Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма нататкі - узьлёт і падзеньне вядомага ў краіне юрыста, старшыні Канстытуцыйнага суду Рыгора Васілевіча, неяк вымагае лацінскай назвы, тым больш у дадзеным выпадку дарэчнай. Ня ў тым справа, што gloria ў дадзеным выпадку не выклікае ніякіх сумневаў, справа ў тым, як яна transit.


Спачатку наконт падзеньня. Афіцыйная вэрсія палягае ў тым, што не адбылося нічога надзвычайнага – банальная ратацыя, сканчыўся тэрмін паўнамоцтваў. Гэтак жа, прыгадваецца, “рутыннай ратацыяй” некаторыя афіцыйныя прадстаўнікі тлумачылі леташні кадравую “разьню” у КДБ, пакуль кіраўнік дзяржавы публічна не патлумачыў зусім не рутынны характар кадравай “ракіровачкі”.

Чаму Р. Васілевіч ня быў прызначаны зноў? Парушаючы правілы цэху аналітыкаў, адразу шчыра скажу – ня ведаю. Але магу прапанаваць некаторыя праўдападобныя вэрсіі (і паставіць пад сумнеў менш праўдападобныя), якія вынікаюць зь ведаў пра тое, як функцыянуе айчынная сыстэма ўлады. Чытачу (ды і мне самому) хацелася б ведаць проста дакладны адказ, але гэта магчыма пры зусім іншай сыстэме ўлады. Пры цяперашняй нават “зьліў” інфармацыі з колаў, датычных да прыняцьця рашэньня, можа быць усяго толькі сродкам маніпуляваць грамадзкай думкай.

Найменш імавернай ўяўляецца па-грамадзянску прыемная для спадара Васілевіча вэрсія, агучаная “Нашай нівай” – зьнялі за абарону беларускай мовы. З аднаго боку, наўрад ці Рыгор Васілевіч у сытуацыі з мытнымі дэклярацыямі заступіўся за мову, не ўзгадніўшы сваю пазыцыю з кім патрэбна, бо, паводле правілаў сыстэмы, незалежна ад таго, што там
напісана ў законах, гэта “не яго пытаньне”. З другога боку, у адрозьненьне ад супрацоўнікаў і чытачоў “Нашай нівы”, для людзей улады гэтае пытаньне насамрэч абсалютна малазначнае, і нават калі старшыня КС дапусьціў тут нейкую вольнасьць, падставай для рашучых “аргвысноваў” гэта стаць ніяк не магло.

Куды “цяплейшай” выглядае вэрсія, паводле якой месца Васілевіча спатрэбілася Натальлі Пяткевіч. Усе вялікія паслугі, зробленыя старшынём КС уладзе – у далекім мінулым, цяпер Пяткевіч у вялікім фаворы, так што зразумела, чым павінен скончыцца двубой. Але ёсьць і дадатковае, чыста апаратнае тлумачэньне. Ужо даволі даўно львіная доля заканатворчай дзейнасьці сканцэнтраваная ў адміністрацыі прэзыдэнта. Паводле меркаваньняў многіх юрыстаў, якасьць шматлікіх законаў, указаў і дэкрэтаў, якія выходзяць з-пад пяра прэзыдэнцкіх юрыстаў, як той казаў, пакідае жадаць лепшага. Ня ў тым пляне, што гэтыя творы ня надта стасуюцца з прынцыпамі дэмакратыі, прававой дзяржавы і іншымі выдатнымі прынцыпамі – гэта і сапраўды так, але гэта не прадмет для абмеркаваньня для людзей улады. Размова пра чыста прафэсійны, тэхнічны бок праблемы: гэта кепска з пункту гледжаньня юрыдычнай тэхналёгіі, нарматыўныя акты не стасуюцца адзін з адным, іх даводзіцца перарабляць і дапаўняць. І вось тут Рыгор Васілевіч, усё ж такі прафэсійны юрыст (ды можна і без “усё ж такі”), і мог, адно “для карысьці агульнай справы”, выказаць сваю ацэнку, маўляў, “падстаўляюць прэзыдэнта”. Гэта магло знайсьці сваё адлюстраваньне і ў некаторых рашэньнях КС, але дастаткова і меркаваньня, выказанага ў вузкім коле. Калі аўтары гэтых юрыдычных навэлаў перамаглі ў апаратнай бойцы, ім, натуральна, захацелася ня проста адстаўкі “крытыкана”, але і ягонага прыніжэньня.

Ёсьць і яшчэ адно калі не тлумачэньне, то назіраньне. І тут варта зрабіць абяцаную згадку пра ўзьлёт. А ўзьлёт, калі разглядаць сытуацыю ў чыста кар'ерным пляне, быў сапраўды бліскучым: шараговы судьдзя КС, які ішоў насуперак сваім калегам са сваімі нязьменнымі “асобымі меркаваньнямі”, які падчас рэфэрэндуму 1996 году быў адзіным прыхільнікам прэзыдэнта ў “гнязьдзе крамолы” і які пасьля перамогі апынуўся на адной з вышэйшых пасадаў у юрыдычнай гіерархіі краіны. Але ішоў час… Вось на блогу Аляксандра Фядуты адзін з маладых гасьцей на згадку гаспадара блогу пра “маскоўскую тройку”, якая ў 1996 годзе і вырашыла лёс супрацьстаяньня, шчыра спытаў: “А што гэта за тройка?” Але на Маркса, 38 пра гэта памятаюць, што на такой вялікай адлегласьці часу працавала ўжо не на карысьць спадару Васілевічу.

Шмат хто зьвяртаў увагу на тое, як хутка з уладнага вазка выпадалі амаль усе сябры каманды Аляксандра Лукашэнкі ўзору 1994 году. Уладару ня надта прыемна (а чым далей, тым непрыемней) трымаць ля сябе тых, каму ён быў чымсьці абавязаны. Хаця падзеі 1996 году былі хіба ня самым вострым і небясьпечным для Лукашэнкі крызысам за ўсе гады ягонага кіраваньня, роля Васілевіча ў іх не была такой ужо вырашальнай. Таму можа і пратрымаўся так доўга.

Што да формы адстаўкі, то на вачах гэтымі ж днямі – прэцэдэнт. Мікалай Дамашкевіч у свой час быў адпраўлены ў адстаўку таксама грубавата, але ж пасьля сядзеў ціха, крыўды не паказваў і вось – “узнагарода знайшла героя”.

Так што і для Рыгора Васілевіча, магчыма, яшчэ ня вечар. Але gloria mundi для яго, магчыма, прайшла нават не цяпер, а яшчэ тады, ў 1996 годзе.

  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG