Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Гераізацыя “СМЕРШу” на БТ


Чатырохсэрыйны тэлефільм “СМЕРШ” паказаў першы канал беларускага тэлебачаньня. Яго здымалі ўвосень 2006 году ў Горадні.


Фільм зроблены маскоўскай кінагрупай, рэжысэр — Зінові Ройзман. Жанр — “вайсковы прыгодніцкі баявік”, сцэнар напісаны на падставе аднайменнай аповесьці, аўтар якой Дзьмітры Іваноў.

Увосень 1945-га году тры афіцэры і сяржант “СМЕРШу” едуць зь Нямеччыны ў Маскву ў адпачынак. У заходнебеларускім горадзе яны сутыкаюцца з бандай альбо атрадам Арміі Краёвай, які дзёрзка нападае на склады, на чырвонаармейцаў, шмат забівае. Адпачыньнікі мусяць дапамагаць мясцовай камэндатуры зьліквідаваць атрад. У фільме гаворыцца пра Горадню, якая непадалёк, хаця глядач рэальна бачыць горад: сцэны, зробленыя ў рачным порце, побач з касьцёламі, на гарадзенскіх вуліцах.

Не зважаючы, што гэта баявік, аўтары імкнуліся прытрымлівацца рэальнай гісторыі. У сувязі з гэтым цікавыя два моманты: характарыстыка Арміі Краёвай і рамантызацыя супрацоўнікаў “СМЕРШу”. Вось урывак размовы з фільму.
Удзельнікі атраду Арміі Краёвай падчас здымкаў сэрыялу “СМЕРШ” у Горадні

Спадарыня: “Ён быў у атрадзе Арміі Краёвай”.

Сьмершавец: “Вы так спакойна пра гэта гаворыце…”

Дргуі сьмершавец: “Дзе банда?”

Спадарыня: “Атрад”.

Сьмершавец: “Банда!!”

Меркаваньне доктара гістарычных навук Алеся Смаленчука:

“Калі не памыляюся, Армія Краёва была афіцыйна расфарміраваная, таму, можа, з фармальнага боку няправільна называць тыя лясныя атрады Арміяй Краёвай… Мы праводзілі экспэдыцыю ў Сапоцкінскім раёне, людзі так і называлі іх — банды, хаця я разумею, што за гэтым тэрмінам не стаіць адназначны акт асуджэньня. Хаця выказваліся крытычна таксама пра іхнія мэты, нават гучала такое: “Ваявалі за Польшчу “ад можа да можа”, сталіца — Гожа”.

Гожа — гэта вёска на правым беразе Нёмана на поўнач ад Горадні.
У фільме заўважнае пэўнае імкненьне да гістарычнай праўды: “сьмершаўцы” называюць злачынцамі “лясных братоў”, а кабета, якую дапытваюць, адказвае:

“Вы так лічыце, таму, што змагаеце зь імі, а з пункту гледжаньня тых, хто змагаецца з вамі, злачынцы — вы. Бяда ў тым, што з часам злачынцамі робяцца ўсе, хто ў гэтым удзельнічае”.

А гэта — прызнаньне камандзера атраду Арміі Краёвай Юзафа, які мае званьне капітана:

“У нас рукі ў крыві, у немцаў у крыві, у рускіх, але мы з табой іншыя!! Я клянуся, што за вызваленьне Польшчы ад акупантаў буду біцца да канца!! Тут мой дом! Мне няма куды ісьці…”

У выніку атрад зьліквідаваны некалькімі “сьмершаўцамі”, сярод іх таксама ёсьць страты… Гісторык Алесь Смалянчук зазначае, што баевікі заўжды будуць здымаць, гэта неўміручы жанр, але што датычыць “СМЕРШу”, ён мяркуе наступнае:

“Гераізацыя гэтай арганізацыі мне вельмі не падабаецца. Гэта ж ня проста “Сьмерць шпіёнам!”, гэта ж фактычна яны займаліся “зачысткай” мясцовага насельніцтва, мясцовай тэрыторыі для ўсталяваньня савецкай улады”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG