Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьветлагорск: А.Зьмітровіч трымае галадоўку


У Сьветлагорску суд над старшынём каардынацыйнай рады індывідуальных прадпрымальнікаў Беларусі Анатолем Зьмітровічам перанесены на 16 гадзінаў. Судзьдзя Натальля Белайчук патлумачыла гэта тым, што для разгляду адміністрацыйнай справы нібыта няма вольнай залі.

У сваю чаргу сьветлагорскія актывісты лічаць, што перанос паседжаньня зьвязаны з масавай падтрымкай Анатоля Зьмітровіча калегамі. Каля будынку суду раніцай сабралася звыш паўсотні прадпрымальнікаў.

Адвакат Зьмітровіча Рыгор Навіцкі заяўляе, што будзе патрабаваць вызваленьня свайго падабароннага з-пад арышту.

Міліцыянты затрымалі Анатоля Зьмітровіча 18 студзеня ўвечары, склалі пратакол паводле артыкулу 23.34 Адміністрацыйнага кодэксу — нібыта за парушэньне парадку правядзеньня мітынгу прадпрымальнікаў, які адбыўся ў Менску 10 сьнежня 2007 году. Пасьля гэтага міліцыя адразу адправіла прадпрымальніка за краты.

На знак пратэсту Анатоль Зьмітровіч абвясьціў галадоўку.

Адвакат Навіцкі патлумачыў журналістам, што міліцыя не пазнаёміла, як належыць, арыштаванага прадпрымальніка зь ягонымі правамі й матэрыяламі адміністрацыйнай справы. Таму больш за 72 гадзіны ніхто ня мае права трымаць чалавека пад арыштам.

Сёньня Анатоль Зьмітровіч зьбіраўся ўдзельнічаць у мітынгу прадпрымальнікаў, які ладзіцца ў сталіцы.
XS
SM
MD
LG