Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тым, хто страціў працу, прапануюць кірмаш вакансій


Віцебскі Цэнтар занятасьці насельніцтва ўпершыню на Беларусі правёў адмысловае мерапрыемства – "Кірмаш вакансій" для тых, хто страціў працу пасьля ўвядзеньня прэзыдэнцкіх указаў аб рэфармаваньні прадпрымальніцкай дзейнасьці.


Аднак былыя прадпрымальнікі ды іхныя звольненыя наёмныя работнікі ня ўбачылі карысьці ў гэтай наватарскай форме працаўладкаваньня – перадусім іх не задавальняюць прапанаваныя спэцыяльнасьці.

Паводле намесьніцы дырэктара Віцебскага цэнтра занятасьці насельніцтва Валянціны Чапурко, на "Кірмаш вакансій" з прапановамі працы былі запрошаныя пераважна швейныя й гандлёвыя прадпрыемствы горада.

"Кірмаш быў скіраваны на тое, каб правесьці работу з наёмнымі асобамі ды індывідуальнымі прадпрымальнікамі, якія не перарэгістраваліся ў прыватныя ўнітарныя прадпрыемствы. Пераважна гэта жанчыны. Таму мы запрасілі прадпрыемствы, дзе выкарыстоўваецца жаночая праца: гандлёвыя, аховы здароўя, адных толькі швачак мы маем каля 500 вакансій. Думаю, што прапановы былі – і людзі знойдуць працу,” – кажа Валянціна Чапурко.

Па зьвестках Цэнтру занятасьці, за апошнія паўгоду сюды зьвярнуліся 133 чалавекі, якія раней працавалі ў прыватных прадпрымальнікаў. Зь іх працаўладкаваць або накіраваць на перанавучаньне ўдалося 79 чалавек. Пасьля 1-га студзеня прадстаўнікоў малога бізнесу ў якасьці беспрацоўных значна пабольшала.
У 50% зь іх базавая або сярэдняя адукацыя, іяны працавалі без адпаведных дакумэнтаў

Далёка ня ўсіх задавальняюць прапанаваныя вакансіі санітаркі, прыбіральшчыцы або мыйшчыцы посуду за 260 тысяч на месяц, гэтаксама як і спэцыяльнасьць швачкі – за 160 тысяч падчас навучаньня і за 300 тысяч на месяц падчас сталае працы.

А вось самая "блізкая" спэцыяльнасьць – гандляркі ў краме – сталася для былых гандлярак з кірмашоў непрымальнай зь іншае прычыны.

Тлумачыць намесьніца дырэктара Цэнтру занятасьці Валянціна Чапурко:

"Разумееце, у 50% зь іх базавая або сярэдняя адукацыя. І яны працавалі без адпаведных дакумэнтаў, што яны гандляркі. Цяпер, калі такія жанчыны да нас зьвяртаюцца, мы ім спачатку прапануем набыць спэцыяльнасьць – у нас ёсьць курсы гандляроў на 4 месяцы."

Увогуле ж на "Кірмашы вакансій" былых прадпрымальніц і гандлярак было вельмі няшмат. Звольненая два тыдні таму гандлярка спадарыня Ларыса патлумачыла, чаму яна ня мае ахвоты шукаць сабе працу ў сьпісе вакансій цэнтру занятасьці:

"Калі мы працавалі, то атрымлівалі па 470-500 тысяч на месяц, і гэта ня надта напружваючыся. Нармальна было. Цяпер, атрымліваецца, нас пазбавілі нармальнай працы. А ісьці працаваць за 300 тысяч вельмі ня хочацца!"
Калі мы працавалі, то атрымлівалі па 470-500 тысяч на месяц

300 тысяч складае ў сярэднім заробак гандляркі самай ніжэйшай, 3-й катэгорыі, якую можа атрымаць выпускніца гандлярскіх курсаў. Але нават трапіць на іх можа ня кожны ахвотны: прадпрымальніку, да прыкладу, трэба спачатку ліквідаваць свой юрыдычны статус, а потым ужо запісвацца ў афіцыйна беспрацоўныя ды разьлічваць на дзяржаўнае перанавучаньне.

Таму віцебскі "Кірмаш вакансій" прадпрымальніца Валянціна Літвінава лічыць ня больш як мерапрыемствам для справаздачы:

"Ды ну! Што яны прапануюць? Заробак у 250 тысяч? Зрабілі такое, каб напісаць у справаздачы, што яны нешта робяць для прадпрымальнікаў і ўсіх, хто страціў працу. Людзей запрасілі, людзі не прыйшлі, "галачку" паставілі... А ўвогуле атрымліваецца, што нас пазбавілі нармальнай працы", – лічыць былая віцебская прадпрымальніца Валянціна Літвінава .

Паводле намесьніка старшыні РГА "Пэрспэктыва Анатоля Шапавалава, з 1-га студзеня ў Віцебску страцілі працу каля тысячы прадпрымальнікаў і наёмных работнікаў. Калі хаця б частка зь іх зарэгіструецца ў цэнтры занятасьці, на Віцебшчыне адбудзецца афіцыйнае падвышэньне і без таго рэкорднай колькасьці беспрацоўных: у мінулым годзе Віцебская вобласьць была ў гэтым сэнсе лідэрам – узровень беспрацоўя тут склаў 1,6%. На Гарадзеншчыне, Берасьцейшчыне ды Магілёўшчыне беспрацоўе было на ўзроўні 1,4%, на Гомельшчыне 1,3%, у Менскай вобласьці — 1%.
XS
SM
MD
LG