Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калей: “Улады вядуць “зачыстку” перад акцыяй 21-га”


Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Таўстыка сёньня быў затрыманы і арыштаваны на 15 сутак.


З раніцы тэлефон прадпрымальніка не адказваў. Алеся Таўстыку не маглі знайсьці каля пяці гадзінаў. Як высьветлілі пазьней актывісты руху “За Свабоду”, у які ўваходзіць спадар Таўстыка, яго затрымалі каля дому. Адразу ж адвезьлі ў суд Цэнтральнага раёну, дзе за ўдзел у акцыі пратэсту прадпрымальнікаў 10 студзеня арыштавалі на 15 сутак. Пакараньне ён будзе адбываць у турме на Акрэсьціна.

Намесьнік кіраўніка кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей лічыць, што ўлады вядуць сыстэматычную зачыстку ўсіх лідэраў прадпрымальніцкага руху напярэдадні акцыі 21 студзеня.

“У любым выпадку акцыя 21 студзеня адбудзецца. Мы сёньня калегіяльна вырашылі, што пераносу акцыі ня будзе. Рэгіянальныя лідэры перастрахоўваюцца, будуць загадзя выяжджаць. Нават калі ня будзе лідэраў, другі, трэці склад, нехта будзе на плошчы кіраваць гэтым. І крыху будзем “разбаўляць” палітычнымі лідэрамі. Бо прадпрымальніцкія — усе на сутках”.

На 15 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі прадпрымальнікаў 10 студзеня ўжо асуджаныя некалькі дзясяткаў чалавек, у тым ліку лідэры прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў, Анатоль Шумчанка, а таксама старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG