Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Начная аБЛОГа” – 16 студзеня


Агляд беларускага сеціва


На форумах парталу TUT.by гутараць пра тое, што паводле міжнароднай арганізацыі “Freedom House” Беларусь прызнаная адной з самых рэпрэсіўных краінаў сьвету. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“Хто б чакаў іншых выказваньняў ад арганізацыі з ЗША. Так, мы крыху жорсткія, але чэсныя й ганарлівыя... а яшчэ мы жабракі. Дык адкуль узяцца свабодзе?”

“Меркаваньні ўсіх гэтых арганізацыяў нават ня варта камэнтаваць... Напрыклад, выбары ў Грузіі яны прэзэнтуюць як “агулам дэмакратычныя”, нягледзячы на заяву кіраўніка назіральнікаў, які ахарактарызаваў іх як “хаос пры падліку галасоў”.

“Цікавая лёгіка ў гэтага “Дому свабоды”! ЗША й хаўрусьнікі зьнішчылі 150 000 іракцаў + тысячы ўласных вайскоўцаў, а ў “рэпрэсіўныя дзяржавы” запісалі зусім іншых! “Нахабства – другое шчасьце” – народная мудрасьць”.

“Нядрэнна вы хлусіце. Ня трэба адмаўляць, што ЗША вінавата ў тым, што сярод мірнага насельніцтва Іраку ёсьць ахвяры. Але й таксама разумець, што ў большасьці сьмерцяў у Іраку вінаватыя рэлігійныя фанатыкі, якія ўзрываюць школы, бальніцы, мячэці. І да якой ступені павінна дайсьці нахабства, каб сьцьвярджаць, што ў Беларусі добра, бо становішча лепшае чым у кране, у якой ідзе вайна”.

На сайце інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” абмяркоўваюць артыкул кіраўніка Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага “Прэм'ера “Белсат” – “Зорныя войны-2008”. Спадар Зімоўскі, які рэпрэзэнтуе сябе як “прапагандыста”, цьвердзіць, быццам незалежны спадарожнікавы канал тэлеканал “Белсат”, які пачаў вяшчаньне 9 сьнежня 2007 году, не перайшоў на новы спадарожнік праз адсутнасьць сродкаў для аплаты, а не з прычыны тэхнічных праблемаў. Цяпер аўтар www.naviny.by спрачаецца на форуме са сваімі чытачамі наконт якасьці новага каналу ўвогуле. Меркаваньні ягоных апанэнтаў:

“Паглядзеў белсатаўскі “Форум” – такога высокага ўзроўню ток-шоў на БТ цягам апошняга часу не назіралася. А гэта быў толькі першы “тэставы” выпуск”.

“Зімоўскі насалоджваецца вэрхалам са спадарожнікам, але гэта нічога не зьмяняе. Канал вяшчае, і той факт, што ня якасьць “Белсату”, а ягоны тэхнічныя траблы выклікаюць іронію прапагандыста – выклікае аптымізм. Сам канал я асабіста ня бачыў, але вельмі баюся, што можа атрымацца другое БТ (няякасная і нецікавая тэлевізія)... Посьпех “Белсату” можа быць толькі тады, калі ён будзе шчырым і актуальным, тады даруюць і няякасную карцінку, і ўсё астатняе”.

“Магчыма, аўтару артыкула не дае спакою думка, што Белсат разьвіваецца з нуля і на залучаныя замежныя інвэстыцыі, а стратнае Беларускае тэлебачаньне – на грошы, адабраныя ў льготнікаў?”

У суполцы Жывога Журналу minsk_by абмяркоўваюць праблему статыстычнага і рэальнага беспрацоўя. Андрэй Аляксандраў піша: “Вычытаў тут нядаўна, што афіцыйнае беспрацоўе ў Менску складае 0,4 адсотка! Проста раскоша нейкая! У той самы час, паводле зьвестак апошняга апытаньня незалежных сацыёлягаў, 38 адсоткаў беларусаў лічаць беспрацоўе адной з самых вострых праблемаў. Гэтак і зь іншымі зьявамі. Дзяржаўная прапаганда няспынна расказвае пра шчасьлівае жыцьцё ў нашай сінявокай рэспубліцы, зацугленьне інфляцыі, амаль нулявое беспрацоўе і заўсёдныя посьпехі ў барацьбе з карупцыяй”.

Некалькі камэнтароў:

“Ёсьць розьніца паміж часовымі беспрацоўнымі і тымі, хто не працуе часова. Часова беспрацоўныя – гэта тыя, хто зарэгістраваны ў цэнтрах занятасьці. А тыя, хто часова не працуе – гэта ўсе астатнія”.

“Дык увесь час цьвердзяць, што колькасьць месцаў на біржах працы перавышае колькасьць тых, хто мае патрэбу ў працы. Калі я пасьля каледжу не магла нікуды ўладкавацца й стаяла пару месяцаў на гэтай самай біржы, мне прапаноўвалі такую лухту на капеечны заробак, ды яшчэ з таааакімі патрабаваньнямі да кандыдатаў!”

Блогер Arshanski зьмяшчае ў сваім сеткавым дзёньніку нататкі пра сьпічрайтэраў:

1. У 1991 годзе Аляксандар Лукашэнка абвясьціў пра стварэньне парлямэнцкае фракцыі "Камуністы за дэмакратыю". Аўтар НН Гары Куманецкі так апісвае тыя часы:

Напрадвесьні сваёй бурапеннай кар’еры Лукашэнка ўтварыў у Вярхоўным Савеце БССР фракцыю “Камуністы за дэмакратыю”. І вось у адным зь першых інтэрвію (газэце “Навіны БНФ “Адраджэньне”) ён улупіў: “Адыход ад камуністычных нормаў дыктуе само жыцьцё. Па шчырасьці, я ўпэўнены, што ў цэлым гэтая ідэалёгія беспэрспэктыўная”. На дварэ тады было гарачае лета 1991-га. Ніхто не зьвярнуў увагі на відавочны цынізм маладога камуніста, які ня верыць у камунізм.

Лявон Баршчэўскі ўлетку 91-га распавядаў, што заяву пра стварэньне фракцыі "Камуністы за дэмакратыю" Лукашэнку пісаў менавіта рэфэрэнт Баршчэўскага.

2. Адзін з былых Лукашэнкавых сьпічрайтэраў скардзіўся ў прыватнай размове пасьля сыходу на іншую працу: "Яму ж немагчыма штосьці пісаць! Напішаш тэкст, расставіш акцэнты з улікам палітычных раскладаў, а ён як залепіць што-небудзь сваё..."
XS
SM
MD
LG