Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Год здароўя з новымі платнымі мэдычнымі паслугамі


Сьпіс платных паслугаў ў мэдыцыне сёлета пашырыцца яшчэ на 10 найменьняў. У большасьці выпадкаў гэта будзе датычыць цяжарных жанчынаў.


Ужо ў бліжэйшы час у гарадзенскім радзільным доме жанчыны будуць плаціць за гінэкалягічны й ўралягічны масаж, індывідуальную падрыхтоўку цяжарных да родаў і груднога кармленьня. За грошы падбяруць дыету, правядуць выпрабаваньне сперматаграмы і біяпсійнага матэрыялу ды іншыя паслугі.

Загадчыца плянава-эканамічнага аддзелу гарадзенскага радзільнага дому Сьвятлана Сазонава кажа, што кошт паслугаў ня моцна адаб’ецца на кішэнях тых, хто будзе імі карыстацца:

“Калі б паслугі былі дарагія, то іх бы папросту не дазволілі ва Ўпраўленьнні цэнавай палітыкі. Людзям падабаецца, што ў нас ёсьць платныя паслугі, што яны могуць у любы момант зь іх скарыстаць. І яны зусім не дарагія, у Менску значна даражэйшыя, у некалькі разоў”.
Людзям падабаецца, што ў нас ёсьць платныя паслугі...

А вось што на гэты конт кажуць гарадзенскія жанчыны.

Спадарыня: “Адчуваецца бездапаможнасьць нейкая, бо адкуль браць грошы яшчэ на тое, каб плаціць за паслугі ў радзільным доме? Працэдуры ж трэба рабіць не адзін раз, праходзіць цэлы курс, кожны дзень, а гэта ж усё накладна”.

Спадарыня: “Колькі ўжо кажуць у краіне, што пагаршаецца дэмаграфічная сытуацыя, і самі ўсё робяць дзеля таго, каб ня выправіць становішча”.

Пытаюся ў спадарыняў, чаго, на іх думку, найбольш не хапае цяжарным жанчынам у радзільным доме?

Спадарыня: “Элементранай гігіены, ды й гэтыя страшэнныя начныя кашулі. Яны іх там накрахмальваюць, але яны ўсе ў плямах і халаты такія, як лагерныя. Дый харчаваньне зусім ня смачнае...”
Адкуль браць грошы яшчэ на тое, каб плаціць за паслугі ў радзільным доме?

Спадарыні зьвяртаюць увагу на тое, што многія ня хочуць нараджаць другое дзіця, паколькі не стае сродкаў на тое, каб выгадаваць яго. Распавядаюць, як перадаюць знаёмыя адзін аднаму дзіцячае адзеньне, цацкі ды іншае.

Карэспандэнт: “І тым ня менш, нараджальнасьць у краіне апошнім годам, згодна афіцыйных дадзеных, у гарадах павялічылася”.

Спадарыня: “Ведаеце, калі людзі інтэлігентныя й разумеюць, колькі патрэбна грошай на тое, каб выгадаваць дзіця, то яны, як правіла, выхоўваюць толькі адно дзіця. Нараджаюць тыя, хто хоча атрымаць дадатковыя грошы, кватэру, і часта ў такіх немаўляткаў няма бацькі, яны яго ніколі не пабачаць”.

2008 год у Беларусі абвешчаны Годам здароўя.
XS
SM
MD
LG