Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каб трапіць да Лукашэнкі, зьвярнуліся да Пуціна


Некалькі дзясяткаў жанчын, чые сваякі адбываюць працяглыя тэрміны зьняволеньня ў беларускіх турмах, зьвярнуліся да прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі Ўладзіміра Пуціна.


Яны просяць расейскага лідэра паспрыяць ім у арганізацыі сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Заяўніцы лічаць рашэньні, прынятыя ў крымінальных справах супраць іх блізкіх, незаконнымі і неабгрунтаванымі.

Больш за тры дзясяткі жанчын з усіх рэгіёнаў Беларусі даслалі калектыўныя тэлеграмы на адрас кіраўніка Расеі. У лістах адзначаецца: з улікам значнага ўплыву Ўладзіміра Пуціна на Аляксандра Лукашэнку ён можа паспрыяць арганізацыі іх сустрэчы з кіраўніком Беларусі. Людзі, зь якімі адказныя супрацоўнікі судоў і Генэральнай пракуратуры перасталі кантактаваць, спадзяюцца толькі на асабістае ўмяшаньне вышэйшай асобы ў дзяржаве.

Пацярпелая ўратавала падазраванага ў забойстве

Адна з падпісантак, Галіна Юбко, ужо тры гады фактычна вядзе сваё расьсьледаваньне, паралельнае афіцыйнаму. Пасьля забойства яе старэйшай сястры справу шмат разоў перакваліфікоўвалі, закрывалі і аднаўлялі. Атрымаўшы безьліч адпісак, яна ня бачыць іншага выйсьця, як трапіць на прыём да гаранта Канстытуцыі. Аднак у адміністрацыі Лукашэнкі ёй у гэтым катэгарычна адмаўляюць:

“Наш прэзыдэнт увогуле не ажыцьцяўляе прыёму. І групавыя заявы пісалі, і асобна зьвярталіся — нікога ён не прымае. Дый што тут казаць, калі многіх нават генэральны пракурор не прымае. Ня кажучы ўжо пра прэзыдэнта”.

Карэспандэнт: “Вы спадзеяцеся, што ў Расеі на лісты адгукнуцца?”

“Я сумняюся, але мы ўжо накіравалі тэлеграмы ў Маскву з подпісамі па пяць чалавек. Бо ўвогуле дайшло да таго, што мяне, пацярпелую ў асабліва цяжкім злачынстве, не дапускаюць нават да азнаямленьня з крымінальнай справай”.

Карэспандэнт: “А хто асуджаны ў вашым выпадку?”

“Ужо былі асудзілі аднаго хлопца па справе, невінаватага. Я хоць і пацярпелая, але заступілася за яго, проста вырвала з лапаў у “правасудзьдзя”. А яны яму гадоў 20 далі б. І ў мяне ёсьць дакумэнты, што супраць яго крымінальны перасьлед прыпынены, мера стрыманьня спыненая. І вось за ўсё гэта яны цяпер мне помсьцяць”.

“Спэцаддзелы” не даюць ходу скаргам зьняволеных

Спадарыня Юбко кажа, што людзі зьвяртаюцца на самы верх ня з прыхамаці — на ўзроўні юрыстаў ды праваабаронцаў дапамагчы зьняволеным амаль немагчыма:

“Ні юрысты, ні адвакаты нічым дапамагчы ня могуць. Іх нават не прызнаюць як адвакатаў. Настолькі абнаглелі нашы службовыя асобы, што, маўляў, адвакаты ня маюць ні на што права. Хоць насамрэч абаронца і асуджаны маюць права знаёміцца з матэрыяламі справы. Гэта абсурд, калі пацярпелую не дапусьцілі азнаёміцца. Самае галоўнае, што яны нават указалі гэта ў афіцыйным дакумэнце, падпісаным першым намесьнікам пракурора Менскай вобласьці. Ужо дайшло да маразму — бязьмежжа і беззаконьне. Але гэта нейкая непрабівальная сьцяна. Гэта не краіна, а ўвогуле нейкі канцлягер”.

Два гады таму адзін з актывістаў арганізацыі маніторынгу на прэзыдэнцкіх выбарах "Партнэрства" Цімафей Дранчук быў асуджаны і 10 месяцаў правёў у зьняволеньні. Цяпер ён заняты стварэньнем камітэту ў абарону правоў зьняволеных “Над бар’ерам”, які зьбіраецца зарэгістраваць у Літве:

“Гэтым зьняволеным пашанцавала, што ў іх ёсьць такія родныя, якія не спыняюцца. У нас на самой справе вельмі шмат зьняволеных, якія перакананыя, што знаходзяцца за кратамі незаконна, беспадстаўна. Але ў нашай краіне яны ня маюць ніякай магчымасьці самі абараніць свае правы: скаргі аб парушэньні правоў ці ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў, ці скаргі на незаконнасьць прысуду ў пракуратуру альбо ў вышэйшы суд не прыносяць абсалютна нічога.

Вельмі часта, калі сам асуджаны піша такую скаргу, знаходзячыся ў калёніі, яна проста не выходзіць адтуль. Таму што гэтае рашэньне прымае так званы спэцаддзел, якому падаецца, што скарга не павінна нікуды йсьці. Менавіта таму жанчыны і зьвяртаюцца да Пуціна — мабыць, спадзеючыся, што Расея ўсё ж больш дэмакратычная краіна. Я часткова згодзен: ва ўсім гэтым ёсьць нейкі сэнс. Але ў станоўчым выніку ня ўпэўнены. Зразумела, калі яны трапяць да Лукашэнкі, гэтым 30 людзям, магчыма, ён і дапаможа. Калі дасьць распараджэньне як мае быць разгледзець гэтыя справы, можа, вынік і будзе. Проста на агульную сытуацыю не паўплывае”.

Многія з гэтых жанчын зьвярнуліся таксама са скаргамі ў Камітэт правоў чалавека ААН.
XS
SM
MD
LG