Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адмыслоўцы лічаць гэты крок незаконным да разгляду абскарджаньня ягонага прысуду.


Навіны з жыцьця палітзьняволеных.

Сябры Артура Фінькевіча даведаліся зь ягоных лістоў, што вязьня перавялі ў іншую камэру – для ўжо асуджаных. Маладзёвага актывіста, які ўжо адбываў “хімію”, у сьнежні пакаралі яшчэ на паўтара года зьняволеньня.

Фінькевіч абскардзіў прысуд і зараз чакае разгляду сваёй скаргі. Да гэтага часу ён ня можа лічыцца ўжо асуджаным і таму перавод яго ў гэтак званую камэру-“асуджанку” адмыслоўцы называюць незаконным.

Паводле зьвестак, адміністрацыя магілёўскага ізалятару прапануе Артуру Фінькевічу пагадзіцца на адпраўку ў калёнію да разгляду скаргі, але актывіст не саступае.

У новай для сябе камэры ён сустрэў горшыя ўмовы. Спачатку пры 18-ці месцаў там знаходзілася болей за 20 чалавек, даводзілася спаць па чарзе. “Цяпер стала лепей. Колькі месцаў – столькі і вязьняў”, – спаслалася на апошні ліст Артура ягоная сяброўка Людміла Атакулава. Дзяўчына распавяла пра тое, як Артур Фінькевіч з сукамэрнікамі адсьвяткавалі Новы год:
Ім да сечкі, гэтай кашы, якой іх там харчуюць, далі цыбулю. У гонар Новага году. Яны дасталі ўсе свае харчы і арганізавалі сьвяточны стол. Але ў гадзіну ночы ім адключылі сьвятло.


“Распавёў мне ў лісьце, як яны сустрэлі Новы год. Ім да сечкі, гэтай кашы, якой іх там харчуюць, далі цыбулю. У гонар сьвята. Яшчэ яны дасталі ўсе свае харчы і арганізавалі сьвяточны стол. Але ў гадзіну ночы ім адключылі сьвятло”.

Паводле зьвестак Людмілы Атакулавай, Артур Фінькевіч пачаў знаёміцца з матэрыяламі, якія разгледзяць падчас вырашэньня ягонай скаргі ў Магілёўскім абласным судзе. Калі адбудзецца разгляд скаргі дагэтуль невядома.

12-га студзеня ў Шклоўскай калёніі мусіць закончыцца доўгатэрміновае спатканьне Зьмітра Дашкевіча з бацькамі. Напярэдадні маці вязьня Вольга Дашкевіч, цытуючы ліст сына, выказвала спадзяваньні, што сустрэча пройдзе пасьпяхова і Зьміцер праз два месяцы выйдзе на волю.

“Піша: “Мама і тата, толькі прыедзьце, хачу бачыць вашы твары і ўсьмешкі, і ўсё”.

Нагадаем, лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч быў асуджаны на паўтара году зьняволеньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі.

Вольга Казуліна: “Раскажам тату пра мітынг прадпрымальнікаў”

Аляксандар Казулін дасылае пісьмовыя адказы людзям, якія павіншавалі яго з Калядамі і Новым годам, а таксама ліставаліся зь ім раней. Пра гэта паведамляюць адрасаты Казуліна, якім неабыякавы лёс былога кандыдата на прэзыдэнта. Паводле дачкі палітыка Вольгі, Аляксандр Казулін некалькі гадзінаў штодня аддае на напісаньне адказаў сваім прыхільнікам.

Тым часам сваякі палітыка зьбіраюцца наведаць яго ў калёніі. Спатканьне адбудзецца яшчэ ў студзені.

“У канцы месяца адбудзецца наша першае сёлета спатканьне. Паедзем ўтрох: я, мая сястра Юля і мама. Будзем размаўляць з татам, раскажам яму пра апошнія падзеі, пра тое, як прайшоў мітынг прадпрымальнікаў. Я на ім была – такая моцная энэргетыка! Мне вельмі спадабалася, больш, чым на Сацыяльным ці Эўрапейскім маршах”, – кажа Вольга Казуліна.

Аляксандр Казулін пакараны на 5,5 гадоў зьняволеньня за арганізацыю вулічных беспарадкаў і хуліганства. Сваёй віны апазыцыянэр не прызнае.

З 27-га сьнежня мінулага году няма навінаў ад Андрэя Клімава, які за артыкул ў інтэрнэце адбывае трэці турэмны тэрмін ў Мазырскай калёніі строгага рэжыму. Тацяна Клімава тлумачыць доўгае маўчаньне свайго мужа “дрэннай працай турэмнай пошты за час навагодніх сьвятаў”. Пры гэтым жанчыну вельмі непакоіць, у якіх умовах будзе працаваць яе муж. Нагадаю, былога дэпутата разьмеркавалі на лесапільны ўчастак, дзе яму могуць даць цяжкую фізычную работу. Між тым у Андрэя Клімава дактары знайшлі некалькі хранічных захворваньняў, у тым ліку хваробу сэрца.
XS
SM
MD
LG