Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" - 18 студзеня


Агляд беларускага сеціва.


Былога намесьніка галоўнага рэдактара газэты "Згода" Аляксандра Здвіжкова суд прыгаварыў да трох гадоў абмежаваньня свабоды ў калёні ўзмоцненага рэжыму за публікацыю карыкатур на прарока Мухамэда.

Гэтая навіна камэнтуецца наведнікамі парталу tut.by:

Al-07: “Тыя, хто за савецкім часам вучыў народ бязбожжу, прапаведваў атэізм, працуючы палітрукамі, прапагандыстамі ў таварыстве "Веды", дырэктарамі саўгасаў і калгасаў, сёньня зрабіліся абаронцамі ўсіх вернікаў. Ды сваю бязбожную, злачынную ўладу яны абараняюць, спрабуючы працягнуць дні гэтага бязмежжа".

jamai24 : “Ну так, тры гады, безумоўна, зашмат, але цікава, а калі б на Ісуса Хрыста зрабілі карыкатуру, ці ўсхадзілася б хрысьціянская грамадзкасьць той жа апазыцыі? Цалкам натуральна шанаваць чужыя перакананьні, у тым ліку й вераспавяданьне".

Rad: “Гэта ўсё пры тым, што мусульманская абшчына прэтэнзіі зьняла і са зьдзіўленьнем даведалася, што газэту зачынілі. Але нашай адважнай дзяржаве мала паставіць на калені, яна любіць яшчэ і жорстка забіць".

stand: “Зрабілі якраз усё па-азіяцку. Таму што ў Эўропе нікога не пасадзілі. І нават газэты не пазачынялі, нягледзячы на пратэсты мясцовых мусульман. А ў нас пратэстаў не было, але чалавека на 3 гады пасадзілі, і газэту зачынілі".

Сайт "Белорусский партизан" паведаміў, што сёньня быў вызвалены прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч, зь якім здолелі зьвязацца падчас ягонага вяртаньня ў Менск. Мікалай вельмі зьдзівіўся свайму вызваленьню, паколькі за ім яшчэ лічыцца непагашаны судовы зыск. Мікалай перадае прывітаньне і словы ўдзячнасьці ўсім, хто дасылаў яму лісты падтрымкі, хто выходзіў на акцыі зь ягонымі патрэтамі.

У камэнтарах да гэтай навіны на сайце газэты “Наша Ніва” zhelezko напісаў: “Хаця б на волі зараз дзядзька. А таксоўкі гэта нажыўное..." Несьцерка на сайце Хартыі'97 адзначыў: “Віншую спадара з вызваленьнем! Гэта тыповая боязь рэжыму. Спадзяюся, гэта "ядзерная рэакцыя маральнага распаду рэжыму" дакаціцца да поўнай дэмакратызацыі ў Беларусі».

На сайце Хартыі'97 наведнікі камэнтуюць інфармацыю пра зьбіцьцё міліцыянтамі ў у судзе Цэнтральнага раёну Менску затрыманых моладзевых актывістаў.

Жора: “Ды яны апупелі зусім, гэтыя эсэсаўцы! Ён жа (маецца на ўвазе моладзевы актывіст Зьміцер Хведарук) толькі са шпіталю выйшаў пасьля сатрасеньня мозгу!»

Trofim13: “Нешта ў мяне такое нядобрае адчуваньне, што яшчэ крыху і будзе ўведзены камэнданцкі час і ваенны стан...»

Вася: “Калі яны ўвядуць ваенны стан, пачнецца грамадзянская вайна, таму што так далей нельга! Пры ваенным стане ў дыктатара будуць разьвязаныя рукі, і тады наогул невядома, што далей будзе. Давядзецца ў ячэйкі арганізоўвацца і супраціў ладзіць. Толькі дзе зброю браць будзем?»

У гасьцёўні сайту «Тузін гітоў» музыка Сяргей Скрыпнічэнка выступіў з наступнай ініцыятывай: «Зараз мы зьяўляемся сьведкамі шызы, зьвязанай з праектам odnoklassniki.ru. І мне раптам падумалася, што з часу першага ментаўскога разгону 25 сакавіка 1996 году мінула амаль дванаццаць год. На Акрэсьціна-Валадарцы перасядзела безліч народу. Некалькі пакаленьняў, можна сказаць. Карацей, на Беларусі можна сьмела запускаць інтэрнэт-праект "вязьні.бай": хто, калі, зь кім у камэры і колькі сядзеў».

Блогерка sla_da ў суполцы Жывога журналу minsk_by выступіла зь наступнай ініцыятывай: «Давайце падтрымаем намаганьні нашай слаўнай міліцыі зрабіць Менск самым культурным горадам сьвету! Калі пабачыце на вуліцы чалавека, які лаецца, выклікайце міліцыю або шукайце патруль - хай забіраюць. А як адмовяцца, пытайцеся на прозьвішчы. Дастала ўжо трываць, што самых інтэлігентных людзей краіны забіраюць за лаянку, у той час як усялякае быдла спакойна гуляе па вуліцах ды прашпэктах, пераўтварыўшы "самы чысты горад" у прыбіральню».

У гасьцёўні сайту Менсктрансу нехта veta адзначыла: “Прашу прыбраць інфармацыю, якая гучыць у грамадзкім транспарце (апрача аб'яўленьня прыпынкаў). Жахліва дзейнічае, асабліва старая аб набыцьці льготнага праязднога на 1 дэкаду сьнежня і г.д... Для многіх гэты дзень зрабіўся "чорным панядзелкам"».

На сайце газэты “Рэспубліка” respublika.info праводзіцца апытаньне на тэму “Які клімат пануе ў вашей квартире?» Адказы разьмеркаваліся наступным чынам: “Усё нармальна, пакаёвая тэмпэратура» - 22%; «Халаднавата, але жыць можна» - 17%; «Зуб на зуб не трапляе» - 54%; «Топяць аж занадта, сапраўдная сьпёка» - 6%”.
XS
SM
MD
LG