Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Бяз новых замежных пазыкаў рост даходаў немагчымы”


Belarus -- Tsyhankou Vitali, Belarus service freelancer, 14 Jan2008

Belarus -- Tsyhankou Vitali, Belarus service freelancer, 14 Jan2008

Пастановай Савету Міністраў зацьверджаныя асноўныя паказьнікі прагнозу разьвіцьця эканомікі на 2008 год.


Вытворчасьць прамысловай прадукцыі павінна вырасьці на 11 працэнтаў, на столькі ж мусяць узьняцца грашовыя даходы насельніцтва. Наколькі рэальныя гэтыя пляны? Які эканамічны клімат чакае Беларусь у гэтым годзе? Віталь Цыганкоў гутарыць з эканамістам Леанідам Злотнікавым.

Цыганкоў: “Перш, чым ацаніць прагноз ураду на гэты год, давайце вернемся да адной вельмі важнай лічбы году мінулага: інфляцыя, паводле афіцыйных дадзеных, склала 12 працэнтаў замест плянаваных 7. Спадар Злотнікаў, на старонках газэты “Белорусы и рынок» вы вялі публічную дыскусію зь Міністэрствам статыстыкі наконт мэтодыкі ацэнкі інфляцыі. На вашу думку, якая сапраўдная лічба інфляцыі?”

Злотнікаў: “Дакладна гэта ніхто ня ведае. Паводле маіх грубых ацэнак, інфляцыя склала каля 20 працэнтаў. Значны выбух адбыўся за апошнія 2 месяцы году. У выніку цалкам за год гэтыя лічбы якраз наблізіліся да таго прагнозу, які я даваў”.

Цыганкоў: “Яшчэ некалькі месяцаў назад урад вылучаў больш сьціплыя лічбы прагнозу. Цяпер, відавочна пасьля атрыманьня расейскага крэдыту, яны сталі больш аптымістычнымі. Ці апраўдаюцца гэтыя разьлікі?”

Злотнікаў: “Сытуацыя ў сьвеце ўвесь час мяняецца. Можа адбыцца, напрыклад, рэцэсія ў ЗША, у выніку – падзеньне попыту і зьніжэньне цэнаў на нафту, мэталь ды іншае. Калі такое здарыцца, то, напрыклад, тыя 20 працэнтаў рэнтабэльнасьці, якія мае Жлобінскі мэталюргічны камбінат, зьнікнуць. І гэтак далей. Але іншая рэч, што ўнутры самой беларускай эканомікі назіраюцца ня лепшыя тэндэнцыі. Закончыўся пэрыяд аднаўленчага росту, калі магутнасьці былі ня выкарыстаныя, была свабодная працоўная сіла – зараз усяго гэтага няма ў многіх галінах. У гэтых умовах кожны працэнт росту будзе каштаваць шмат даражэй, чым гэта было год-два таму. Таму можа так адбыцца, што ніякага росту наагул ня будзе”.

Цыганкоў: “Калі ня браць пад улік нейкія надзвычайныя міжнародныя абставіны – ці магчыма выканаць прагноз росту рэальных грашовых даходаў насельніцтва на 11 працэнтаў без далейшых замежных запазычаньняў?”

Злотнікаў: “Не. Немагчыма. Гэты танны і доўгатэрміновы расейскі крэдыт на паўтара мільярду даляраў пакрывае нашы патрэбы толькі на паўгоду. Трэба ўжо аддаваць тое, што было пазычана раней. Паводле маіх падлікаў, гэтых расейскіх грошай ня хопіць, каб пакрыць усе “дзіркі”. Таму ніякага аптымізму наконт 11 працэнтаў у мяне няма.”
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG