Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Няма гаспадара — таму і жывем бедна...”


Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”. Эфір 16 студзеня 2008 году


Масавы пратэст дробных гандляроў, многія зь якіх у новым годзе апынуліся перад пагрозай страты працы — адна з галоўных тэмаў у нашай пошце апошніх дзён. Асноўнае патрабаваньне ўдзельнікаў акцый пратэсту — адмена той часткі прэзыдэнцкага ўказу, паводле якой ад 1 студзеня індывідуальным прадпрымальнікам дазваляецца наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў.

Сёньняшнюю размову пачну зь ліста на гэтую тэму, які даслаў Ігар Балашыхін зь Менску. Ён піша:

“Не чакаў, што дробныя прадпрымальнікі адважацца на такі пратэст. Звычайна яны спрабавалі напалохаць уладу пагрозамі страйку, на якія даўно ніхто не зьвяртаў увагі. Але ў рэшце рэшт, думаю, нічога ў іх не атрымаецца. Сто тысяч людзей на вуліцу ўсё роўна ня выйдуць. Арганізатараў улада запалохае, а народ гэтыя пратэсты не падтрымае, бо дробную буржуазію ня надта любіць.

Можа, і добра, што ў нас меней будзе гэтых брудных рынкаў зь няякаснымі кітайскімі таварамі, а болей буйных цэнтраў, гіпэрмаркетаў. Трэба ж некалі пераходзіць на цывілізаваны гандаль. Уся Ўсходняя Эўропа даўно так зрабіла”, —

— гэтак лічыць Ігар Балашыхін зь Менску.

Адна справа, калі буйныя гандлёвыя цэнтры выцясьняюць дробнага рынкавага гандляра ў выніку сумленнай канкурэнцыі, і зусім іншая, калі гэта робіцца з дапамогай адміністратыўнага гвалту, рукамі чыноўнікаў. Пацерпяць у выніку ня толькі дробныя гандляры, але і спажыўцы. Адчуўшы адсутнасьць канкурэнцыі, уладальнікі нешматлікіх гіпэрмаркетаў лёгка могуць узьняць кошты на тавары, найперш — на харчаваньне. Гэта, дарэчы, у шэрагу выпадкаў ужо адбываецца.

Наш слухач Мікалай Шыла з Кобрына — чалавек сталага веку. Ён памятае заходнебеларускую вёску без калгасаў і без камуністаў. Назіраючы за цяперашнім вясковым жыцьцём, спадар Шыла прыходзіць да такіх высноваў (цытую ліст):

“Назіраю, як звужаюцца палі, усё менш становіцца ворнай зямлі. Там, дзе калісьці былі сёлы, дзе людзі сеялі збожжа, садзілі бульбу, пасьвілі жывёлу — цяпер расьце лес, хмызьняк, альбо ўвогуле поле ператварылася ў пясчаную выдму. У крамах нібыта харчоў стала болей, але якія цэны? Вырасьлі ў пяць разоў і больш. І зьніжаць іх няма як, бо вытворчасьць не расьце.

Беларусь — сельскагаспадарчая краіна. І стаць заможнай яна здольная толькі ў тым выпадку, калі ўлада раздасьць зямлю ў прыватныя рукі.

А Лукашэнка па-сталінску руйнуе сяло, трымаецца за калгасы. Вясковыя людзі застаюцца парабкамі. І нават гэтыя “прэзыдэнцкія” домікі нічога не вырашаюць. Сядзіба — дзесяць сотак, маленькі хляўчук на дровы і для курэй — хіба гэта гаспадарка? А чалавек на сорак гадоў трапляе ў кабалу — нікуды з гэтага калгаса не ўцячэ. А вось калі б селяніну далі дзесяць гектараў зямлі ў адным кавалку — усё было б па-іншаму. Ён бы сам пабудаваў сабе дом — такі, як трэба. І грошы знайшоў бы без 40-гадовай кабалы. Тое, што ў калгасе марнуецца, гніе, мерзьне і высыхае — у яго буяла б і квітнела б. Гэта ў вёсцы кожны ведае. Няма гаспадара — таму і жывем бедна”,—

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Шыла з Кобрына.

Усё так, спадар Шыла. Ды толькі ці ў кожнай вёсцы сёньня знойдзецца хоць бы адзін гаспадар сярэдняга веку, які наважыцца ўзяць гэтыя дзесяць гектараў зямлі? Вёска абязьлюдзела, пастарэла, пазбавілася працоўных рук. Сёньня ўжо мала толькі прапанаваць зямлю — трэба даць патэнцыйнаму фэрмэру і льготныя крэдыты, і тэхніку ў лізінг, і дапамогу ў будаўніцтве. Калі б усе тыя грошы, якія дзяржава на працягу многіх дзесяцігодзьдзяў накіроўвала і працягвае накіроўваць нерэнтабэльным калгасам, атрымалі прыватныя гаспадары, фэрмэры — беларуская вёска цяпер была б зусім іншай.

Аўтар наступнага ліста — наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску. Ён выказваецца наконт шматлікіх завочных дыскусіяў, якія вядуць на нашых хвалях у сваіх лістах і тэлефанаваньнях прыхільнікі і апанэнты цяперашняй беларускай улады. Слухач піша:

“Усе мы — і так званыя “лукашысты”, і “антылукашысты” — грамадзяне адной краіны, імя якой — Беларусь. Тая частка слухачоў Свабоды, якая падтрымлівае ўладу, мае на гэта права. Калі гэта забараняць, тады чым жа апанэнты ўлады будуць адрозьнівацца ад ейных апалягетаў? Радыё Свабода паступае вельмі разумна, калі дае магчымасьць выказацца і адным, і другім.

Нікога не заклікаю да аднадумства: такое мы ўжо перажылі. Але калі на карту пастаўлена галоўная наша заваёва — незалежнасьць краіны — дык мы павінны адкінуць убок усе супярэчнасьці, непаразуменьні, варожасьць — і аб’яднацца, каб гэтую незалежнасьць абараніць. А такая пагроза існуе. Лукашэнка неаднойчы заяўляў: пакуль ён прэзыдэнт, Беларусь застанецца незалежнай. А што будзе тады, калі ён зразумее, што ўладу трэба аддаваць? Гэта будзе якраз той момант, калі мы павінны будзем удзесяцярыць сваю пільнасьць”, —

— напісаў у лісьце на Свабоду былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску.

Вельмі прыемна, спадар Копыл, што вы асэнсавалі адзін з галоўных прынцыпаў дзейнасьці Радыё Свабода і выказаліся ў яго падтрымку. Сярод нашай аўдыторыі, як і ў цэлым у грамадзтве — людзі розных палітычных поглядаў і перакананьняў. Калі ня ставіцца з павагай да правоў кожнага чалавека, калі замест цывілізаванай і аргумэнтаванай дыскусіі агучваць зьнявагу і лаянку — знайсьці супольную мову, давер і ўзаемнае зацікаўленьне наўрад ці магчыма.

Наш слухач Янка Каляда зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну спрабуе адказаць на пытаньне, чаму на апазыцыйныя акцыі апошняга часу зьбіраецца ня надта шмат людзей. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:

“Прычына тут не ў асобах арганізатараў, а ў тых абставінах, у якіх жыве наша разьяднанае грамадзтва. Значная частка актыўных людзей прыкормлена ўладай, дапушчана да “карыта” — жыве ва ўмовах дабрабыту. Гэтыя людзі на апазыцыйныя маршы ня пойдуць.

Іншыя кіруюцца прынцыпам “Мая хата з краю…” Яны застрашаныя судовымі расправамі, гвалтам АМОНу, кантрактнай сыстэмай, выдаленьнем з ВНУ. І хоць яны часта пакутуюць ад галечы, але пакуль могуць купіць кавалак хлеба і бутэльку малака — на вуліцу ня выйдуць.

На вуліцу выходзяць найбольш сьвядомыя, а іх мала”.

Далей у сваім лісьце Янка Каляда зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну зьвяртаецца да дэмакратычна настроенай эліты беларускага грамадзтва з наступнымі словамі:

“Не чакайце, што гэтая частка грамадзтва адваюе свабоду. Вы — патэнцыял нацыі, і вы несяце адказнасьць за лёс Бацькаўшчыны! Аб’яднайцеся, стварыце Камітэт выратаваньня Беларусі. Зрабіце глыбокі і поўны аналіз таго нэгатыўнага, што творыцца на Беларусі — ад вынішчэньня ўсяго беларускага да развалу эканомікі. І на падставе ўсяго гэтага прызнайце кіраўніцтва дзяржавы недзеяздольным ды стварыце часовы ўрад”, —

— такую параду дае апазыцыі ў сваім лісьце на Свабоду Янка Каляда зь вёскі Лепаўшчына Вілейскага раёну.

Рознага кшталту палітычных, эканамічных ды іншых аналізаў зроблена і робіцца шмат, спадар Каляда. І высновы на адрас улады гучаць з боку апазыцыі часам самыя катэгарычныя і радыкальныя. Пытаньне ў тым, ці падтрымлівае гэтыя высновы і гэтыя заклікі большасьць грамадзтва?

Вядома, можна назваць шмат прычынаў, чаму людзі ня хочуць альбо маюць боязь выходзіць на апазыцыйныя акцыі пратэсту. Некаторыя з гэтых прычынаў вы, спадар Каляда, назвалі ў сваім лісьце. Але пры аб’ектыўным аналізе сытуацыі не выпадае ігнараваць і тое, што эканоміка Беларусі цяпер — на стадыі росту, што заробкі ў краіне растуць (можа, і не ў такіх маштабах, як сьцьвярджае афіцыйная статыстыка, але ўсё ж...). А ў такіх умовах апазыцыя наўрад ці можа разьлічваць на значнае пашырэньне і масавасьць пратэстаў.

На заканчэньне — некалькі кароткіх лістоў ад сяброў Свабоды.

Нам піша Мікола Канаховіч з Пружанаў:

“Я — чалавек ужо сталага веку, мне 70 гадоў. Але я мару дачакацца таго шчасьлівага часу, калі сыдуць у гістарычны нябыт цемрашалы з нашай зямлі і над нашай Бацькаўшчынай ізноў залунае бел-чырвона-белы сьцяг”.

І яшчэ адзін ліст, аўтар якога — Васіль Завадзкі з Маладэчна — піша:

“Слухаю перадачы Свабоды штодня ад шостай гадзіны раніцы. Яны паднімаюць настрой і падаўжаюць жыцьцё. Душа аж скача ад радасьці. Забываюцца ўсе нягоды, уяўляецца, што мы жывем ужо ў свабоднай дзяржаве, дзе гучыць родная мова, нікога не зьбіваюць дубінкамі, ва ўсіх дзяржаўных установах гавораць па-беларуску. Але гэта — як міраж. Адыходзіш ад прыймача — і апынаесься ў нашай шэрай рэчаіснасьці”, —

— напісаў у сваім лісьце Васіль Завадзкі з Маладэчна.

Дзякуй, спадар Завадзкі, вам і ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG