Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэпартаж з чаргі перад консульскім аддзелам амбасады Польшчы ў Менску.


Перад дзвюма акенцамі на выдачу пашпартоў чарга прыкладна з чалавек пяцідзесяці. Але амаль ніхто з тых, хто мае квіток на выдачу пашпарту, ня ўпэўнены, што атрымае візу. Консульства мае права адмовіць у візе без тлумачэньняў. Так было заўсёды, але пасьля ўвядзеньня Шэнгенскай візы атрымаць дазвол на ўезд у суседнюю краіну стала значна больш складана, распавялі мне ў чарзе.
Адзін з маіх суразмоўцаў – індывідуальны прадпрымальнік, ён займаецца грузаперавозкамі:
“Я атрымліваў раней Шэнгенскую візу, даўно займаюся бізнэсам, мы і "растаможвалі" тавары... І рахунак у банку ёсьць, і пацьверджаны банкам рух банкаўскі ёсьць, але нават у гэтай сытуацыі яны запатрабавалі ад нас кантракт... То бок, больш сур’ёзныя паперы... Мы не былі да гэтага гатовыя. Яны папросту ня ведалі мусіць ад пачатку, якія менавіта дакумэнты патрабаваць. І трымалі нас, і трымаюць у невядомасьці. І гэта неяк непрыгожа зь іх боку. Мы не маглі загадзя да гэтага быць гатовымі, а яны – мусілі ведаць загадзя і не мучыць нас тут”.
Карэспандэнтка: “І колькі часу ў Вас заняло атрыманьне”?
“Я першы раз атрымаў нумарок на падачу дакумэнтаў на 28 сьнежня мінулага году. Я быў 101 у чарзе. Тады прымалі па 15-17 чалавек у дзень. Працавала адно акенца. Падаў я дакумэнты першы раз толькі 8 сьнежня. Пасьля дазьбіраў дадатковыя паперы”.
Яшчэ больш за свае прыгоды майго суразмоўцу ўразілі патрабаваньні да ягонай суседкі па чарзе:
“У жанчыны было факсавае паведамленьне пра бронь гатэлю ў Польшчы. Супрацоўніца амбасады ёй сказала, што факс ім не падыходзіць, патрэбны арыгінал. Тая запыталася – як жа ж я Вам атрымаю арыгінал, калі я – тут, а гатэль – там? Ну, тая пытаецца, “Добра, ну хаця б квіткі на дарогу Вы маеце? Не, няма. Ну, кажуць ёй, дык хоць квіткі набудзьце. Прыходзіць яна на другі дзень ужо з квіткамі – а ёй кажуць – а нашто Вы набылі квіткі – Вам яшчэ, можа быць, яшчэ візу не дадуць”.
Два мужчыны адыходзяць ад акенца амбасады зь відавочна расчараваным выглядам. Адзін зь іх чакае адказу амбасады, каб паехаць у Польшчу за таварам. У яго – кантракт з польскай фірмай. Пакуль што яму не адмовілі,а проста паведамілі, што рашэньня пра дазвол на шэнгенскую візу пакуль не прынятае.
“4 студзеня падаў дакумэнты і дагэтуль не магу нічога атрымаць – ні “так”, ні “не”...
Карэспандэнтка: “А на што спасылаюцца”?
“На тэхнічныя нейкія неспадзяванкі... Я спачатку думаў нацыянальную рабіць, але ў амбасадзе сказалі, што па маіх дакумэнтах як быццам павінна быць шэнгенская. Што яны там правяраюць - ня ведаю, па базах нейкіх мяне прабіваюць, ці што”...
Другі мой суразмоўца – трэнэр дзіцячай каманды па скоках на лыжах з трампліну. Ён спрабуе атрымаць візу для сябе і сваіх выхаванцаў, каб паехаць на чэмпіянат сьвету сярод юніёраў. Канкурэнты нашай каманды рыхтуюцца да яго ў Закапаным з 14 студзеня, распавёў трэнэр. А калі будуць гатовыя візы для беларускіх спартсмэнаў, невядома.
“Нават міністэрства спорту і турызму спрабавала паспрыяць, прасіла ў амбасады, каб бясплатна візы на паездку на чэмпіянат паставіць. Але дзецям зрабілі аплату па 46 эўра. Нам як быццам абяцалі – маўляў, 11 будуць гатовыя. Але, мусіць, яны самі не чакалі, што так атрымаецца. Самі аказаліся негатовыя”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG