Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Зьдзьвіжкоў меў права данесьці інфармацыю да народу”


Агляд тэлефанаваньняў за 21 студзеня, панядзелак

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашы меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

А пачнём перадачу з водгукаў на актуальныя падзеі і навіны:

Спадар Міхась, в. Карпілаўка: “Я вельмі абураны паводзінамі мусульманскіх вернікаў на чале з муфціем, а таксама судовых органаў, якія асудзілі Аляксандра Зьдзьвіжкова да трох гадоў зьняволеньня за тое, што ён быццам бы абразіў прарока Мухамада і гэтым распаліў рэлігійную нецярпімасьць. Хто мае права хаваць ад народу інфармацыю, якую абмяркоўваў увесь сьвет, калі нам кажуць, што ў нас ёсьць свабода слова і друку? Аляксандар Зьдзьвіжкоў меў права перадрукаваць і данесьці інфармацыю да народа”.

Спадарыня: “Паважаная “Свабода”, сутыкнуўшыся з нашай сыстэмай, я знайшла свой асабісты спосаб барацьбы – асабістыя прымаўкі. Мы даўно ўжо жывём у прававой дзяржаве. Што гэта азначае? Прававая дзяржава – гэта тая, якая заўсёды права. І крыху пра нашу судовую сыстэму. Для таго, каб стаць інжынэрам, трэба проста скончыць ВНУ. Для таго, каб стаць судзьдзёй, трэба яшчэ аглухнуць, асьлепнуць і звар’яцець. Прапаную адкрыць рубрыку асабістых прымавак. Дзякуй”.

Павел Давыдзенка: “Да пытаньня пра прадпрымальнікаў. Гэта не прадпрымальнікі, якія займаюцца купляй-продажам няякаснага тавару і зьнішчэньнем лясоў і фаўны, за што маюць вялікія грошы. Усё гэтае жульніцтва трэба закрыць. Няхай вырошчваюць зерневыя, гародніну і займаюцца жывёлагадоўляй. І гандлююць тым таварам, які вырасьцілі сваёй працай і рукамі”.

Спадарыня: “Добры вечар, “Свабода”! У Грузіі адбылася афіцыйная інаўгурацыя прэзыдэнта. Паважаны Міхаіл Саакашвілі, прыміце віншаваньні ад грамадзянкі Беларусі. Бачыла не ў кіно найпрыгажэйшую краіну Грузію, знаёмая з праблемамі Грузіі, якія яшчэ з савецкіх часоў. Вы патрыёт сваёй краіны. Цяжкасьці, памылкі вы з народам адолееце. Дапамажы Бог вашаму народу на шляху свабоды”.

Слухач Свабоды задае пытаньне:

Спадар: “Пытаньне. Ці ёсьць дзе-небудзь, акрамя Беларусі, такая татальная кантрактная сыстэма, калі ўсе, нават шараговыя працоўныя, павінны падпісваць кантракт на адзін-два гады і далей быць няпэўнымі наконт сваёй працы? Чаму не рыхтуецца ўсебеларускі рэфэрэндум пра скасаваньне такой кабальнай, ганебнай кантрактнай сыстэмы? Жадаю вам новых творчых і асабліва тэхнічных магутнасьцяў. Дзякуй за ўвагу”.

На пытаньне адказвае былы міністар працы, эканаміст Аляксандар Сасноў:

Сасноў:Кантрактная сыстэма існуе ў многіх краінах, і гэта нармальна, бо ў кантрактах павінны быць прадугледжаныя нейкія палажэньні, паводле якіх людзі будуць нешта там мець. І калі яны згодныя, яны ідуць на такія ўмовы. Але рэч у тым, што дзяржава амаль ня ўмешваецца ў гэты працэс. Гэта справа прафсаюзаў і наймальнікаў. У нас жа галоўным працадаўцам і тым, хто дыктуе для ўсіх гэтыя нормы, зьяўляецца дзяржава. Дзяржава, насуперак усім рашэньням Міжнароднай арганізацыі працы, занадта шчыльна кіруе”.

І на заканчэньне перадачы – развагі слухачоў наконт мэтазгоднасьці пабудовы ў Беларусі атамнай электрастанцыі:

Віктар: “Атамную электрастанцыю патрэбна будаваць абавязкова. І мы, беларусы, будзем вымушаны яе будаваць рана ці позна. З 1990 году мы маглі б яе даўно ўжо пабудаваць і карыстацца таннай электраэнэргіяй. Толькі ўзяць заходні варыянт, а не адсталы расейскі”.

Спадарыня: “Перад тым як будаваць АЭС, трэба абсьледаваць насельніцтва на прадмет назапашваньня радыенуклідаў у арганізьме кожнага чалавека, каб ведаць, якое здароўе ў нацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG