Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Падарожжы “Свабоды”. Эфір 15 студзеня.


Апошнім разам быў у Коханаве, што на Талачыншчыне, такімі ж зімовымі днямі тры гады таму. Пасёлак не сьвяткаваў — страйкаваў, бо работнікаў ДОЦа, як тут называюць мясцовы дрэваапрацоўчы цэх, меліся звальняць. Кіраўніцтва ў сувязі са зьменай статуту прадпрыемства паабяцала працаўладкаваць усіх па-новаму і... гэтага не зрабіла. Даведзеныя да адчаю рабочыя паабяцалі сустрэць Новы год у Менску, на прыступках адміністрацыі прэзыдэнта. Коханаўскія прадпрымальнікі запісалі тагачасную перадачу “РС” і цэлы дзень круцілі яе на кірмашы, як запраўскі музычны гіт. Неўзабаве патрабаваньні страйкоўцаў былі-ткі часткова задаволеныя. Гэтымі днямі ў Коханава зноў жа паклікаў сыгнал SOS. Прычым яшчэ нядаўна сытуацыя была экстрэмальнай. Пра гэта мне зь першых крокаў паведаміў галоўны коханаўскі апазыцыянэр Мікалай Петрушэнка.


Петрушэнка: “Коханава трымае марку рэвалюцыйнага гарадка. Калі тады, тры гады таму, была толькі пагроза аблогі палацу Лукашэнкі, дык зараз гучыць заклік перакрыць чыгунку Берасьце — Масква — супраць улады мясцовай...”

На пачатку 90-х гадоў мінулага стагодзьдзя на беразе тутэйшай рэчкі Сакалянкі ўзьнік на плошчы 33 га каапэратыў. Землі, падзеленыя на 560 участкаў, перадаў коханаўцам ва ўладаньне мясцовы калгас. Аднак раённы землеўпарадчык у дакумэнтах памылкова пазначыў памеры кожнага зь лецішчаў, запісаўшы замест амаль 10 сотак крыху больш за 5. Тым ня менш шмат гадоў людзі будаваліся, гадавалі жывёлу, садзілі сады і спраўна плацілі арэнду паводле факту, а не паводле папераў. Аж пакуль сёлета, бліжэй да восені, памылка раптам не ўсплыла. Дачнікі, якія нічога не падазравалі, былі аб’яўленыя “захопнікамі”. Усе наступныя падзеі яны лічаць для сябе трагічнымі, бо сталі ахвярамі начальніцкіх амбіцыяў. Расказваюць сябры каапэратыву “Сакалянка”, пэнсіянэркі, спадарыні Галіна Стрэж, Ларыса Купелявец, Сьвятлана Нарчук ды Тамара Процкая.

Процкая: “Мы сталі “захопнікамі” з-за памылкі старшыні пассавета — Чачоткінай Марыі Ўладзіміраўны, землеўпарадчыкаў, архітэктурнага аддзела і выканкама на чале з Марэйкам Аляксандрам Васільевічам. Яны павінны адказваць...”

Нарчук: “Я зьвярнулася да начальніка землеўпарадкавальнай службы Ігнатовіч, калі можна яшчэ было выправіць памылку. Яна сказала: калі выправіць, значыць, хтосьці мусіць ахвяраваць сваёй пасадай, а на гэта ніхто ня пойдзе. І да 18 чалавек, што вакол лясоў, прымянілі “санкцыі”. Мы заплацілі штраф па 310 тысяч. З Талачына падагналі транспарт, два міліцыянты было, начальнікі. І параскідалі гумны, дзьве хаты...”


Процкая: “Мне, Процкай, 60 год. Трымаем дзьве казы, курэй, сабаку. Прасілі Марэйку, каб пакінулі гумно да вясны, запоўненае сенам і зернем. Ніхто не зьвярнуў увагі. Зрабілі ў нас разваліны, Чачэнію нумар два...”

