Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гомель: суд вызваліў А.Рубчэню з-пад варты


Сёньня старшыня суду Савецкага раёну Гомеля Аляксандар Кострыкаў вызваліў з-пад варты актывіста прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Аляксандра Рубчэню. Разгляд адміністрацыйнай справы супраць яго перанесены на 28 студзеня, паколькі ў суд не зьявіліся сьведкі.

Спадар Рубчэня правёў за кратамі ў ізалятары часовага ўтрыманьня амаль трое сутак. Яго затрымалі супрацоўнікі міліцыі надвечар 18 студзеня ля парога дому.

Малады чалавек спартыўнага выгляду папрасіў у прадпрымальніка закурыць. Пакуль Аляксандар даставаў пачак цыгарэт, “просьбіт” схапіў яго за грудкі, стукнуў у твар кулаком і стаў крычаць: “Міліцыя!”

Міліцыянты былі побач, нібыта чакалі інцыдэнту.

“Я іх пазнаў. Гэта былі тыя супрацоўнікі міліцыі, якія ў сьнежні выступалі сьведкамі на судзе супраць прадпрымальніцы Ірыны Камінскай, калі яе аштрафавалі за перавозку ўлётак пра мітынг у сталіцы”, — сказаў Рубчэня.

У выніку ў аддзяленьні № 1 Савецкага райаддзелу міліцыі на актывіста прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” склалі пратакол – нібыта за дробнае хуліганства й нецэнзурную лаянку. Самога яго зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.

Сам прадпрымальнік лічыць, што яго ізалявалі на час правядзеньня сёньняшняй акцыі ў Менску.

“Яны мяне гэтым не зламалі, а толькі ўмацавалі. За свае правы трэба змагацца. І сёньня я душой з тымі, хто выйшаў у Менску на плошчу Незалежнасьці”, — заявіў Аляксандар Рубчэня.
XS
SM
MD
LG