Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“А пьюць воложынскіе беларусы больш ды больш...”


Чарговая перадача сэрыі "Цытаты мінулага". На што зьвярнула ўвагу беларуская прэса мінулага 18 студзеня розных гадоў.


“Наша Ніва” ў 1908 годзе паведамляе зь мястэчка Валожын: “Ў в.Пешкуры ўжо німа хлеба, ядуць бульбу, дый яе мала. Заработкі слабые, па дварох за малацьбу плацяць 15 к. ў дзень. А пьюць воложынскіе беларусы больш ды больш, пьюць ня толькі манапольку, але і “саматужку” і “лякероўку”. Пьюць мужыкі, пьюць “інтэлігэнты”. Вось які глухі, цёмны і несчастны наш кут!”

“Беларуская вёска” ў 1928 годзе пад загалоўкам “Што мы вывозім за мяжу” піша: “Вывезена-ж лекавых траў, грыбоў, пушніны, скур у першым квартале больш, чым было разлічана па пляну... Дзяржгандаль зьвярнуў асаблівую ўвагу на вываз за межы бульбы, капусты сьвежай і квашанай, арэхаў, цыбулі, мёду, рыбы, сыру, сена, канюшыны, цімафейкі, вугалю з дрэва, крухмалу, якія да гэтага зусім ня вывозіліся за межы. Пасланы ўзоры земляных фарбаў, кахлі, кварцавага пяску, вяровак, капытоў, рагоў. Вываз гэтай сыравіны пачнецца ў другім квартале”.

“Культура” на гэтым тыдні 1998 году інфармуе: “Рок-гурт “Палац” выношвае яшчэ больш глабальную мару: стварыць у Мінску Міжнародны фестываль “Калядныя песні”, які на мове міжнацыянальных зносін гучыць “Крыстмас сонгз”... І тое, што наша краіна з’яўляецца своеасаблівым скрыжаваннем культурных, рэлігійных і эканамічных стасункаў, а Мінск, дарэчы, не мае свайго яркага каларытнага песеннага свята, гаворыць “За!” правядзенне падобнага форуму”.

XS
SM
MD
LG