Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Крываль: “Да Гааскага трыбуналу шлях доўгі”


Belarus - Viktar Kryval, trader from Uzda, activist of traders' movement, portrait, 14Jan2007

Belarus - Viktar Kryval, trader from Uzda, activist of traders' movement, portrait, 14Jan2007

Грамадзкі рэдактар Свабоды на гэтым тыдні – прадпрымальнік Віктар Крываль.


Уліцёнак: “Што ўяўляе сабой прадпрымальніцкі асяродак Узьдзеншчыны?”

Крываль: “Некаторы час нас было больш за трыста чалавек. Зараз, канечне, намнога менш. Аднак калі казаць пра адносіны насельніцтва, то як дзесяць гадоў пляскалі ў ладкі выслоўю пра “вашывых блох”, дык цяпер нас разумеюць: так, уладальнікі крамаў ды палатак найперш маюць на ўвазе выгаду для сябе, але пры гэтым аказваюць патрэбныя паслугі менавіта насельніцтву, прычым не чакаюць стварэньня нейкіх рафінаваных умоваў…”

Уліцёнак: “А як ставяцца людзі да таго, што падчас гучных падзеяў у Менску хлопец з Узды аказаўся ў эпіцэнтры падзеяў, лідэрам, пра яго загаварыла Беларусь?”

Крываль: “Перад мітынгам мы разьвітваліся, і калі пасьля таго яны пабачылі, каго садзяць, то не паверылі, што гэты чалавек у стане пераступіць мяжу закону. Таму адчуваю вялікую салідарнасьць”.

Уліцёнак: “А ці ёсьць яна з боку калегаў, узьдзенскіх прадпрымальнікаў, якія не паехалі мітынгаваць у сталіцу?”

Крываль: “Дарэчы, 10 студзеня яны былі ў Менску. І не адзін ці двое. І ня толькі прадпрымальнікі, але й найманыя працаўнікі”.

Уліцёнак: “Адпаведна, па выхадзе з турмы вы адчулі іхнюю маральную падтрымку?”

Крываль: “Безумоўна. Больш за тое: яны склаліся і трошкі дапамаглі матэрыяльна”.

Уліцёнак: “Ну, а стасункі з уладамі як складваюцца?”

Крываль: “Чыноўнікі зараз у падвешаным стане, яны занепакоеныя сытуацыяй. Нейкіх выпадаў мы не адчуваем: вэртыкаль прытаілася і нечага чакае. І ў падатковай інспэкцыі, і ў санэпідстанцыі, і ў райвыканкаме ў вачох работнікаў я таксама бачу салідарнасьць”.

Уліцёнак: “А ці вераць ў вашым горадзе, што вы можаце дамагчыся свайго?”

Крываль: “Меркаваньні ў людзей падзяляюцца.

Але, як кажуць, каб дайсьці да Гааскага трыбуналу, трэба прайсьці ўсе інстанцыі. Вось мы й прайшлі сваё. І зараз стала вядома: трэба непасрэдна зьвяртацца да гаранта Канстытуцыі. Ён указы падпісвае, і ён можа іх адпісаць”.

Пасьля заканчэньня горацкай сельгасакадэміі Віктар Крываль доўгі час працаваў зааінжынэрам у Ўзьдзенскім раёне. Пасьля двух звальненьняў з працы за грамадзкую актыўнасьць заняўся ўласным бізнэсам – адкрыў у райцэнтры “Мясную лаўку”, якая хутка стала там адной з самых папулярных крамаў. За арганізацыю мітынгу прадпрымальнікаў у цэнтры Менску 10 сьнежня Віктара Крываля пасадзілі на 15 сутак, а 10 студзеня перашкодзілі дабрацца да Менску на чарговую акцыю пратэсту.
XS
SM
MD
LG