады вас чуць.

М. Я хачу павіншаваць цябе вось такім віншаваньнем: "Як шчо в ночы прыйдэ тоўсты Вуйка і запхае тэбе в мэшок, не псыхуй, просто хтось попросыв у Сьвятога Мікалая тэбе під подушку".

Забара: Вой, дзякуй, дзякуй. Я таксама віншую вас са сьвятамі, дужа хачу вас пабачыць, абняць і выпіць з вамі чарку.

Мазынскі: Я думаю, мы гэта ў Кіеве зробім.

Забара: Прыяжджайце да мяне ў Кіеў!

Мазынскі: Я рады, што ты сабе знайшоў свой родны вольны край і хай табе там шчасьціць.

Караткевіч: Я б хацела пачуць думку маіх суразмоўцаў пра тое, чаму таленавітыя людзі зьяжджаюць зь Беларусі? Валеры Мазынскі, наколькі істотная ў гэтай справе такая катэгорыя, як свабода?

Мазынскі: Для мяне гэта самае галоўнае. Для некаторых гэта пусты гук, нейкае эфэмэрнае паняцьце, якое нельга рукой зачапіць. Можа, яно і сапраўды так, але для мяне гэта самае галоўнае. Я думаю, што тое самае і для Ігара...

Забара: Пра ўсіх я сказаць не магу...

Караткевіч: Скажэце пра сябе, таму мы вас і запрасілі.

Забара: У мяне былі спробы зрабіць свой тэатар і ў Беларусі, але не атрымалася. Тут ёсьць шмат акалічнасьцяў – і тое, што заціскалі, не давалі мне працаваць, і шмат усяго іншага было. І тут ня толькі я. На сёньня ва Ўкраіне працуе шмат маіх таварышаў, якія зьехалі зь Беларусі.

Караткевіч: Ігар, вы можаце назваць канкрэтныя імёны, якія могуць быць вядомыя нашай аўдыторыі?

Забара: Магу. Гэта, напрыклад, Сяргей Кузін, які быў на "Альфа-радыё". Цяпер ён тут вельмі пасьпяхова працуе на радыё. Ёсьць і іншыя, даволі шмат.

Караткевіч: Нядаўна розгалас атрымала такая падзея. На афішы Купалаўскага тэатру, які заўсёды быў беларускай візытоўкай, зьявілася: “Карла Гальдоні. "Слуга двух гаспадароў", пераклад з расейскай на беларускую Анатоля Бутэвіча”. Мы ведаем, што гэта былы міністар культуры. Як, на вашу думку, гэта характарызуе стан купалаўскага тэатру і стан беларускай культуры, калі на афішы пішуць "пераклад з расейскай"? Паводле ўзроставай субардынацыі, я дам слова спачатку Валерыю Мазынскаму?

Мазынскі: Першы нацыянальны тэатар павінен мець гонар і не паказваць усяму сьвету, што ў Беларусі няма перакладчыка зь італьянскай.

Забара: Гэта сьмешна, насамрэч сьмешна. Я вам раскажу іншую гісторыю. Некалі мы прыйшлі да міністра культуры Сасноўскага і прасілі нешта для нашага тэатру, ён нам сказаў: "Вы для мяне – вашывыя блохі". Я быў не адзін і ў мяне ёсьць сьведкі гэтага...

Мазынскі: Ігар, а я табе магу яшчэ лепш расказаць, што сказаў Сасноўскі, калі мяне здымаў з галоўных рэжысэраў. Ён сказаў: "Ну калі вы ня хочаце падпарадкоўвацца дзяржаве, тады вы арт..."

Забара: Га-га, гэта ў яго як абраза... Дык што тут казаць. Усё гэта ня так соладка, як здаецца.

Караткевіч: Ігар, вы цяпер здымаеце тэлесэрыялы па-расейску. Адзін зь іх "Анёл апякун". Ці дазваляе гэта справа зарабляць як сьлед?

Забара: Так, дазваляе.

Караткевіч: Пра што, на вашу думку. можна было б зьняць сэрыял у Беларусі? Каб ён быў камэрцыйна ўдалы

Забара: Я не сутыкаўся, шчыра кажучы, у Беларусі з цэнзурай. Калі мы бралі да пастаноўкі нейкія п'есы, то нам перашкодаў не чынілі. А які сэрыял? Ну які заўгодна, толькі каб ён не датычыўся палітыкі. Гэта пытаньне простае. Але як той сэрыял зьняць, калі там няма ні грошай. ні ўмоваў? Гэта праблематычна будзе.

Мазынскі: Я гэтага ня ведаю, бо для мяне жанр сэрыялу – праблематычны. Бо сэрыял робіцца для таго, каб робячы нешта на кухні, можна было паглядаць ў тэлевізар. Для мяне гэта несур'ёзнае мастацтва. Мне дастаткова паўтары гадзіны добра зробленага фільма, зь якім у душы я буду хадзіць некалькі тыдняў.

Караткевіч: Ігар, які ваш любімы сэрыял?

Забара: Мне гэта пытаньне нядаўна задавалі. Я адказаў шчыра. Я люблю два сэрыялы. "17 імгненьняў вясны" і "Месца сустрэчы зьмяніць нельга".

Караткевіч: На вашу думку, на чым трымаецца посьпех сэрыялаў – на акторы, на сюжэце, на працягласьці?

Забара: Сэрыялы нельга валіць у адну кучу. Яны бываюць вельмі розныя. Бываюць даволі якасныя, бываць кепскія. У той працы, што я цяпер раблю, мяне зацікавіў акторскі склад. Богдан Ступка – зорка нумар адзін. Ірына Купчанка, Руслана Пысанка... І таксама вельмі добры сцэнарны матэрыял, як хлопец з Масквы закахаўся у дзяўчыну зь Міргараду. Мне гэта вельмі падабаецца...

Караткевіч: Просьба да абодвух суразмоўцаў. Пажадайце чагосьці добрага нашым слухачам.

Мазынскі: Я б пажадаў яшчэ некалі прыдбаць такога актора, як Ігар Забара і бачыць яго на беларускай сцэне.

Забара: А я зраблю рэвэранс у бок Мазынскага. Я б хацеў яшчэ папрацаваць зь ім, спадзяюся, што ён зусім не зышоў з тэатру. А слухачам Беларусі хачу пажадаць, каб яны ўзьнялі галовы і паглядзелі наперад і ўверх.

Ігар Забара нарадзіўся 9 ліпеня 1962 году ў Палтаве. Зь дзяцінства захапляўся тэатрам. Ва Ўкраіне скончыў 8 клясаў. Потым з бацькамі пераехаў у Расеі. Працаваў у тэатрах Ніжняга Ноўгараду, Цюмені, Яраслаўля. Вучыўся ў Яраслаўскім тэатральным інстытуце. Паступіў у Дзяржаўны інстытут тэатральнага мастацтва ў Маскве, які пасьпяхова скончыў у 1985 годзе. У Менску яго заўважыў Вітаўтас Грыгалюнас, і Забара працаваў зь ім у сярэдзіне 90-х у Альтэрнатыўным тэатры. Пасьля працаваў у праекце "Малы тэатар", выступаючы на сцэне Купалаўскага тэатру.
XS
SM
MD
LG