Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чавусы: пракурор заклікаў суд пакараць журналістаў “Вольнага гораду”


У Чавускім раённым судзе працягваецца разгляд адміністрацыйнай справы паводле пазову рэдактаркі газэты Крычаўскага райвыканкаму “Ленінскі кліч” Тацяны Іўкінай.


Іўкіна вінаваціць выдаўца незалежнай крычаўскай газэты “Вольны горад” Уладзімера Кудраўцава і аўтара гэтага выданьня Валера Бысава ў зьнявазе свайго гонару, годнасьці й дзелавой рэпутацыі, а таксама маральнай шкоды.

Сёньня пракурор Чавускага раёну Сяргей Мінаў заклікаў суд задаволіць пазоў Тацяны Іўкінай у поўным памеры. Суму кампэнсацыі маральнай шкоды ён , аднак, прасіў вызначыць згодна з законам “Аб сродках масавай інфармацыі” – каб яна была ў разумных межах.

Сваю пазыцыю ён патлумачыў, тым што адказчыкам не ўдалося аспрэчыць у судзе прэтэнзіяў Тацяны Іўкінай.

Уладзімер Кудраўцаў, Валер Бысаў і іхныя прадстаўнікі прэтэнзіяў Тацяны Іўкінай не прызнаюць. Ейны пазоў яны называюць беспадстаўным, надуманым ды палітычна матываваным.

Праз суд рэдактарка дзяржаўнага выданьня намагаецца спагнаць з выдаўца і аўтара “Вольнага гораду” кампэнсацыю маральнай шкоды ў памеры 10 мільёнаў рублёў. Спагнаныя сродкі яна зьбіраецца пералічыць на рахунак Бельскага сацыяльна-рэабілітацыйнага прытулку.

Нагодай для суду сталася сэрыя артыкулаў “Шэсьць год у рэдакцыйным ГУЛАГУ”, якая была надрукавана ў жніўні-верасьні 2004 году ў незалежнай газэце “Вольны горад”. Былы супрацоўнік рэдакцыі “Ленінскі кліч” Валер Бысаў апісваў у іх мэтады, якімі Тацяна Іўкіна кіруе газэтай.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG