Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшла з жыцьця журналістка Ірына Сакалова


Сёньня раніцай ня стала журналісткі Ірыны Сакаловай -- рэдактаркі газэтаў “Фемида” і “Фемида-Nova”, часопіса «Медыя-эксперт», што выдаваўся БАЖ супольна з расійскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Зь імем Сакаловай асацыюецца цэлая эпоха станаўленьня беларускай незалежнай журналістыкі, перакананыя яе калегі.


Учора ўвечары старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна наведала Ірыну Сакалову, якую за дзень да таго выпісалі са шпіталю. Апошнія гады Ірына пакутавала на цяжкую хваробу.

“Пасьля разьвітаньня з Юр’ем Шырокім была ўнутраная проста неверагодная патрэба чарговым разам наведаць Ірыну. Зразумела, што ўчора ёй было ўжо вельмі цяжка. А сёньня раніцай гэтая сумная навіна – Ірыны ня стала. Зь яе імем асацыюецца цэлая эпоха станаўленьня незалежнай журналістыкі, яна была адным з лідэраў сапраўднай, сумленнай журналістыкі. І яе ініцыятыва ў стварэньні газэты “Фемида”. Гэтае выданьне нарадзілася дзякуючы яе намаганьням. Гэтае выданьне стала школай для многіх журналістаў”, -- кажа Жана Літвіна.

Намесьнік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец прызнаецца, што прыйшоў у журналістыку, дзякуючы Ірыне Сакаловай. Ён працаваў у газэце “Фемида-Nova”.

“На жаль, у 2000 годзе выйшаў апошні нумар гэтай газэты. Потым яна працавала ў бюлетэні “Медыя-эксперт”, які выдаваўся БАЖ супольна з расійскім Цэнтрам экстрэмальнай журналістыкі. Яна ўваходзіла ў склад камісіі па этыцы БАЖ. Апошнія гады вельмі цяжка хварэла, летам ёй ампутавалі нагу. На жаль, паправіцца яна не змагла. Мы былі зь ёй добрымі сябрамі. Мне нават цяжка пакуль гаварыць пра яе ў мінулым часе”, -- кажа Андрэй Бастунец.
  • 16x9 Image

    Ганна Соўсь

    Ганна Соўсь нарадзілася ў Менску. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала ў незалежнай газэце «Народная воля»(1997-2000). Ад 2000 году працуе на «Свабодзе». Кнігі на «Свабодзе» — «Дарога праз Курапаты» (аўтарка рэпартажаў), «Адзін дзень палітвязьня» (ідэя і ўкладальніца), «Адзін дзень палітвязьня. 2009-2011»(ідэя і ўкладальніца), «Жыцьцё пасьля раку» (аўтарка ідэі і каардынатарка праекту, рэдактарка). Аўтарка праекту «Расея і я», сэрыі інтэрвію з 12 экс-прэзыдэнтамі постсавецкіх кранаў. Сябра БАЖ.

XS
SM
MD
LG