Купелявец: “Калі яны зносілі, я сказала ім — вы хочаце пахаваць свае памылкі, і найхутчэй. А што зь людзьмі рабілі — як фашысты! У мяне лецішча закідана цэглай, дошкамі. Ідзеш і плачаш...”

Стрэж: “А хто мужу майму верне здароўе?! У Кушляўца Федзі дом рылі, а ён ляжаў у бальніцы пад кропельніцай. Калі нас зьнесьлі, прыйшоў стары з суседняй вёскі і плакаў — гэта што, 30-я гады?! У нас жа ўсё бур’яном зарасло — каму гэта трэба? Яны нам і прапанавалі — ідзіце ў вёску, у месцы, зарослыя бур’яном. Але хіба мы ў тым узросьце, каб з нуля пачынаць?! 310 тысяч нам далі штрафу за захоп зямлі, а лясгас выставіў ад 3 да 17 мільёнаў...”

Неабходнае тлумачэньне. Дачныя паселішчы “Сакалянкі” перамяжоўваюцца з шэрагам лесапалос, якія фармальна належаць Талачынскаму лясгасу. Апошні дагэтуль ня вызначыўся зь іх межамі, што дае падставы для, па сутнасьці, неабгрунтаваных прэтэнзіяў ды спэкуляцыяў. Так лічаць мае суразмоўніцы.

Спадарыні: “Мы ня маем гарантыі, што з намі ня ўчыняць яшчэ горшага... На наступны дзень, як мяне зьнесьлі, падышла да іх — у мяне сад пашыраецца! Межы, сказалі, рабіце за свой кошт — выклікайце гіпраземслужбу...”

Тым часам канфлікт пачаў выходзіць па-за межы, так бы мовіць, цывілізаванага поля.

Спадарыні: “Пайшлі на крайнія меры — хацелі перакрыць чыгунку Масква — Берасьце. Я пазваніла ў прэзыдэнцкую камісію. Я моцна плакала. Мне сказалі — супакойцеся, што яны там, з колаў зьехалі? На другі дзень старшыня пассавету Чачоткіна пазваніла, што нам адмяняюцца тыя мільёны штрафу... Я не разумею ўладу, Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, калі трэба было стаць прэзыдэнтам, шмат што абяцаў. А цяпер з народам вядуць сябе вельмі жорстка — фашысты гэтага б не зрабілі... У нас вынішчэньне нацыі ідзе ў поўным сэнсе слова. Гэтая сотка будзе пуставаць. Але яны пераступілі, выцерлі ногі аб нас, утапталі ў бруд. І каб Марэйка не адчуваў глебы, так бы не зрабіў. А было сказана: ня зробіць так з намі, сам паляціць з пасады! Ён застаўся на пасадзе, а мы страцілі сваё здароўе...”


Інтэрвію, што я ўзяў напярэдадні эфіру ў кіраўніка Талачынскай вэртыкалі Аляксандра Марэйкі. Паводле ягоных словаў, нібыта нічога і не было.

Марэйка: “У нас канфлікту не было. Людзі захапілі зямлю, іх абавязалі вярнуць. Адзінае — лясгас уваліў штраф, не падумаўшы — за кожны лішні мэтр зямлі адна базавая велічыня, паводле ляснога кодэксу. Шкадуючы людзей, прыйшлося зрабіць захады, каб іх не каралі. Парадак наведзены, і ўсе тут справы...”

* * *

У параўнальна невялікім 7-тысячным Коханаве насельніцтва вельмі пярэстае. Пра гэта яшчэ тры гады таму сказаў мне беспрацоўны інжынэр Юры.

Юры: “У Коханаве пражываюць мясцовыя, тыя, што прыехалі з-пад Чарнобылю, экс-старшыні калгасаў, экс-дырэктары, экс-афіцэры і экс-зэкі...”

Акурат з экс-старшынём калгасу, пэнсіянэрам Антонам Падалякіным, пазнаёміўся на вуліцы, ля крамы.

