Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі настроеныя рашуча


21 студзеня прадпрымальнікі зьбіраюцца правесьці на Кастрычніцкай плошчы ў Менску чарговы несанкцыянаваны мітынг супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.


Інфармацыя пра акцыю пратэсту на Кастрычніцкай плошчы распаўсюджваецца ў інтэрнэце. Ад 10 студзеня, калі ўдзельнікі мітынгу прынялі рашэньне зноў выйсьці на плошчу 21 студзеня, падрыхтоўка да акцыі суправаджаецца ціскам з боку ўладаў. Арыштавана каля 40 актывістаў апазыцыі і прадпрымальніцкага руху. Сярод іх сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў, каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алесь Таўстыка, лідэр аб’яднаньня “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка, старшыня Аб’яднанай гармадзянскай партыі Анатоль Лябедзька і іншыя.

Аднак мітынг 21 студзеня ў Менску адбудзецца. Пра гэта заявіў радыё Свабода намесьнік старшыні кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей:

“Усе маюць намер ісьці на плошчу. Партыйныя структуры, грамадзкія аб’яднаньні гатовыя падтрымаць. І “чарнобыльцы”, і “аўганцы”. Усё гэта заўтра мы ўбачым на плошчы. Намер людзей выйсьці на плошчу стаў яшчэ большым. Ніякія рэпрэсіі, арышты, зьдзекі не мяняюць думкі людзей. Цяпер паступаюць зьвесткі з рынкаў, людзі гатовыя і настроены вельмі радыкальна. Моладзевыя арганізацыі рыхтуюць расьцяжкі. З буйных выставак, рынкаў людзі тэлефануюць і гатовыя выходзіць. Людзі маюць намер прыяжджаць з раёнаў і абласьцей. Заўтра ўсё ўбачым самі”.

Шэраг актывістаў дэмакратычнай апазыцыі, сярод іх намесьнік старшыні АГП Ігар Шынкарык, намесьнікі старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч і Алесь Міхалевіч, атрымалі позвы на допыт у сьледчую ўправу менскай міліцыі. Паводле сябра праваабаронцы Ўладзімера Лабковіча, на допыт выкліканы нават студэнты, якія ня ўдзельнічалі ў акцыі 10 студзеня:

“Па нашых зьвестках гэта ля 10 чалавек, усе выклікаюцца ў адзін час. І ўсіх выклікаюць у якасьці сьведак па артыкулу крымінальнага кодэксу – групавыя дзеяньні грамадзянаў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак. Гэта можна разглядаць як спробу ізаляваць дэмакратычных лідэраў ад іх падтрымкі акцыі прадпрымальнікаў. А з другога боку, гэта спроба палітычнага ціску. Нельга быць упэўненым, што асобы, якія пойдуць на гэты допыт, змогуць адтуль выйсьці. Як гэта было са спадаром Макаевым. Ці будуць яны прыцягнуты да адказнасьці нібыта за тое, што яны нецэнзурна лаяліся па фальшаваных пратаколах, якія ў нас цяпер сталі практыкай”.

Выклікаюць на допыт у мясцовую міліцыю і некаторых актывістаў прадпрымальніцкага руху. Сярод іх Леў Марголін з Барысава:

“Усё гэта старая песьня. Яны ўсё яшчэ спадзяюцца, што калі ня будзе ніякіх лідэраў, нават патэнцыйных лідэраў, то прадпрымальнікі адразу супакояцца. Але для прадпрымальнікаў гэта пытаньне жыцьця і сьмерці. Яны могуць супакоіцца толькі на могілках”.

Спадар Марголін мяркуе, што акцыя 21 студзеня будзе больш масавай. Намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч сказаў:

“Упэўнены, што акцыя будзе ня менш шматлюднай, чым папярэдняя. У любым выпадку. Бо сярод прадпрымальнікаў напружаньне яшчэ больш расьце. Падатковая інспэкцыя і іншыя кантрольныя органы паводзяць сябе вельмі па-хамску і гэта выклікае адпаведную рэакцыю сярод звычайных прадпрымальнікаў”.

XS
SM
MD
LG