Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чыноўнікі не сьпяшаюцца з рэклямай беларускамоўных садкоў


Сёньня ў чарговы раз гарадзенскія чыноўнікі адклалі сустрэчу з актывістам ініцыятыўнай групы бацькоў, якія дамагаюцца адкрыцьця беларускамоўных групаў у дзіцячых садках.


На сустрэчы плянавалася ўзгадніць распаўсюд у гарадзкім транспарце рэклямы аб наборы дзяцей у беларускамоўныя групы. Сустрэчу перанесьлі на панядзелак.

Яшчэ ў мінулым годзе адзін з гарадзенскіх актывістаў Ігар Кузьмініч сабраў 19 бацькоў сярод сваіх знаёмых, якія хацелі б аддаць дзетак у беларускамоўныя садкі. На свае грошы яны пачалі распаўсюджваць рэкляму ў гарадзкіх выданьнях, каб пашырыць кола жадаючых.

У тралейбусным транспарце прыватны прадпрымальнік пагадзіўся запісаць і распаўсюджваць тэкт рэклямы бясплатна. У ідэалягічным аддзеле гарвыканкаму, калі даведаліся пра рэкляму ў транспарце, адразу забаранілі яе, спаслаўшыся на тое, што ейны тэкст ніхто не ўзгадняў у аддзеле адукацыі гарвыканкаму.

Ігар Кузьмініч кажа, што напачатку ў аддзеле адукацыі да яго паставіліся добра, маўляў, вось узгаднім, тады й будзеце даваць рэкляму, і садкі адкрыем.

Кузьмініч: “Праблема толькі ў тым, што гэта ўвесь час адкладваецца чамусьці, і гэта мяне ўжо насьцярожвае. Бо ня можа так увесь час адкладвацца дробная рэч, ды яшчэ зь усьмешкай на вуснах”.

Намесьнік загадчыка аддзелу адукацыі Міхал Жыгала кажа, што пытаньне з узгадненьнем рэклямы у іх аддзеле не вырашаюць, а вось калі будуць заявы ад бацькоў, то яны будуць разглядаць гэтае пытаньне.

Жыгала: “Мы будзем старацца гэта зрабіць, паколькі ў нас дзьве дзяржаўныя мовы, і мы ня можам быць супраць. Галоўнае – жаданьне бацькоў, заявы ад іх, і мы будзем разглядаць іх”.

Ігар Кузьмініч не выключае, што рэкляму стрымліваюць наўмысна, бо калі яна загучала ў транспарце, адразу пачаліся тэлефанаваньні, і ў жо зараз набралася больш за два дзясяткі дзетак розных узроставых групаў.

Сп. Кузьмініч зьвяртае ўвагу, што для адкрыцьця беларускамоўных групаў чыноўнікі патрабуюць заявы ад бацькоў, а давесьці ім пра гэта ці праагітаваць забараняюць.

Кузьмініч: “Зараз практыка склалася такая, што ў бацькоў няма выбару, у які садок аддаць дзяцей, паколькі беларускамоўнага наагул няма, а застаецца толькі ў рускамоўны”.

Ігар Кузьмініч кажа, што не пакіне хадзіць па чыноўніках, пакуль не даб’ецца адкрыцьця беларускамоўных групаў у садках, таму што іншага выйсьця, на ягоную думку, папросту няма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG