Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штодня папаўняецца банк дадзеных пра асоб, якім часова забаронены выезд за мяжу. Колькі асобаў патрапіць у гэтыя сьпісы і хто іх складае?

2 студзеня вядомы апазыцыянэр Анатоль Лябедзька даведаўся, што яго часова ня выпусьцяць за мяжу, бо ён праходзіць па крымінальнай справе. Тады ў Міністэрстве ўнутраных спраў Беларусі заявілі: падобных выпадкаў усяго некалькі дзясяткаў. Мінула два тыдні. А колькі цяпер грамадзянаў у сьпісе невыязных?
Кіраўнік прэсавай службы міністэрства Алег Сьлепчанка лічбу не называе.
“Няма такой лічбы, і ніхто яе не назаве. Мы агучылі на самым пачатку прыкладную колькасьць, і, я мяркую, гэтага дастаткова”.
Паводле прэзыдэнцкага ўказу сьпісы невыязных будзе папаўняць таксама міністэрства юстыцыі. Намесьнік кіраўніка ўправы міністэрства Ларыса Мільгуй сказала, што ня ведае і ня можа ведаць такой статыстыкі.
“Няма ніякіх сьпісаў. Ёсьць адзіны банк дадзеных, які будзе акумулявацца са зьвестак з усёй рэспублікі. КДБ па сваёй лініі дасьць зьвесткі, мінабароны, міліцыя — па сваёй. Мін’юст будзе даваць такія зьвесткі выключна паводле судовых рашэньняў, а суды будуць дзейнічаць паводле закону. Мы ж перадатачнае зьвяно, пасярэднік паміж міліцыяй і судамі”.
Ларыса Мільгуй прызнала, што сярод невыязных могуць апынуцца людзі, якія ня выплацілі грашовы штраф або не кампэнсавалі страты па грамадзянскім пазове. Але чыноўніца мяркуе, што такіх асобаў “ніяк ня тысячы”. “Бо ў судоў ёсьць дастаткова сродкаў, каб інакш дамагчыся выкананьня судовай пастановы. А рашэньне абмежаваць права чалавека на выезд за мяжу – гэта крайні выпадак”, — мяркуе Ларыса Мільгуй.
Паводле зьвестак з сайту Мін’юсту, за год суды Беларусі разглядаюць каля 230 тысяч грамадзянскіх пазоваў. Болей як у 80% выпадкаў суды прымаюць рашэньні пра грашовыя выплаты, але своечасова плаціць толькі дзясятая частка. Такая ж сытуацыя са штрафамі па адміністрацыйных справах: тут амаль 100 тысяч штогод — няплатнікі.
Праваабаронца з Беларускага Хэльсынскага камітэту Алег Гулак дадае да гэтых лічбаў яшчэ тры дзясяткі тысяч тых, каго штогод асуджаюць паводле крымінальных артыкулаў, але не пазбаўляюць волі. А таксама амаль 50 тысяч, супроць каго заводзяць крымінальныя справы. “Такім чынам, згодна з маімі падлікамі, цягам году колькасьць невыязных можа перавысіць некалькі соцень тысяч чалавек”, — кажа праваабаронца Алег Гулак.
“Лічу, што гэта сьведчыць пра масавыя парушэньні правоў людзей. Тое самае і са справай Анатоля Лябедзькі — калі чалавека прызнаюць падазроным у злачынстве і будуць весьці крымінальную справу цягам пяці, дзесяці гадоў”.
XS
SM
MD
LG