Падалякін: “Я вельмі задаволены палітыкай Лукашэнкі. Бо для пэнсіянэраў пытаньняў няма, і наша Коханава моцна перамянілася — стала на вуліцах прыгожа. У мяне адна дачка ў Нямеччыне, другая ў Расеі — і крыху зайздросьцяць мне. Тое, што льготы аднялі, яшчэ не заўважылі. А так добра — кажу за сябе і сваю сужонку...”

“Праўдзівасьць” словаў Антона Падалякіна выпала праверыць праз хвіліну. У досыць пустой краме гутару з прадавачкай — спадарыняй Ларысай.

Ларыса: “Бачыце, хлеб прывезьлі — і застаўся. На хлеб, булку грошай няма! Бутэлькі прыносяць, здаюць — вось і пакупніцкая здольнасьць наша! Само сабой, віно бяруць. Пяць гатункаў “чарніла” ў нас...”

Юрый Якаўлевіч Лукашэнка, зь якім пазнаёміўся мінулым разам, цяпер гутарыць адмовіўся. 73-гадовы інвалід па зроку кажа, што пасьля адмены льготаў нішто ня мае сэнсу. Пагатоў той шок, які зараз зьведалі ягоныя калегі-пэнсіянэры, чарнобылец Лукашэнка адчуў шмат гадоў таму. Калі пасьля праславутай паўлаўскай рэформы страціў усе зьберажэньні ў суме 30 тысяч савецкіх рублёў. Гэтыя словы ён сказаў яшчэ тры гады таму.

Лукашэнка: “А патрабаваць трэба ад нашага прэзыдэнта — узяўся кіраваць, дык кіруй! Хоць бы старым выдаў! Ну што гэта за кампэнсацыя — я ў Хойніках пайшоў. На тысячу рублёў савецкіх — тысячу беларускіх! А бохан хлеба 800—900! Гэта ж абдзіралаўка. Калі абрабавалі, лепш маўчалі б. І мы нічога не даможамся ўжо. Ідуць сродкі абы-куды — на ўсякія лядовыя палацы...”

Пэсымізм пануе і ў 35 коханаўскіх індывідуалаў. Кажа старшыня тутэйшага Саюзу прадпрымальнікаў спадарыня Сьвятлана Чарных.

Чарных: “Прадаўцы пойдуць на вуліцу — парадку 20 чалавек. Працаваць у Коханаве няма дзе — вядомы факт. Унітарныя прадпрыемствы арганізоўваць ня будуць. Для прадпрымальнікаў гэта нерэальна, бо трэба браць бухгальтара на аднаго-двух прадаўцоў — які сэнс?! У нас і так на ладан дыхаюць, зводзяць канцы з канцамі. Ня трэба дадаваць падаткаў, бо эўра расьце. А ў нас арэнда, падаткі разьлічваюцца ў эўра. Новы год — падаткі вырастуць — адсоткаў 40 будуць даведзеныя да галечы дакладна...”

Шпацыруючы па коханаўскіх вулках, заўважыў шмат маладзёнаў, часьцяком нападпітку, якія бадзяліся, відавочна, бяз справы. Аказалася — навучэнцы адзінага тут 173 сельскагаспадарчага ПТВ. Ад мікрафону, аднак, кідаліся — кажуць, кіраўніцтва забараніла пад страхам выключэньня любыя стасункі зь невядомымі. У прыватных размовах прызнаваліся, што бываюць дні ўвогуле без заняткаў. Пры гэтым у цесным, шмат гадоў не рамантаваным інтэрнаце ня ўседзець. Так сказаў мне па сакрэце 19-гадовы Барыс.

Барыс: “У інтэрнаце, канечне, не хапае душа, ванны — няма дзе памыцца...”

