Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. эфір 16 студзеня


У Менску і іншых гарадах адбываюцца затрыманьні лідэраў арганізацый прыватных прадпрымальнікаў. Чым тлумачацца такія дзеяньні ўладаў? Ці могуць гэтыя рэпрэсіі прадухіліць мітынг 21 студзеня? Чаму ўлады вылучылі вэрсію, што мінулым разам у Менску пратэставалі не прадпрымальнікі, а апазыцыянэры?

Удзельнікі: актывіст прадпрымальніцкага руху Леў Марголін з Барысава і галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Салідарнасьць” Аляксандар Старыкевіч зь Менску.

Прэвэнтыўныя затрыманьні

Валер Карбалевіч: “Ужо відавочна, што затрыманьні лідэраў прадпрымальніцкага руху пасьля акцыі пратэсту прыватных прадпрымальнікаў (ПП) 10 студзеня носяць характар сплянаванай кампаніі. Атрымалі па 15 сутак арышту спадары Шумчанка, Макаеў, Таўстыка, Парсюкевіч у Віцебску і іншыя. Пачалася ліквідацыя арганізацыі “Пэрспэктыва”. Што стаіць за гэтымі рэпрэсіўнымі дзеяньнямі ўладаў?”

Леў Марголін: “За гэтымі дзеяньнямі стаіць банальны страх. Улады пераканаліся, што пратэсты прадпрымальнікаў — гэта не пустыя пагрозы. Але яны лічаць, што гэтыя акцыі сталі вынікам падбухторваньня з боку апазыцыйных партыяў, лідэраў. Таму калі гэтых лідэраў арыштаваць, то пратэсты ПП зьнікнуць. Ідзе запалохваньне прадпрымальнікаў на рынках.

Але праблема ў тым, што пратэст ПП носіць больш стыхійны характар, чым арганізаваны. Таму думаю, што 21 студзеня мітынг на Кастрычніцкай плошчы адбудзецца і ён будзе больш масавы, чым 10 студзеня.

Аляксандар Старыкевіч: “Калі б улада пакінула падзеі 10 студзеня без пакараньня, то гэта было б сыгналам для ўсіх ПП і іншых людзей, што можна пратэставаць. І гэта паступова магло б прывесьці да выбуху. Таму ўлады імкнуцца задушыць пратэст. То бок дзейнічаюць звыклым мэтадам”.

Ці могуць гэтыя рэпрэсіі прадухіліць мітынг 21 студзеня?

Карбалевіч: “Акцыя 10 студзеня атрымалася даволі гучнай, мела пэўны рэзананс. І сапраўды, гэтыя арышты лідэраў прадпрымальніцкага руху павінны прадухіліць мітынг 21 студзеня. Ці атрымаецца гэта? Ці ўдасца запалохаць прадпрымальнікаў? На акцыю 10 студзеня выйшла каля 3 тысяч чалавек з 64 тысяч прыватных прадпрымальнікаў, якіх непасрэдна закрануў указ № 760. Дык можа цяпер, калі рэпрэсіі ўзмацніліся, ахвотных пратэставаць стане яшчэ менш?”

Марголін: “Думаю, прадухіліць гэтую акцыю ўладам ня ўдасца. Але на яе могуць паўплываць іншыя чыньнікі. Праблема ў тым, што ўказ № 760 закрануў больш ня менскіх ПП, а прадпрымальнікаў з правінцыі. Таму што ў Менску можна знайсьці працу, а ў рэгіёнах зрабіць гэта цяжка.

Вось, напрыклад, учора я сустрэў знаёмага, які працуе ў Барысаве на заводзе “Автогидроусилитель”. Гэта адно зь лепшых прадпрыемстваў Барысава. Ён працуе на станку, у яго 25 гадоў стажу. Яго заробак — 600 тысяч “гразнымі” ў месяц. Вось такі заробак будуць атрымліваць ПП, калі ліквідуюць іх бізнэс.

Іншая справа, што ўлады могуць перакрыць праспэкт, плошчу і не дапусьціць мітынг 21 студзеня, але яны ня могуць палітычна зьнішчыць увесь рух супраціву”.

Старыкевіч: “У гэтых пратэстах шмат стыхійнасьці, а стыхію цяжка прагназаваць. Відавочна, што гэтыя запалохваньні будуць мець пэўны ўплыў.

Праблема яшчэ ў тым, што змаганьне ПП адбываецца несыстэмна, ад выпадку да выпадку. Але я не выключаю сюрпрызаў з боку прадпрымальнікаў”.

Марголін: “Улады імкнуцца звузіць сацыяльную базу супраціву”

Карбалевіч: “Пасьля акцыі 10 студзеня ўлады вылучылі вэрсію, што мінулым разам у Менску пратэставалі не прадпрымальнікі, а апазыцыянэры. Чым гэта патлумачыць?”

Марголін: “Улады імкнуцца звузіць сацыяльную базу супраціву. Уладам выгодная вэрсія, што гэта была апазыцыйная акцыя. У горшым выпадку — нібыта ва ўсім вінаватыя лідэры прадпрымальніцкага руху, а не шараговыя ПП. Бо сам факт, што парушаюцца правы нейкіх сацыяльных слаёў, непрыемны ўладам, бо супярэчыць іхняй прапагандзе.

Але гэтая вэрсія ўладаў ня будзе мець плёну. Бо ў асяродзьдзі ПП інфармацыя распаўсюджваецца хутчэй, чым з дапамогай тэлевізіі”.

Старыкевіч: “Найперш улада супакойвае гэтай вэрсіяй саму сябе. Па-другое, яна імкнецца пераканаць у гэтым ПП, даводзіць ім, што апазыцыя выкарыстоўвае іх у сваіх мэтах. Калі б гэта сапраўды былі “пераапранутыя” апазыцыянэры, то ўлады дзейнічалі б супраць іх больш жорстка” .

Узмацненьне рэпрэсіяў супраць усіх апанэнтаў рэжыму

Карбалевіч: “Магчыма, мы назіраем ня проста сытуацыйную рэакцыю ў дачыненьні да лідэраў прадпрымальніцкага руху, але агульны трэнд узмацненьня рэпрэсіяў супраць усіх апанэнтаў дзейнага рэжыму. Можна ўзгадаць жорсткі прысуд Артуру Фінькевічу, жорсткае зьбіцьцё ўдзельнікаў вулічных акцый, намер ліквідаваць Партыю камуністаў Беларускую, перасьлед журналістаў тэлеканалу “Белсат” і іншыя. Вы згодныя з гэтым меркаваньнем?”

Марголін: “Так. І гэта зьвязана з пагаршэньнем сытуацыі ў эканоміцы. Улады лічаць, што пратэсты будуць нарастаць, таму робяць прэвэнтыўныя захады. Думаю, гэтая тэндэнцыя працягнецца ўвесь год”.

Старыкевіч: “Цягам мінулага году было шмат размоваў пра эвалюцыю рэжыму ў бок лібэралізацыі. Нельга сказаць, што яны былі зусім беспадстаўныя. Падчас энэргетычнага канфлікту з Расеяй афіцыйны Менск імкнуўся наладзіць адносіны з Захадам ці, хутчэй, імітаваў гэта.

Цяпер сытуацыя зьмянілася. Ад Расеі атрыманыя чарговыя прэфэрэнцыі. Таму гэтая гульня скончылася, рэпрэсіі ўзнавіліся і ўзмацніліся. Паводле сваёй мэнтальнасьці гэтая ўлада наўрад ці зьменіцца”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG