Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Казакі ўзнагародзілі кіраўніка віцебскай міліцыі


Начальніка Віцебскай абласной управы МУС Леаніда Фармагея Ўсебеларускае аб'яднаньне казацтва ўзнагародзіла ордэнам Сталіна.


Паводле віцебскага атамана Васіля Раманенкі, палкоўнік міліцыі ўганараваны “за бездакорную службу ў праваахоўных органах, асабісты ўнёсак у ахову правапарадку і з нагоды 70-годзьдзя ўтварэньня Віцебскай вобласьці”.

Леанід Фармагей быў прызначаны на пасаду кіраўніка віцебскай міліцыі ў леташнім сакавіку. Раней ён працаваў у Менску начальнікам управы грамадзкай бясьпекі і міліцыі спэцыяльнага прызначэньня МУС.

За час працы ў Віцебску адной з апэрацыяў узнагароджанага ордэнам Сталіна палкоўніка Фармагея стаў разгон бардаўскага фэсту “Аршанская бітва-2007”. На загад Фармагея ў апэрацыі былі задзейнічаныя міліцэйскія структуры трох раёнаў вобласьці.

Ордэн Сталіна не зьяўляецца дзяржаўным, хаця пры канцы 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў СССР былі спробы распрацаваць канцэпцыю такой афіцыйнай узнагароды. Ад гэтай ідэі адмовіліся, бо яе нібыта не ўхваліў сам Сталін. Але пазьней вэтэранскія ды іншыя арганізацыі ажыцьцявілі колішнюю прапанову, і цяпер ордэн Сталіна зьяўляецца так званай “грамадзкай узнагародаю”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG