Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпрэсія – не упадак настрою, а сур’ёзная хвароба


Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, расстройствы псыхікі і паводзінаў назіраюцца ў кожнага чацьвёртага жыхара плянэты. І толькі кожны трэці з хворых зьвяртаецца па дапамогу да лекара. Якая сытуацыя ў Беларусі?


Беларускія псыхіятры кажуць: у краіне назіраецца рост псыхічных разладжваньняў: за 3 апошнія гады захворваемасьць на псыхічныя расстройствы павялічылася на 22%. Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў кажа:

“Сьвет у нас зараз такі, такое грамадзтва, у якога маса праблемаў. Дэпрэсіі узьнікаюць і зь нейкай нагоды, і без яе, па розных прычынах: чалавек згубіў працу, пахаваў блізкага, чалавек разьвёўся... І з гэтых прычынаў няхай ня ў 100%, але ў многіх узьнікаюць дэпрэсіі”.
У чалавека прысутнічае паныласьць, па-другое, апатыя, па-трэцяе, чалавек у стане дэпрэсіі непрацаздольны, як у сьпячцы, як бы адыходзіць ад жыцьця

Чалавек у стане дэпрэсіі непрацаздольны

Дэпрэсія – сур'ёзнае захворваньне, якое узьнікае ў выніку парушэньня хімічнага балянсу галяўнога мозгу. Гэта ня проста ўпадак настрою, кажа псыхоляг Жанна Міцкевіч:

“Перш за усё гэта псыхалягічны стан чалавека, які выражаецца ў неадэкватным успрыманьні цалкам жыцьця. У чалавека прысутнічае паныласьць, па-другое, апатыя, па-трэцяе, чалавек у стане дэпрэсіі непрацаздольны, як у сьпячцы, як бы адыходзіць ад жыцьця”.

Практыкуючы псыхіятар Ігар Сарокін перакананы:

“Пры усім тым, што бываюць і іншыя парушэньні, працэнтаў 80 пацыентаў паступаюць з дыягназам дэпрэсія. Бываюць глыбейшыя, бываюць не такія ужо глыбокія парушэньні. Наколькі псыхагенныя фактары галоўную ролю адыгрываюць, наколькі іншыя мэханізмы, яшчэ не дастаткова дасьледаваныя – цяжка сказаць. Але гэта зьява досыць сур’ёзная і глябальная”.

“У беларусаў слова “псыхіятрыя” выклікае жах”
Калі на Захадзе нават прэстыжным лічыцца мець свайго псыхааналітыка, псыхоляга, псыхіятра, то ў нас слова “псыхіятрыя” выклікае сьвяшчэнны жах

І псыхіятры, і псыхолягі адзначаюць, што да іх за апошнія гадоў пяць стала зьвяртацца удвая больш пацыентаў. Але ў асноўнай бальшыні беларусаў няма яшчэ асэнсаваньня сур’ёзнасьці расстройства псыхікі. Галоўны псыхіятар Міністэрства аховы здароўя Павал Рынкоў лічыць, што розьніца не ў самой дэпрэсіі, не ў структуры разладу, а менавіта ў мэнталітэце насельніцтва:

“Калі на Захадзе нават прэстыжным лічыцца мець свайго псыхааналітыка, псыхоляга, псыхіятра, то ў нас слова “псыхіятрыя” выклікае сьвяшчэнны жах. Гэта наступствы той 70-гадовай палітыкі партыі і ураду, калі усе няўгодныя, усе іншадумцы прызнаваліся псыхічна хворымі. Гэта ламаць трэба. Але гэта не аднаго дня праца, гэта доўгая песьня”.

“Дэпрэсія ў беларусаў больш глыбокая і брутальная”

Штогод ад псыхічных расстройстваў у Беларусі памірае каля 3 тысяч чалавек, у краіне даволі высокі паказьнік самагубства. Ці ёсьць так бы мовіць, спэцыфічныя асаблівасьці дэпрэсіі ў беларусаў? Псыхіятар Ігар Сарокін перакананы:

“Напэўна, усё ж такі адрозьненьні ёсьць з-за таго, што вялікі працэнт алькагалізацыі насельніцтва. З-за гэтага дэпрэсіі ў беларусаў і глыбейшыя, і больш брутальныя. Шмат спробаў суіцыдаў і завершаных самагубстваў. У гэтым сэнсе нельга сказаць, што беларусы досыць памяркоўныя”.

Псыхіятараў пакуль не хапае

У лекара зараз на узбраеньні дастаткова добры арсэнал лекаў. Галоўнае – правільна і своечасова імі карыстацца

Зараз у Беларусі працуе 237 псыхіятрычных кабінэтаў для дарослых і 73 – для дзяцей. У той жа час колькасьць ложкаў у псыхіятрычных лякарнях у 2007 годзе скарацілася на 1108 месцаў. Спэцыялістаў пакуль таксама не хапае. Летась з мэдыка-псыхалягічнага факультэту Гарадзенскага мэдунівэрсытэту 29 маладых псыхіятраў было разьмеркавана ў сельскія раёны. Сёлета будзе накіравана яшчэ 65 выпускнікоў менавіта ў правінцыю. А там дзе ёсьць псыхіятар на прыёме, лягчэй і тэрапэўту, іншым лекарам, бо усё ў арганізьме узаемазьвязана, кажа Павал Рынкоў. Што тычыцца лекавых прэпаратаў, то...

“Раней казалі: “Маўляў, там, на Захадзе...” Цяпер я вам магу сказаць з поўнай упэўненасьцю, што там, што тут – лекі ў нас усё ёсьць. Праўда, лекі усе імпартныя, але Міністэрства аховы здароўя адсочвае новыя прэпараты, уключае іх у пратаколы дыягностыкі і лячэньня. У лекара зараз на узбраеньні дастаткова добры арсэнал лекаў. Галоўнае – правільна і своечасова імі карыстацца”.

Адмыслоўцы кажуць: калі чалавек адчувае першыя прыкметы дэпрэсіўнага стану, ня трэба баяцца зьвяртацца па дапамогу. Парада псыхоляга Жанны Міцкевіч:

“У дэпрэсіўным стане лепш за усё зьвяртацца да псыхатэрапэўта. Бо гэта мэдыцынская хвароба. Якая патрабуе ня толькі псыхалягічных сродкаў, якім зьяўляецца слова, але часьцяком і мэдыкамэнтозных. Таму варта ісьці да псыхатэрапэўта”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG