Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра войска, мёртвы хлеб і “FM-дыяпазон”


Пасьля публікацыі запісу “Пра абсурд, веру і давер” (7. 01. 08) я атрымаў некалькі водгукаў у інтэрнэце (больш крытычных, чым салідарных), а таксама сем лістоў на электронны адрас, які апублікаваў на просьбу чытача свабодаўскіх блогаў, што назваўся “Генадзь”. У інтэрнэце на заўвагі я задзірыста “пікаваўся”, прызнаючы зрэшты сваю недасканаласьць. Нават расказаў гістарычны анэкдот пра тое, як Гегель выступаў перад французскімі акадэмікамі.


Хацеў бы прапанаваць увазе сяброў “Свабоды” тры пытаньні, якія паставілі аўтары допісаў.

1. Аўтар аднаго ліста, пеньсіянер, які назваўся Віктарам Мікалаевічам, разважаючы пра давер беларусаў да дзяржаўных інстытутаў, піша, што “единственно, кому сегодня еще можно у нас доверять, - это армия”.
Я сам таксама да войска стаўлюся выключна прыхільна, сем гадоў быў сувораўцам (бацька загінуў у партызанах), прайшоў 11 парадаў, люблю вайсковыя маршы і песьні, ня маю сумневу ў патрыятызме і здавальняючых навыках нашых вайскоўцаў. Аднак лічу падобнае анкетаваньне ў нашых умовах некарэктным. Чаму?

У сацыялягічным апытаньні гутарка йдзе не пра вайсковае майстэрства і патрыятызм, а пра войска як грамадзкі інстытут, што спрыяе захаваньню канстытуцыйных каштоўнасьцяў і правоў грамадзянскай супольнасьці. Тут зноў можа атрымаецца, як з царквой: людзі будуць адказваць, маючы на ўвазе нейкае абстрактнае войска, зыходзячы з традыцыйна народных, “бацькоўскіх” меркаваньняў: “Бедныя салдацікі, іх і недакармліваюць, і апранутыя яны абы-як… І мой жа сынок там служыць… А калі раптам вайна?...”. Калі ж бацькам як грамадзянам растлумачыць, што нашы салдацікі прысягаюць ня толькі Беларусі (Канстытуцыі), але і Прэзыдэнту, як калісьці было “Царю и Отечеству”, і што з гэтага можа атрымацца, то, магчыма, адказ атрымаецца іншы. Калі яшчэ дадаць, што, напрыклад, у Эўразьвязе салдат мае права не выконваць загад, калі палічыць яго антызаконным, то паказчыкі могуць яшчэ больш зьмяніцца. Мяне, Садоўскага, ня варта апытваць, як я стаўлюся да бясьпекі новага пакаленьня атамных станцыяў. Я не валодаю ведамі пра аб’ект апытаньня. Я ня ўпэўнены, ці разумеюць нашыя грамадзяне небясьпеку той прысягі, якую даюць нашыя вайскоўцы. Дзяржаўныя СМІ не гавораць пра гэта. Іншадумцаў туды не пускаюць.

Ёсьць краіны са сваімі традыцыямі, дзе пытаньне пра давер да войска як да дзяржаўнага інстытуту можа быць надзвычай дарэчным. Напрыклад, у краінах Лацінскай Амерыкі ці ў некаторых мусульманскіх краінах, бо там войска – пэўная самадастатковая каста, не заўсёды паслухмяная ўраду, маёмасна моцная, элітная частка грамадства. Такога нельга сказаць ні пра наша войска, ні, напрыклад, пра сучасны нямецкі Бундэсвэр.

2. Яшчэ дзьве заўвагі зь лістоў, зь якімі я хацеў бы пазнаёміць чытачоў, – чыста лінгвістычныя. Настаўніца рускай мовы (назвалася проста Галіна) напісала ліст па-беларуску і пытаецца, як я стаўлюся да расейскай назвы хлеба “Юбилярный”: “Я не магу растлумачыць чаму, але нешта мне не падабаецца ў гэтым слове. Нейкае яно штучнае…Ці не ўзялі мы яго з рускай мовы?”.

Ня ведаю, ці ўзялі, ці самі прыдумалі, па дурноце, ці наўмысна. Пакіну ў баку развагі пра назвы кшталту Байкальскі, Пятроўскі, Барадзінскі, абмяжуюся лінгвістыкай. Паводле словаўтварэньня, як беларускага, так і расейскага, такое слова немагчымае. За аснову назвы ўзята слова юбіляр. Прыметнікі, утвораныя ад назоўнікаў з акцэнтнай структурай і канцавой фармантай як у словах шкаляр, камісар, сьвятар, генерал (жывыя істоты), і ў расейскай і ў нашай мове маюць суфікс “- ск”: шкалярскі, генэральскі. Суфікс “н” ці “нн” маюць прыметнікі, што адносяцца да нежывых аб’ектаў (цыркуляр, хлор, збор): цыркулярны, хлорны, зборны. Гэта можна знайсьці у расейскім “Грамматическом словаре русского языка» ( А.А. Зализняк. Москва, 1977. стар. 310-313, 394-397). Так што наш беларускі хлеб у расейскім абліччы, які надалі яму нашы хлебапёкі, – мёртвы!

3. Чытач запісаў “Генадзь”, асоба з тэхнічнай адукацыяй, раскрыўшы сваё інкогніта, прыслаў аж тры лісты няблогавага фармату на мой электронны адрас, дзе назьбіраў цэлую вязеньку не-дарэчных паводле сэмантыкі моўных выразаў, як расейскіх, так і беларускіх, што запаўняюць сёньня беларускую “віртуальную” прастору. “Генадзь” піша ліст па-расейску, але паміж іншым заўважае, што чытае па-беларуску Караткевіча, Арлова і некаторых іншых аўтараў. Вось адзін прыклад з той калекцыі. “Генадзь” заўважае: “Беларускае радыё пачынае штодня свае перадачы словамі: Мы працуем у FM-дыяпазоне. “FM” – гэта не ДЫЯПАЗОН, гэта СПОСАБ, - частотавая мадуляцыя. Яна прымяняецца звычайна у ДЫЯПАЗОНЕ ультракароткіх ХВАЛЯЎ (УКВ)…” . Аўтар узгадвае, як беларусы “слухаюць саундтрэкі”, “мыюць формулай”, “купляюць за суперцану”, “носяць штаны От Кардэна” і г. д.

Непісьменнай моўнай модзе, якую мы, як тое “Беларуское времечко”, пераймаем ад Масквы, можна прысьвяціць асобную гаворку. Рэклямна-моўнае вычварэнства, дарэчы, – хвароба ўсіх кантынентаў. Немцы, праўда, кажуць на радыё : Wir senden im Ultrakurzwellenbereich (“Нас можна слухаць у дыяпазоне УКВ”). Як першы амбасадар РБ у ФРГ, я шкадую, што нашы радыйнікі – і начальста і шарагоўцы – слухаюць выключна расейскія каналы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG