Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“У вас на аднаго працаўніка мінімум тры начальнікі”


Радыё Свабода апавядае пра дзень 16 студзеня розных гадоў, зьвярнуўшыся да публікацыяў у беларускіх газэтах.


* “Вечерний Минск”, год 1978. Нехта В.Міхнюк рэцэнзуе кнігу У.Бегуна пра сіянізм: “Сіянізм каапэруецца ў сваіх брудных антынародных справах з рэшткамі расейскай белагвардзейскай эміграцыі, з уласаўцамі, украінскімі і беларускімі буржуазнымі нацыяналістамі — з усімі падонкамі, выкінутымі з сацыялістычных краін, якія знайшлі прытулак у завулках “свабоднага сьвету”. Кніга У.Бегуна асьвятляе вострую ідэалягічную праблему з марксісцка-ленінскіх пазіцый”.

* Той жа “Вечерний Минск”, але празь дзесяць гадоў, у 1988 годзе, друкуе даклад першага сакратара Менскага гаркаму кампартыі У.Галко: “Няма і ня можа быць кампрамісу там, дзе маецца пакланеньне чужой сымболіцы, дзе музычны “запой” пераходзіць у наркаманію, дзе атрыбуты “мэталёвага року” робяцца халоднай зброяй, дзе абгрунтаваныя захапленьні культурай і гісторыяй роднага краю трансфармуюцца ў праявы экстрэмізму, нацыянальнай абмежаванасьці... Драбнейшым праявам палітычнай нясьпеласьці трэба даваць імгненны палітычны адпор”.

* “Народная воля”, год 1998. Надзвычайны і Паўнамоцны амбасадар Польшчы ў Беларусі Эва Спыхальска мяркуе: “Такое ўражаньне, што ў вас на аднаго працаўніка мінімум тры начальнікі. Іх столькі, што абсалютна немагчыма зразумець, хто за што адказвае. Усе пазіраюць наверх, усе баяцца прыняць адказнае рашэньне... У вашых міністэрствах шмат разумных, талковых людзей, але яны ня могуць нармальна працаваць з-за тых умоў, у якіх знаходзяцца. Плюс — баяцца”.

XS
SM
MD
LG