Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня а 12-й гадзіне індывідуальныя прадпрымальнікі праводзяць акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.


Адно з патрабаваньняў прадпрымальнікаў – адмена пункту 1.1 прэзыдэнцкага указу №760, які ад 1 студзеня забараніў наймаць на працу кагосьці, апроч блізкіх сваякоў. Актывіст прадпрымальніцкага руху Аляксандар Цацура з Салігорску сказаў:

“Тры асноўныя пытаньні – гэта спыніць перасьлед актывістаў прадпрымальніцкага руху і іншых, вызваліць палітзьняволеных. Другое, гэта адмена 760 указу. І трэцяе – гэта прыняць закон аб малым бізнэсе”.

Мінулая акцыя пратэсту адбылася 10 студзеня. Калі прадстаўнікі ўладаў ня выйшлі на плошчу да дэманстрантаў, тыя наладзілі шэсьце, а потым перакрылі рух транспарту па цэнтральным праспэкце Менску.

Аднак на саступкі прадпрымальнікам улады пакуль не пайшлі. Каля 40 актывістаў апазыцыі і прадпрымальніцкага руху арыштаваныя і знаходзяцца ў турме на вуліцы Акрэсьціна.

Таксама сёньня ў 10 і 11 гадзінаў шэраг актывістаў выкліканы ў міліцыю на допыт. Ці ўдасца ўладам такімі мэтадамі зьбіць хвалю пратэсту? Аляксандар Цацура сказаў:

“Я магу сказаць па Салігорску. Салігорцы, якія былі той раз, вельмі актыўна прыехалі, многа людзей было, і цяпер зьбіраюцца паехаць. І яшчэ больш прыедзе народу. Усе, хто езьдзіў, сказалі, што абавязкова паедуць. Абурэньня вельмі многа. Людзі засталіся бяз працы”.

Паводле прадпрымальніка з Рэчыцы Алега Шабетніка, на плошчу ў Менск людзі прыедуць з розных рэгіёнаў:

“Людзі вырашылі, што выйдуць, і, я думаю, што людзі выйдуць. Мы ж не арганізуем гэты мітынг. Яго народ арганізуе, якому няма дзе працаваць. І хутка ня будзе за што купіць паесьці, бо многія засталіся бяз працы”.

Паводле старшыні прадпрымальніцкага прафсаюзу “Разам” Ірыны Яскевіч, удзел у акцыі возьмуць і прадстаўнікі Віцебшчыны:

“Наша задача сказаць, што ў нас ёсьць два пытаньні. Першае, выпусьціць нашых актывістаў, якія сядзяць у турмах, якія былі нашымі прадстаўнікамі і спрабавалі зьвярнуць увагу на тое, што існаваньне малога бізнэсу пастаўлена пад пагрозу. Па другое, яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што вялікая частка людзей застаецца без працоўных месцаў. Усё астатняе мы можам абмяркоўваць, можам сядаць за стол перамоваў толькі з удзелам тых людзей, якія зараз знаходзяцца ў турмах”.

Cёньня ў Менску будуць судзіць сябра Маладога фронту і актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алега Корбана. Ён быў затрыманы ў мінулыя выходныя ля турмы на вуліцы Акрэсьціна, дзе разам з сябрамі хацеў перадаць перадачы арыштаваным. Яго зьвінавацілі ў тым, што ён нібыта нецэнзурна лаяўся. А ў Сьветлагорску будуць судзіць актывіста прадпрымальніцкага руху Уладзімера Зьмітровіча за ўдзел у мітынгу прадпрымальнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG