Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як кліматычныя зьмены адбіваюцца на Беларусі, якія праблемы ў зьвязку з пацяпленьнем хвалююць беларускіх навукоўцаў?


Ад пачатку 1990-х гадоў Зямля ўступіла ў новую эпоху глябальнага пацяпленьня. Навукоўцы ўсяго сьвету занепакоеныя гэтай праблемай. У сьнежні на высьпе Балі прайшла Міжнародная канфэрэнцыя ў пытаньнях зьмяненьня клімату, у якой бралі ўдзел прадстаўнікі амаль 200 краінаў. Нобэлеўскую прэмію міру за 2007 год атрымаў былы віцэ-прэзыдэнт ЗША Альбэрт Гор і Міжнародная група ААН у праблемах клімату.

Акадэмік, эканаміст Генадзь Лыч лічыць праблему зьменаў клімату глябальнай, якую нельга разглядаць у дачыненьні да асобна ўзятай краіны. І пацяпленьнем вельмі занепакоены:

“Гэта зьява будзе небясьпечная. Бо баль у нас правяць тыя, хто грошы куюць, у тым ліку і на тым, што зьдзекуюцца з прыроды. Да прыкладу, Кітай, у якога “дымная” эканоміка. ЗША забруджваюць сьвет больш за ўсе астатнія краіны – Кіёцкі пратакол не падпісалі. Ім пляваць, яны думаюць, што выжывуць, а ўсе астатнія згінуць. Але і мы, беларусы, недастаткова ўвагі надаём гэтаму пытаньню. Тут праблема і эканамічная, і экалягічная, і сацыяльная, і палітычная, і трэба ўсё комплексна вырашаць”.

У Беларусі распрацаваная Дзяржаўная кліматычная праграма на 2008-2012 гады, якая павінна падрыхтаваць асобныя галіны эканомікі краіны да зьменаў клімату. Праект яе разасланы адмыслоўцам. Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук, доктар геаграфічных навук, дырэктар Інстытуту праблем выкарыстаньня прыродных рэсурсаў і экалёгіі Уладзімер Логінаў кажа:
«Тая праграма, якая распрацаваная, на мой погляд, не зьяўляецца кліматычнай праграмай у літаральным сэньсе гэтага слова. Гэта праграма памяншэньня выкідаў парніковых газаў. Яна павінна быць кліматычнай па зьместу. А ўжо потым павінны разглядацца пытаньні, дапусьцім, выкіду парніковых газаў, памяншэньня крыніцаў выкідаў, памяншэньня сцёкаў... Але трэба пачакаць, пакуль яна будзе зацьверджаная, пакуль гэта праект».

Многія галіны народнай гаспадаркі цесна зьвязаныя са зьмяненьнем клімату, кажа прафэсар Валянцін Яцухна: сельская гаспадарка, паліўна-энэргетычны комплекс, камунальная, лясная гаспадарка, будаўніцтва.

На тэрыторыі Беларусі зьмяніліся так званыя агракліматычныя зоны: раней былі тры асноўныя зоны, цяпер зьяўляецца чацьвёртая, якая падобная да поўначы Ўкраіны. Гаворыць ляндшафтазнаўца Валянцін Яцухна:

“Будзе зьмяненьне вэгетацыйнага пэрыяду расьлінаў. Таму патрэбна зьмяненьне і культур, якія вырошчваюцца ў нашай зоне. У Злучаных Штатах страты ад гэтага ўжо падлічаныя, яны складаюць 50 мільярдаў даляраў у год. На вялікі жаль, у Беларусі гэта яшчэ ня зроблена, але неабходна ўжо пра гэта думаць. Неабходна зьмяненьне пасяўных плошчаў. Больш за 600 тысяч гектараў у Беларусі пясчаных глебаў – трэба мяняць. Бо пясчаныя глебы вельмі чулыя да глябальнага зьмяненьні клімату”.

Карэспандэнтка: “І замест жыта хутка пшаніца будзе ў Беларусі расьці?”

“Такая тэндэнцыя ёсьць. У нас, да прыкладу, няма цьвёрдых гатункаў пшаніцы, у будучым такая магчымасьць можа быць”.

Пацяпленьне заўважнае і па беларускай флёры і фаўне: менш елак становіцца ў лесе, значна больш крылатых “грызуноў”, многія пералётныя птушкі перасталі адлятаць у вырай.

Хто вінаваты ў глябальным пацяпленьні? Навукоўцы выказваюць розныя меркаваньні. Ландшафтазнаўца Валянцін Яцухна кажа:
Самае галоўнае – у нас становіцца ўсё менш і менш тэрыторыяў, пакрытых расьліннасьцю


“Чалавечы фактар сёньня мае перавагу. У эвалюцыі клімату дзьве прычыны: гэта антрапагенная дзейнасьць за кошт выкідаў забруджваючых рэчываў, парніковых газаў – гэта першая. І самае галоўнае (пра гэта мала гаворыцца) – у нас становіцца ўсё менш і менш тэрыторыяў, пакрытых расьліннасьцю. Яе замяняюць іншыя антрапагенныя аб’екты -- дарогі, гарады”.

Існуе шмат фактараў, і антрапагенны – адзін зь іх і толькі, лічыць акадэмік Уладзімер Логінаў, бо зьмены клімату, пацяпленьне адбывалася і тады, калі чалавека яшчэ не было:

“Уплыў антрапагеннага фактара, магчыма, перабольшаны. На нашай тэрыторыі расьлі трапічныя лясы. Пры чым там чалавек? Чалавека і блізка тады не было. Ёсьць шмат фактараў, і натуральных, і антрапагенных”.

І ўсё ж такі ці можа маленькая краіна Беларусь уплываць на праблемы зьменаў клімату? Гаворыць акадэмік Генадзь Лыч:

“Зямля наша настолькі маленькая, настолькі ўсё ўзаемазьвязана, што думаць пра тое, што будзе пацяпленьне, і ў нас у Беларусі будуць субтропікі, і будуць апэльсіны-мандарыны расьці – я ў гэта ня веру. Ад гэтага пацяпленьня толькі больш будзе ўраганаў, штормаў, сьмерчаў. Таму што сьвет зьвязаны. На Амазонцы высякаюць лясы, а ў Галяндыі штормы павялічваюцца. Катастрофа экалягічная будзе толькі глябальнай. А калі будзем працягваць так сябе паводзіць, дык яна і будзе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG