Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень Салідарнасьці з арыштаванымі актывістамі


Сёньняшняя акцыя салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі ладзіцца таксама ў падтрымку прадпрымальнікаў і актывістаў моладзевага дэмакратычнага руху, якія адбываюць арышты за ўдзел у акцыі 10 студзеня. За мяжой беларускія студэнты і іх сябры ладзяць акцыі насупраць будынкаў беларускіх амбасадаў.


У Менску, Салігорску, Жодзіне, Мазыры, Горадні, Магілёве, Баранавічах і ў Барысаве ў месцах, дзе зьбіраецца шмат людзей, зьявіліся партрэты палітвязьняў. Гэта пры тым, што на агароджах ля будоўляў і на будынках маладыя людзі і без таго штодня робяць надпісы з патрабаваньнем вызваліць Артура Фінькевіча. Штодзённая кампанія салідарнасьці з Артурам Фінькевічам была абвешчана пасьля суду 20 сьнежня, які пакараў Артура зьняволеньнем на паўтара года.

У турме на вуліцы Акрэсьціна 24 чалавекі адбываюць арышты за ўдзел у акцыі 10 студзеня, калі больш за дзьве тысячы выйшлі на вуліцы пратэставаць супраць палітыкі беларускіх уладаў у дачыненьні да малога бізнэсу. Яшчэ дваіх арыштавалі не на самой акцыі: Вячаслава Сіўчыка — напярэдадні, а Алеся Макаева – пасьля. У турме лідэр АГП Анатоль Лябедзька, актывісты моладзевых арганізацыяў, а таксама лідэр аб’яднаньня прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка.

Мін’юст распачаў працэдуру ліквідацыі аб’яднаньня “Пэрспэктыва”.

Але рэпрэсіі супраць прадпрымальнікаў на гэтым не спыніліся. Адміністрацыі рынкаў і гандлёвых цэнтраў запатрабавалі ад прадпрымальнікаў тлумачальных запісак, зь якой прычыны тыя не працавалі.

У гандлёвым цэнтры “Купалаўскі” прадпрымальнікаў выклікаюць у выканкам і патрабуюць патлумачыць, зь якой прычыны тыя не працавалі 10 студзеня. Калі хто абураецца, тых пазбаўляюць арэнды.

Прадпрымальніца, якая папрасіла не называць яе імя, паведаміла “Свабодзе”:

“Адна жанчына пачала абурацца, казала: якое вы маеце права, я сама гаспадыня, магу вырашаць, калі працаваць, а калі — не. Вось яе сёньня пазбавілі ліцэнзіі. Я думаю, што яны гэта рабілі з-за таго, што 21-га таксама ж нешта будзе. 21-га ўсе рынкі не працуюць, а ў нас працоўны дзень. 100 працэнтаў яны гэта робяць дзеля таго, каб мы не пасьмелі закрыцца ў гэты дзень”.

Анатоля Шумчанку наведала адвакатка Вера Страмкоўская. Высьветлілася, што яго, як і іншых арыштаваных, дапытвалі ў крымінальнай справе, распачатай уладамі па факце масавых беспарадкаў, якія, паводле міліцыянтаў, мелі месца 10 студзеня. Вера Страмкоўская падала скаргі ў Менскі гарадзкі суд, каб арышты прызналі незаконнымі.

Сёньня ў Таліне, Вільні, Кіеве, Варшаве, Гданьску, Антвэрпэне моладзевыя актывісты ладзяць акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі насупраць будынкаў беларускіх прадстаўніцтваў. Пад бел-чырвона-белымі сьцягамі яны запальваюць сьвечкі побач з партрэтамі зьніклых і палітвязьняў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG