Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларус Пятро Бярдоўскі – “самы скандальны мастак году”


Звыклая карціна -- Пітэр Бярдоўскі пад паліцэйскай вартай

Звыклая карціна -- Пітэр Бярдоўскі пад паліцэйскай вартай

28– гадовы бостанскі беларус Пятро Бярдоўскі, больш вядомы ў амэрыканскіх мастацкіх колах як Зэблер, названы шэрагам выданьняў ЗША “самым скандальным мастаком году”.


Колішні навучэнец гарадзенскай школы N 10 апынуўся ў ЗША ў 1996 годзе па праграме міжнародных абменаў. Тут ён папрасіў палітычнага прытулку. Адукацыю атрымаў у коледжы мастацтваў у Масачусэтсе.

Паводле бостанскіх крытыкаў, мастацкі напрамак Бярдоўскага – адна з формаў відэа–арту, “настолькі новая, што яе нельга назваць адным словам”. Раней амэрыканскія выданьні шмат пісалі пра арыгінальныя пэрформансы Бярдоўскага ў Вашынгтоне, Чыкага, на Алясцы і ў Музэі мастацтва Бэрклі ў Каліфорніі.

Апошнім часам Бярдоўскі трапіў у поле амэрыканскіх СМІ зусім зь іншай нагоды. Летась ён і ягоны калега – амэрыканец Шон Стывэнс – былі абвінавачаныя ў “стварэньні з дапамагай сваёй творчасьці атмасфэры страху сярод усяго бостанскага насельніцтва”. Абодва мастакі былі вызваленыя з залі суду пад заклад у 2,5 тысячы даляраў.

Адрозна ад свайго калегі Шона Стывэнса, які рэзка спыніў усе кантакты з прэсай, Пётр Бярдоўскі ніколькі не саромеецца. Ён ахвотна і з падрабязнасьцямі расказвае пра леташні скандал. Усё пачалося з таго, што разам са Стывэнсам яны па дамове з маркетынгавай кампаніяй Turner Broadcasting усталявалі ў Бостане сьветавыя табло і пры дапамозе ліхтарыкаў стварылі на іх вядомыя вобразы аднаго папулярнага анімацыйнага сэрыялу для дарослых. Гэта былі: шклянка з кока–колай, мясны кавалачак, іншыя стравы фаст-фуду. Калі ў сэрыяле гэтыя героі не саромеліся гаварыць непрыстойныя жарты, то ў рэкляме яны дэманстравалі непрыстойныя жэсты пальцам.

Неўзабаве правады і кабелі ля табло насьцярожылі паліцыю. Адначасна ў ФБР трапіла інфармацыя пра магчымы тэракт. На месцы, дзе па вечарах зьяўляліся героі “мультыкаў”, прыбылі брыгады сапёраў. Бярдоўскага і Стывэнса арыштавалі. Іх абвінавачвалі ў нагнятаньні панікі сярод гарадзкога насельніцтва. Аднак потым пракуратура прызнала, што выйграць гэтую справу наўрад ці магчыма.

Сваім цяперашнім званьнем “Самы скандальны чалавек году” Пётр Бярдоўскі вельмі ганарыцца. У размове з прэсай, “патлаты і эпатажны” Бярдоўскі, рэагуе на ўсё з прысутным яму “надзвычайным пачуцьцём гумару”. Друкаваным мэдыям ён прапануе набыць тыя фрэскі, якія ён з Шонам Стывенсам зрабіў на будынку шпіталю ў часе папраўчых грамадзкіх працаў. Гэта мастацтва ён называе мастацтвам апошняй генэрацыі, “своеасаблівым пюрэ з уласнага мастацтва і твораў іншых”.

У часе прэсавых канфэрэнцыяў, Бярдоўскі можа перавесьці абсалютна ўсе пытаньні журналістаў ў адно рэчышча:

“Бярдоўскі: “Вы ведаеце, гэта вельмі добрае пытаньне… Аднак пра што мы, сапраўды, хацелі б пагаварыць і што, магчыма, вельмі важна для многіх людзей – гэта пра стыль прычосак 1970–х гадоў. Вы пытаецеся, як я сябе адчуваю? Асабіста я вельмі добра адчуваю, калі ў мяне такая цудоўныя валасы”.

У размове з Associated Press, якая адбылася літаральна днямі, Бярдоўскі, у прыватнасьці, сказаў:

“Я разглядаю увагу СМІ як падставу для майго посьпеху ў якасьці ў мастака. Для мяне важная кожная магчымасьць зьявіцца на публіцы”.

Нядаўняя экспазыцыя Пятра Бярдоўскага ў музэі ў Бэрклі выклікала надзвычайны інтарэс сярод знаўцаў і аматараў лічбавага мастацтва. Як кажа куратар выставы Рычард Рынэгарт, “ каля 500 чалавек прыйшлі ў музэй адмыслова на пэрформанс Бярдоўскага, і ўсе яны былі ўражаныя ягонай творчасьцю.”

Паводле Рынэгарта, ён арганізаваў выставу не з–за “дурной славы” мастака, а па рэкамэндацыі сваіх калегаў.

“Аднак, – дадае Рынэгарт, – палітычны скандал такога кшталту добра спрацоўвае ў Бэрклі.”
XS
SM
MD
LG