Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прычынай трагедыі магло стаць няведаньне мовы


Грамадзкасьць аднаго з усходніх раёнаў Бэрліну заклікала гарадзкія ўлады ўшанаваць памяць ахвяраў авіякатастрофы 1986 году. Тады, у часе пасадкі самалёта Ту–134 савецкай авіякампаніі Аэрафлёт, які выконваў рэйс Менск – Бэрлін, загінулі каля 70 пасажыраў і ўсе сябры экіпажу.


На сёньня гэта трагедыя, пра якую 21 год таму адным радком паведаміў тагачасны савецкі друк, некалькімі радкамі – выданьні тагачаснай ГДР, аднак вельмі дэталёва пісалі заходненямецкія СМІ, абрасла самымі рознымі чуткамі. У чуткі па–ранейшаму працягваюць верыць некаторыя сваякі ахвяраў.

Прыкладна траціну пасажыраў складалі школьнікі з усходненямецкага гораду Швэрын. На працягу навучальнага году 15–17-гадовыя падлеткі спаборнічалі за ганаровае права паехаць у Менск. У выніку адабралі лепшых. Кіраўніком вучнёўскай групы быў таксама лепшы – настаўнік Горст Вурм.

“Ніхто не хацеў гаварыць нам праўды”

Усе гэтыя гады ў доме Вурмаў захоўваецца прыгожая паштоўка зь відам беларускай сталіцы. "Дарагая Рут, – зьвяртаецца да сваёй жонкі Горст Вурм. – Шчырае прывітаньне зь Менску. Мы ўчора былі ў цырку, а таксама зрабілі экскурсію па горадзе... Наш палёт быў цудоўны!”

Гэтая паштоўка трапіла да Рут Вурм празь некалькі тыдняў пасьля трагедыі. У гэты ж час падобныя паштоўкі ад сваіх пахаваных ужо дзяцей атрымалі каля 20 швэрынскіх сем’яў. У лепшых нямецкіх традыцыях слаць дадому лісты зь месцаў падарожжаў. У часы існаваньня сацыялістычнай цэнзуры міжнародная пошта з БССР у братнюю ГДР ішла, самае хуткае, два –тры тыдні.

“Узгадваць падзеі 21-гадовай даўніны і дагэтуль вельмі балюча, – кажа фраў Вурм. – Мы перажылі ня толькі страту самых дарагіх нам людзей, але адчулі вялікую маральную крыўду. Ніхто не хацеў гаварыць нам праўды”.

У Швэрыне пра катастрофу даведаліся праз заходненямецкія радыёстанцыі. Перапалоханыя бацькі, якія рыхтаваліся да сустрэчы зь дзецьмі, пачалі званіць у паліцыю. У адказ чулі рэзкія словы кшталту: “Як вы можаце давяраць варожай прапагандзе!” Потым да сваякоў ахвяраў былі адмыслова прыстаўленыя супрацоўнікі штазі – спэцслужбы ГДР. Яны папярэджвалі няшчасных людзей “ня сеяць паніку”, а таксама “палявалі” на тых, хто зашмат гаварыў пра трагедыю. У афіцыйную вэрсію катастрофы – дрэннае надвор’е – ніхто ня верыў, тым больш, што дрэннага надвор’я ў той дзень не было. Паводле паведамленьняў заходненямецкай прэсы, аварыя здарылася з–за таго, што камандзір беларускага экіпажа ня ведаў ангельскай мовы, а таму ў часе пасадкі не зразумеў словаў дыспэтчара.

“Да гэтага часу пра прычыны аварыі ходзяць розныя чуткі...”

Пасьля нямецкага аб’яднаньня здарылася шмат іншых падзеяў. Тэма авіякатастрофы 1986 г. перастала быць тэмай публічных абмеркаваньняў.

Ня так даўно бэрлінскія палітыкі Вольфганг Кнак, Штэфан Фёрстэр і Фрыц Нідэргэзэс, якія былі сьведкамі тых падзеяў, выступілі зь ініцыятывай ушанаваць памяць ахвяраў трагедыі. Яны лічаць, што мэмарыяльны знак ды дакладная інфармацыя пра катастрофу стануць своеасаблівым пакаяньнем грамадзтва як перад ахвярамі, так і перад іх блізкімі

“Калі падыходзіць да гэтага прынцыпова, то ў Нямеччыне пакуль так і ня створана ніякага мэмарыяльнага знаку ў напамін аб трагедыі 20-гадовай даўніны – ні ля аэрапорту, ні на месцы катастрофы.Таксама няма ніякай шыльды на будынку швэрынскай школы, – кажа Штэфан Фёрстэр. – Да гэтага часу пра прычыны аварыі ходзяць самыя розныя чуткі. Зразумела, гэта ня можа задавальняць. На бліжэйшым нашым мясцовым парлямэнцкім паседжаньні мы будзем усяляк падтрымліваць прапанову аб будаўніцтве на месцы трагедыі мэмарыяльнага помніку.”

“Мы дзейнічалі ў адпаведнасьці з тагачасным заканадаўствам...”

Што да прадстаўнікоў беларускай грамадзянскай авіяцыі, то яны рашуча абвяргаюць існуючыя домыслы. Адзін з тых, хто адсочваў здарэньне, сказаў на ўмовах ананімнасьці:

“Усё, што адбылося пад Шэнэфэльдам, адбылося зусім ня так. Там было дзьве паласы. На той паласе, на якую садзіўся самалёт, быў рамонт, аднак дыспэтчар не сказаў пра гэта дакладна.Таксама гэты рамонт ня быў ніяк пазначаны. Гэта быў той момант, калі зямля, як кажуць, дзейнічала адмоўна”.

Паводле прадстаўніка прэсавай службы Белавія, здарэньне вывучалася вельмі грунтоўна.

“Мы дзейнічалі ў адпаведнасьці з тым заканадаўствам, якое існавала на той час. Самі разумееце, пры Савецкай ўладзе, каб не палохаць насельніцтва, усё мела значна меншы рэзананс, чым цяпер. Тым больш, што гэта адбылося не на нашай тэрыторыі...”

Паводле суразмоўцаў Свабоды, камандзір беларускага экіпажу 53-гадовы Анатоль Багалюбаў меў рэпутацыю вельмі дасьведчанага пілёта. Магчыма, ён і не валодаў ангельскай мовай. Аднак у кожным міжнародным экіпажы мусіў быць іншы пілёт ці штурман, які б выдатна размаўляў па–ангельску. Як падаюць са спасылкай на вынікі камісіі па расьсьледаваньні катастрофы нямецкія СМІ, ні ў крыві Багалюбава, ні ў крыві іншых пілётаў не было знойдзена алькаголю, стан машыны Ту–134 кваліфікаваўся як добры.

Матэрыялы расьсьледаваньня знаходзяцца ў архівах Бэрліну і Масквы
XS
SM
MD
LG