Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Цяпер армія маленькая, і ўсім не хапае ў ёй месца”


У Беларусі пачалася адпраўка навабранцаў ва ўзброеныя сілы ды іншыя вайсковыя фармаваньні. Плянуецца прызваць каля дзесяці тысяч чалавек. 9 лютага яны прымуць прысягу. Як ставяцца да салдацкай службы у Горадні?


Спадарыня: “Мой сын калі паступіў у вышэйшую навучальную установу, вымушаны быў прадставіць у ваенкамат даведку што ён паступіў, і тады ад яго адчапіліся”.

Карэспандэнт: “А сам ён хоча ў армію?”

Спадарыня: “Не, ён ня хоча. Гэта бессэнсоўная справа, так лічыць мой сын, ня ведаю, за ўсю моладзь не адказваю”.

Карэспандэнт: “А вы самі б хацелі, каб ваш сын у арміі служыў?”

Спадарыян: “Не, не хацела б”.

Карэспандэнт: “Чаму?”

Спадарыня: “Бескарысная трата часу, жыцьця маладога, творчага часу, ён можа нечаму навучыцца, штосьці зрабіць. Ёсьць такія хлопцы, якія хочуць – хай яны ідуць у армію. Але мне здаецца – гэта страта часу”.

Малады спадар: “Кантрактнай трэба яе рабіць, а такая, якая яна сёньня, армія не патрэбна. Калі бяруць хлопцаў, іх трэба вучыць ваяваць, а не прыбіраць тэрыторыю. Армія ёсьць армія, а так гэта піянэрлягер і ўсё”.

Карэспандэнт: “Вы самі хацелі б трапіць служыць ці не?”

Студэнт: “Пакуль што не, не гатовы, хачу павучыцца. Некаторыя ідуць у армію, таму што пасьля службы на работу лягчэй уладкавацца. Гледзячы куды трапіш, у мяне многія сябры — хто як кажуць. Ёсьць месцы, дзе нармальныя адносіны, а ёсьць, дзе нядобра ставяцца”.

Другі студэнт: “Я чуў пра конкурс у армію, але ня думаю, што так насамрэч, возьмуць любога”.

Ягоны сябра: “Хто бегае, ходзіць, усіх бяруць, конкурсу няма. Нават бывалі выпадкі: у мяне сябры мелі нейкія хваробы, прыходзілі у ваенкамат, ім пісалі: “Здаровы, прыдатны”,– і толькі камісія выяўляла хваробы. А былі такія, што хваробы выяўлялі толькі праз паўгоду службы”.

Начальнік аддзяленьня прызыву гарадзенскага аб’яднанага ваенкамату Аляксандар Венсковіч ад размовы рэзка адмовіўся. Мы вымушаны былі зьвярнуцца да іншага афіцэра. Ці праўда, што сёньня, як можна прачытаць у афіцыйных выданьнях, столькі ахвотных служыць, што ня ўсіх бяруць, і трэба прайсьці конкурс?

Спадар: “Усім немагчыма служыць: цяпер армія маленькая, і ўсім не хапае ў ёй месца, вось і ўсё. Больш строгі кантроль за здароўем цяпер: калі яму не належыць – ідзі дахаты, і да цябе няма пытаньняў. А вось гэта, што на службу бяруць “па конкурсу”— гэта хутчэй проста выраз, літаратурны прыём”.

Праўда, па-ранейшаму застаюцца тыя, хто хаваецца ад прызыву, але такіх цяпер уносяць у базу дадзеных, яны робяцца невыязнымі, і за гэта нават існуе крымінальная адказнасьць, патлумачыў наш суразмоўца.
XS
SM
MD
LG