Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 19 студзеня 2008 году


У панядзелак дробныя прадпрымальнікі, незадаволеныя шэрагам абмежаваньняў, уведзеных уладамі датычна іхнага бізнэсу, зноў зьбіраюцца выйсьці з пратэстам у цэнтар Менску. Падчас мінулай акцыі 10 студзеня шмат каго з удзельнікаў мітынгу і шэсьця затрымалі і пакаралі арыштам.

На тэму прадпрымальніцкіх пратэстаў выказваюцца ў сваіх лістах на Свабоду нашы слухачы.

Вось што піша наконт гэтага Аляксандра Навумава зь Менску:

Прадпрымальнікі — ня тыя людзі, якім трэба спачуваць. Ведаю некаторых зь іх. Будуюць багатыя асабнякі, купляюць кватэры, мяняюць кожны год шыкоўныя машыны — добрыя на яшчэ лепшыя… Адпачываюць за мяжой: летам — на Мальдывах, зімой — у Альпах. Ня веру, што ў іх адбіраюць апошні кавалак хлеба. Яны бяз працы ніколі не застануцца. У многіх зь іх бацькі альбо іншыя сваякі — чыноўнікі з сувязямі і з грашыма.

Прыціснуць гэтых спэкулянтаў — можа, хоць цэны крыху зьнізяцца”,
— лічыць Аляксандра Навумава зь Менску.

Цэны зьніжаюцца тады, спадарыня Навумава, калі шмат тавараў і шмат прадаўцоў, якія гэтымі таварамі гандлююць. Адзін з асноўных законаў рынку: чым вышэйшая канкурэнцыя, тым ніжэйшая цана. Калі пазачыняюцца шапікі і скароціцца колькасьць прыватных гандляроў на рынках — канкурэнцыя аслабне, і спадзявацца на зьніжэньне коштаў тады ніяк не выпадае.

Што да ўзроўню дабрабыту прыватных прадпрымальнікаў, то ён вельмі розны. Большасьць дробных гандляроў, якія самі стаяць за прылаўкам і на ўласных плячах цягаюць цюкі з таварам, у раскошы зусім не купаюцца.

Са словамі падтрымкі да прыватных прадпрымальнікаў зьвяртаецца наш слухач Ігар Дзямідчык з Салігорску. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

Вы прымусіце лічыцца з сабой толькі тады, калі не спалохаецеся, не зламаецеся. Вас хочуць запалохаць: вунь колькі людзей кінулі ў турму. Разьлік на ваш страх, на тое, што ня выйдзеце на вуліцу. Тады яны вас па адным задушаць і ногі вытруць. А будзеце цьвёрдыя да канца — улада адступіць. Яна сама больш за ўсё баіцца масавых пратэстаў. Бо абараняць яе ніхто на вуліцу ня выйдзе. І яна пра гэта добра ведае”.

Аўтар наступнага ліста — Павал Ялец зь вёскі Губерня Драгічынскага раёну — распавёў у сваім лісьце гісторыю, у якую трапляюць многія беларускія школьнікі, якія добра вучацца. Слухач піша:

“Мая дачка Аляксандра, якой 12 год, заняла першае месца на раённых спаборніцтвах па беларускай мове сярод вучняў шостых клясаў. У якасьці прыза яе ўзнагародзілі паездкай у нацыянальны дзіцячы лягер “Зубраня”. Але аказалася, што за ўзнагароду я павінен заплаціць каля трохсот тысяч рублёў (кошт пуцёўкі плюс праезд).

Назіраю па тэлевізары, як прэзыдэнт праводзіць хакейны турнір з запрашэньнем аматараў з усяго сьвету. Для іх дарагія гатэлі, прыёмы, экскурсіі — усё бясплатна. Гэта — для замежнікаў. Чаму ж мая дачка — маленькая грамадзянка Беларусі, якая перамагла на алімпіядзе па роднай мове, павінна плаціць за сваю заслужаную ўзнагароду? Дзе справядлівасьць?” —
напісаў у лісьце на Свабоду Павал Ялец зь вёскі Губерня Драгічынскага раёну.

У аналягічнай сытуацыі апынаюцца многія школьнікі, якім прапануюць заплаціць за сваю ўзнагароду. Чыноўнікі Міністэрства адукацыі пры гэтым спасылаюцца на фінансавыя праблемы ведамства: дзяржава, маўляў, здольная аплаціць толькі частку пуцёўкі — рэшту павінны ўзяць на сябе бацькі.

Але трыста тысяч рублёў для многіх беларускіх сем’яў (асабліва ў рэгіёнах) — вялізная сума, непад’ёмная для сямейных бюджэтаў. Ці варта дзівіцца, што такая ўзнагарода падаецца ім падазронай, нагадвае махлярства вулічных “лахатроншчыкаў”?

Успамінаю сваё дзяцінства. Мяне неаднойчы ўзнагароджвалі пуцёўкамі ў дзіцячы лягер “Зубраня”. Тады бацькі не плацілі за ўзнагароды сваіх дзяцей ні капейкі.

Жыхары многіх беларускіх вёсак і мястэчак часта сутыкаюцца з праблемай беспрацоўя. Вырашаюць яе па-рознаму. Адны едуць на заробкі за мяжу, пераважна на расейскія будоўлі; іншыя спрабуюць знайсьці працу ў Менску, дабіраючыся туды штодня за дзясяткі кілямэтраў.

Пра ўласны досьвед такой працы распавяла нам у сваім лісьце Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну. Яна піша:

“Пасьля доўгіх пошукаў знайшла працу ў Менску, у адной кавярні ў Калядзічах. Працаваць даводзілася шмат, а дабірацца мне ад маёй вёскі — ажно 100 кілямэтраў. Разьлічвала на добры заробак, але працадаўцы аказаліся ашуканцамі. Урэшце звольнілі мяне і не заплацілі ажно за два месяцы — а гэта агулам 280 даляраў. Вельмі крыўдна за такую несправядлівасьць, непрыемна, што сутыкнулася з махлярамі, якіх наўкол — процьма. Але здавацца я не зьбіраюся. Паспрабую паскардзіцца ў Адміністрацыю прэзыдэнта і ў Падатковы камітэт.

Усё больш пераконваюся, што так званы “беларускі эканамічны цуд” — гэта ашуканства, канцлягер для сумленных людзей. Спрабуеш дамагацца справядлівасьці — дык затыкаюць рот, б’юць і плакаць не даюць. Часам здаецца, што гэты жах ніколі ня скончыцца. Але за свае правы я ўсё ж буду змагацца
”, —

— напісала ў лісьце на Свабоду Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну.

Посьпеху вам у гэтым змаганьні, спадарыня Валянціна. Праўда, вырашыць спрэчку з працадаўцам наконт нявыплачаных заробкаў чыноўнікі ды падатковыя інспэктары наўрад ці дапамогуць. Хутчэй за ўсё, давядзецца зьвяртацца ў суд.

Сытуацыя, калі несумленны працадаўца ашуквае гастарбайтэраў, затрымліваючы альбо ўвогуле ня плацячы заробкі, вельмі распаўсюджаная ў Расеі. Шмат хто зь беларусаў, якія езьдзілі на заробкі на расейскія будоўлі, пацярпеў ад гэтага. Там махляры карыстаюцца тым, што замежныя грамадзяне, якія працуюць галоўным чынам нелегальна, не адважваюцца зьвяртацца са скаргамі ў міліцыю. Ваш, спадарыня Сакаловіч, выпадак — іншы. Легальна працуючы ва ўласнай дзяржаве, вы маеце ўсе правы на тое, каб з вамі сумленна разьлічваліся за зробленае.

Наступны ліст — ад Віктара Ерамеевіча зь Менску. Слухач піша пра сваё стаўленьне да Радыё Свабода ды іншых мэдыяў.

“Дзяржаўныя СМІ не чытаю і ня слухаю. Зьневажае і раздражняе ня толькі зьмест са сталінскай ідэалягічнай начынкай, настальгія па СССР, але і намаганьні вядучых, выступоўцаў вымаўляць шыпячыя гукі мякчэй за жыхароў якой-небудзь Тамбоўскай губэрні.

У дні, калі немагчыма настроіць прымач на вашу хвалю (а такое здараецца), адчуваю духоўны голад і боязь застацца бязь сьвежай інфармацыі.

Вы не ўяўляеце, якую асалоду адчуваеш, калі пачуеш роднае свабоднае слова, знаёмыя вашы галасы…І нягледзячы на ўсе перашкоды ўлады (этнацыд, моўную дыскрымінацыю), здабываеш упэўненасьць у неўміручасьці беларускай мовы і нашага народа
”.

У сваім лісьце Віктар Ерамеевіч таксама выказвае шэраг прапановаў і заўваг адносна зьместу некаторых праграмаў Свабоды і наракае на цяжкадаступнасьць кніг, якія выдаюцца ў Бібліятэцы Свабоды. Яшчэ адна цытата зь ліста:

Ведаю, што кніг ужо выдадзена багата. І мне вельмі хацелася б стаць ня толькі вашым слухачом, але і чытачом. Аднак так складаліся абставіны, што я ні разу ня меў магчымасьці прысутнічаць на прэзэнтацыях новых кніг Свабоды. Мяне вельмі цікавіць апошняе выданьне вашай бібліятэкі — кніга Ўладзімера Арлова “Імёны Свабоды”. Ці не плянуеце яшчэ раз прэзэнтаваць яе? Так хочацца набыць гэтую кнігу”, —

— напісаў у сваім лісьце Віктар Ерамеевіч зь Менску.

Новых прэзэнтацыяў мы не плянуем, але вам, спадар Ерамеевіч, як даўняму сябру Свабоды і аўтару цікавых лістоў, мы дашлем кнігу “Імёны Свабоды” поштай — як падарунак.

На заканчэньне ліст ад нашага даўняга сябра настаўніка-пэнсіянэра Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сугакі Ваўкавыскага раёну. Алесь Іванавіч пільна сочыць за ўсімі палітычнымі падзеямі ў Беларусі, актыўна рэагуе на іх, у тым ліку сваімі вершаванымі творамі. Блізка да сэрца ён прыняў лёс зьняволенага апазыцыйнага лідэра прафэсара Аляксандра Казуліна, які ў турме ўжо амаль два гады. Алесь Ляскоўскі даслаў на Свабоду верш, у якім ёсьць такія радкі:

“Незайздросны лёс тае краіны,
Ад Закону дзе — адны руіны.
Там для прыхамаці кесара
Катуюць нават і прафэсара
”.

Дзякуй, Алесь Іванавіч, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG