Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У нядзелю, 13 студзеня, памёр журналіст, намесьнік дырэктара інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Юры Шырокі.


Раптоўная сьмерць напаткала яго ў Смаргоні, куды ён выправіўся зь сябрамі на рыбалку. Паводле папярэдняй інфармацыі, прычынай сталася хвароба сэрца. Сябры і калегі Юрыя Шырокага называлі яго душой кампаніі БелаПАН.

За 36 гадоў свайго жыцьця Юры Шырокі пасьпеў скончыць школу, інстытут замежных моваў, папрацаваць у першым у Беларусі прадпрыемстве мабільнай сувязі, перакладчыкам у амбасадах Нямеччыны і Вялікабрытаніі. Намесьнікам дырэктара БелаПАН Юры Шырокі заставаўся апошнія 10 гадоў свайго жыцьця, кажа кіраўнік кампаніі Алесь Ліпай:

“Гэта душа любой кампаніі, перадусім кампаніі БелаПАН. Ён быў выдатным мэнэджэрам, генэратарам ідэй, надзейным паплечнікам і журналістам, сапраўдным сябрам. У нас у БелаПАНе паўсюдна знакі ягонай прысутнасьці: ялінка, якую ён аздабляў, стол, за якім сядзеў. Вельмі цяжка...”

Мянчук паводле паходжаньня, Юры Шырокі ганарыўся сваімі слуцка-капыльскімі каранямі і даражыў нават далёкімі сваякамі. Праз гады ён падтрымліваў студэнцкае сяброўства і быў незаменным таварышам, кажа былы аднакурсьнік, журналіст Генадзь Кесьнер:

“Мы пяць гадоў вучыліся разам на перакладчыцкім факультэце. Сябрам ён быў вельмі добразычлівым. Калі было патрэбна, то дапамагаў, чым толькі мог: і парадамі, і справамі. На яго можна было абаперціся ў складаныя моманты. Вялізарнага пачуцьця гумару, весялосьці, жыцьцярадаснасьці. Мы яшчэ жартавалі, што Шырокі – гэта ня толькі целам, але і душой”.

Калегі Юрыя Шырокага ў кампаніі БелаПАН кажуць, што ён цікавіўся музыкай і спортам, любіў жыцьцё ў многіх ягоных праявах. І ўсьвядоміць ягоную сьмерць вельмі цяжка, кажа журналіст Юры Пацёмкін:

“Ён быў ня проста калега, зь якім я прапрацаваў у БелаПАНе не адзін год, мы яшчэ разам гулялі ў футбол. І нават зьбіраліся правесьці такі матч паміж БелаПАНам і Радыё Рацыя. Думаю, што гэты матч мы правядзём, але ён ужо будзе прысьвечаны памяці Юрыя Шырокага”.

З родных у Юрыя Шырокага засталася сям’я сястры.
XS
SM
MD
LG