Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці гатовыя беларускія мужчыны пайсьці ў дэкрэт?


Ад 1 студзеня 2008 году наймальнікі абавязаныя прадастаўляць адпачынак па догляду за дзіцём да трох гадоў.


Уступіў у дзеяньне Закон “Аб унясеньні зьмяненьняў і дапаўненьняў у Працоўны кодэкс Рэспублікі Беларусі”. Дагэтуль менавіта наймальнік вырашаў, даваць мужчыну дэкрэтны адпачынак ці не. А цяпер бацька можа ўзяць адпачынак на любы час: цалкам, амаль на 3 гады альбо на месяц, у залежнасьці ад сямейных абставінаў. Ці гатовае беларускае грамадзтва да таго, што ў дэкрэт будуць сыходзіць мужчыны?

“Калі ёсьць маці, яна павінна даглядаць немаўлятка”

Намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Дубовік, які быў распрацоўшчыкам зьменаў і галасаваў “за” прыняцьце паправак у закон, лічыць, што мужчына можа пайсьці ў дэкрэтны адпачынак толькі ў выключных выпадках. Магчыма, таму, што на ўласным досьведзе ведае, як цяжка даглядаць немаўлятка. Ягоная жонка трапіла ў лякарню, калі дачцэ было 7 дзён:

“Мне ніхто не дапамагаў: ні цешча, ні мая сястра, якая жыла са мной. Дом быў 1904 году, вада, прыбіральня на вуліцы, пячное ацяпленьне. І другое дзіця, якому было 2 гады, у той час таксама хварэла. Я вельмі добра ведаю, як цяжка даглядаць немаўлятка. І калі жыцьцё прымусіць, мужчына будзе даглядаць сваё дзіця як бацька. Але, як правіла, калі ёсьць маці ў сям'і, яна ў дэкрэт сыходзіць”.

18 тысяч беларускіх мужчын выхоўваць дзяцей без мацярок

Старшыня Беларускай асацыяцыі самотных бацькаў Анатоль Швяцоў паведаміў, што ў Беларусі каля 18 тысяч мужчын выхоўваць дзяцей самі, без мацярок. Ён сам выгадаваў траіх дзяцей, прычым адзін зь іх – інвалід зь дзяцінства, сын былой жонкі ад першага шлюбу. Анатоль лічыць, што мужчына цалкам здольны даглядаць дзіця з маленства, выхаваць яго ня горш за жанчыну. Чаму ж іншыя мужчыны не заўсёды падзяляюць такое меркаваньне?

“Па-першае, справа ў стэрэатыпах. Па-другое, такая палітыка дзяржавы была шмат часу – стаўка рабілася на жанчын”.

Карэспандэнтка: “А гэтыя стэрэатыпы можна зламаць?”

“А яны з часам ламаюцца”.

Ці магчыма зламаць стэрэатыпы?

Але пакуль стэрэатыпы ламаюцца зь цяжкасьцю. Да прыкладу, паводле закону любы член сям'і можа браць так званы бюлетэнь, калі дзіця хварэе. Але чамусьці бацьку атрымаць гэты бюлетэнь амаль немагчыма: пэдыятры даюць яго пераважна жанчынам. Сям'я Алісы спрабавала змагацца з гэтым:

“Пэдыятар шчыра сказала, што калі яны выпішуць бальнічны майму мужу, яна атрымае наганяй ад загадчыцы аддзяленьня і галоўнага ўрача. Калі муж пайшоў высьвятляць адносіны да галоўнага ўрача паліклінікі, яны сумленна прызналіся, што ім вось гэтую дурасьць, не даваць татам бальнічны, спусьцілі зьверху, з аддзелу аховы здароўя як бы неафіцыйна. Але калі мы напісалі скаргу, нам адказалі зь міністэрства, што ніякіх абмежаваньняў няма”.

У Польшчы і Швэцыі мужчына ў дэкрэтным адпачынку – норма

Беларус Уладзімер Міцкевіч стала жыве ў Польшчы. Два месяцы таму ў іх з жонкай нарадзіўся сын, і сям'я вырашыла, што ў дэкрэт пойдзе бацька. Распавядае Ўладзімер:

“З боку майго працадаўцы перашкодаў не было ніякіх. Наадварот, абсалютна нармальна ён да гэтага падышоў. Працадаўца таксама дзіця выгадаваў, ведае, што гэта такое”.

Карэспандэнтка: “А вось ваша асабістае меркаваньне: ці можа мужчына дагледзець нармальна немаўлятка? Я чую, ваш голас падае...”

“Так, ён у мяне зараз на руках. А лічу, што ня толькі можа, а ён павінен у абавязковым парадку. Гэта дае разуменьне і бацьку, і маці, наколькі важна, каб дзіцём апекаваліся абодва бацькі”.

Дарэчы, у Швэцыі палову дэкрэтнага адпачынку – а гэта два месяцы – зь немаўляткам павінен правесьці менавіта бацька. Прычым у абавязковым парадку.

Масавага зыходу мужчын у дэкрэт не прадбачыцца

Ці не атрымаецца так, што беларускія мужчыны пасьпяшаюцца скарыстацца зьменамі ў закон і ў масавым парадку накіруюцца ў дэкрэт? Як паставяцца да гэтага працадаўцы? Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Мікалай Дубовік перакананы, што гэтага ня здарыцца:

“Безумоўна, наймальнік да гэтага не заўсёды ставіўся і будзе ставіцца з разуменьнем. Калі так рэальна паглядзець, сыходзячы са стэрэатыпаў, з той практыкі, якая склалася, гэтым правам, нават калі жонка атрымлівае значна больш за мужа, у нас мала хто скарыстаецца. Мы прызвычаіліся мысьліць так, што гэта справа маці. І ня трэба баяцца тым самым працадаўцам, што вялікая колькасьць мужчын сыдзе ў дэкрэтны адпачынак. Канечне ж, не”.
XS
SM
MD
LG