Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень салідарнасьці: затрымана 10 чалавек


Сёньня ў розных месцах гораду зьявіліся расьцяжкі і графіці з патрабаваньнем вызваленьня палітвязьняў. На катку, якія залілі гарадзкія ўлады на Кастрычніцкай плошчы, некалькі актывістаў прымацавалі да сваіх куртак партрэты Артура Фінькевіча з подпісам "Свабоду Фінкевічу!" і каталіся на каўзалях.


Двое байцоў спэцназу міліцыі, якія як звычайна несьлі службу па ахове грамадзкага парадку, не здалелі іх затрымаць – у маладзёнаў канькі, а на лёдзе сёньня вельмі сьлізка, бо лёд крыху падтаяў. Паводле арганізатараў, гэтая акцыя - своеасаблівы адказ на акцыю БРСМ: калі тыя каталіся са значком "БРСМ", то "Малады фронт" вырашыў – а чаму не пакатацца з плякатамі "Свабоду палітвязьням"?

Трэба адзначыць, што мінакі і моладзь на катку вельмі станоўча рэагуюць на гэтую акцыю. Актывісты паведамілі, што ня будуць чакаць, пакуль па іх прышлюць аўтазакі, і празь некалькі хвілінаў сыдуць.

Тым часам на катку каля Палацу спорту на Нямізе спэцназаўцы затрымалі актывістак “Маладога фронту” Касю Краснову, Касю Галіцкую і Людмілу Атакулаву, якія зьбіраліся правесьці там такую ж самую акцыю, што і на Кастрычніцкай плошчы. Затрыманых дзяўчат адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, куды пазьней даставілі яшчэ трох затрыманых хлопцаў, прозьвішчы якіх цяпер высьвятляюцца. Такім чынам, агульная колькасьць затрыманых складае 10 чалавек.

Як звычайна, сёньня а 20-й гадзіне моладзь і грамадзкія дзеячы прыйдуць да кляштару бэрнардынаў, але ў сувязі са згаданымі затрыманьнямі тыя, хто прымаў удзел у акцыі прадпрымальнікаў, вырашылі сёньня не прыходзіць, бо ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці, паводле іхных словаў, хапае і бязь іх.
XS
SM
MD
LG