Дырэктар каледжу Валеры Рэцкі ад гутаркі адмовіўся. Больш за тое. Як паведамілі мне пасьля, ён зрабіў вымову камэнданту інтэрната нават за такія стасункі з карэспандэнтам “Свабоды”. Жанчына старанна выбірала словы:

Спадарыня: “Будынак у нас, канечне, стары. Жыве 61 чалавек па 2—3—4 чалавекі. У нас, у асноўным, выяжджаюць на выхадныя...”

Карэспандэнт: “Вас як завуць?”

Спадарыня: “Камэндант і ўсё. Вы ж таксама не прадставіліся...”

Карэспандэнт: “Віталь Сямашка, вось маё пасьведчаньне...”

Спадарыня: “Валянціна Аляксандраўна Кунцэвіч...”

Пра коханаўскае жыцьцё гутарым зь сябрам рэдкалегіі газэты “Товарищ” ды ЦК прыпыненай партыі камуністаў Мікалаем Петрушэнкам. Суразмоўца адзначае, што сёлета суполак палітычных партыяў у Коханаве паболела.

Петрушэнка: “Калі тады была толькі адна Партыя камуністаў Беларуская, БНФ, дык зараз, хоць прыпынілі ПКБ, шэрагі павялічыліся ў 2,5 раза. Акрамя гэтага, зьявілася сацыял-дэмакратычная групоўка, жаночая партыя “Надзея”, “Малады фронт”. У ПКБ зьявілася маладзёжная групоўка. Быў на Чарнігаўшчыне, на Ўкраіне. Пабачыў, што на самой справе дае шматпартыйная сыстэма. Я пабываў у раённай радзе, дзе на 40 тысяч жыхароў прадстаўлены шэсьць палітычных партыяў! Выяўляецца гэта ў простых рэчах. Усе жанчыны, хто мае каровы, аб’яднаныя ў згуртаваньне малакавытворцаў з адзінай задачай — супрацьстаяць нізкім закупачным цэнам. Гэта значыць, там атрымаюць прыбытак ад малака. У нас на ўвесь раён засталося ледзь-ледзь паўтары тысячы кароваў. Няма ні кароваў, ні сэнсу, што Лукашэнка цісьне на вяскоўцаў...”

Спадар Петрушэнка ў Коханаве — асоба ўнікальная. На пачатку 90-х гг. мінулага стагодзьдзя разам з дэпутатамі Віктарам Алксьнісам ды Сажы Ўмалатавай быў сустаршынём фракцыі “Саюз” у Вярхоўным Савеце СССР, дзе яго таксама называлі “бацькам” ГКЧП. Лукашэнку добра знаў асабіста — у 94-м той прапаноўваў увайсьці ў каманду. Але Петрушэнка тут жа адмовіўся пасьля ўваходу туды братоў Ціцянковых, да якіх страціў давер, назіраючы іхнюю працу з чарнобыльскімі праграмамі. Яму прапаноўвалі 26 тысяч даляраў крэдыту, каб толькі перайшоў у прапрэзыдэнцкую КПБ. Але ягоная галоўная “дыялектыка” ўсё-ткі ня ў марксавых тамах, а ў прыроджанай празе справядлівасьці. Ён узначальваў мясцовы перадвыбарчы штаб Аляксандра Мілінкевіча. Змаганьне дачнікаў за свае правы Мікалай Сямёнавіч лічыць пасьпяховым.

Петрушэнка: “Дачнікі адчулі, што калі шчыльна, разам весьці барацьбу супраць улады, дык могуць дасягаць перамогі, бо ўлада адмовілася ад 23 мільёнаў штрафаў з гэтых няшчасных жанчын. Гэта перамога! А на наступны год прагноз такі. Коханава — мадэль таго, што супраціў уладзе расьце, мацнее. Рэдка ўжо можна сустрэць чалавека, які не кляне Лукашэнку, што завёў краіну ў тупік. Год таму пагардліва абражалі нас — “бэнээфаўцы, апазыцыя”. Зараз прыслухоўваюцца — “дык яны ж маюць рацыю, гавораць пра інтарэсы простых людзей Коханава...”
XS
SM
MD
LG