Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: суд аднавіў Жалезьнічэнку ва ўнівэрсытэце


Абвешчанае ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля рашэньне судзьдзі Віктара Казачка пра аднаўленьне ва ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны моладзевага грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнкі заля сустрэла воплескамі.


“Мне прыемна, што, магчыма, я стану першым сярод адлічаных за грамадзкую дзейнасьць студэнтаў, якіх адновяць у навучальных установах. Столькі парушэньняў, колькі было ў маёй справе, я ніколі ня бачыў. Праўдападобна, дзяржаўная машына ня вытрымала, нейкія шасьцяронкі зламаліся”, — сказаў Жалезьнічэнка.

Адвакат студэнта Пётр Барысаў лічыць, што ў справе нарэшце ўзялі верх закон і здаровы розум.

Фармальна моладзевага грамадзкага актывіста адміністрацыя ўнiвэрсытэту адлічыла ў верасьні мінулага году нібыта за сыстэматычнае парушэньне ўнівэрсытэцкіх правілаў унутранага распарадку.

У верасьні ва ўстанову паступіў ліст з падатковай інспэкцыі пра накладзены на Жалезьнічэнку гаспадарчым судом штраф нібыта за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць. Насамрэч — за ўдзел у арганізацыі канцэрту беларускамоўных бардаў.

Раней Зьмітра Жалезьнічэнку затрымлівалі за правядзеньне розных моладзевых імпрэзаў.

Унівэрсытэцкая адміністрацыя, улічыўшы вынесеныя ў 2006 годзе студэнту заўвагу за прапушчаныя два дзясяткі гадзін і вымову за тое, што ён адмовіўся пісаць тлумачэньне, імкнулася ўсё гэта разам выдаць за “сыстэматычнае парушэньне Правілаў унутранага працоўнага распарадку ўнівэрсытэту”.

Выдатнік Жалезьнічэнка вывучыў існуючыя ўнутраныя правілы ўнівэрсытэту і, пасьля кансультацыі з адвакатам, назваў 9 пунктаў дзейнага заканадаўства, парушаных падчас ягонага адлічэньня.

Ужо новы начальнік юрыдычнага аддзелу ўнівэрсытэту Валерый Недаступ падчас апошняга судовага разбору публічна дзякаваў Зьмітру Жалезьнічэнку за тое, што яго заўвагі дапамаглі прывесьці ўнівэрсытэцкія правілы ўнутранага распарадку ў адпаведнасьць з заканадаўствам.

Праваабаронца, дацэнт унівэрсытэту імя Францішка Скарыны Віктар Адзіночанка, які назіраў за судовым разборам скаргаў студэнта ў Цэнтральным і абласным судах, кажа: “Адлічэньне Жалезьнічэнкі неабгрунтаванае. Яно не абумоўлена інтарэсамі ўнівэрсытэту і, я думаю, рабілася не з ініцыятывы ўнівэрсытэту. Аднаўленьне будзе ў рэчышчы нармальнай працы ўнівэрсытэту. Жалезьнічэнка быў выдатным студэнтам і, я ўпэўнены, будзе такім і надалей. Усе гэтыя гульні з адлічэньнем ніякага дачыненьня да ўнівэрсытэту ня маюць”.

Калі цягам дзесяці дзён унівэрсытэт не накіруе ў абласны суд касацыйную скаргу, рэктар навучальнай установы Аляксандар Рагачоў абавязаны будзе скасаваць свой загад на адлічэньне з трэцяга курсу матэматычнага факультэту студэнта-выдатніка Жалезьнічэнкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG