Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму забаранілі артыкул пра гурт “P.L.A.N.”?


У газэце “Пераходны ўзрост” зьняты з нумару артыкул, прысьвечаны рок-гурту “P.L.A.N.”.


Лідэр калектыву Андрэй Плясанаў заяўляе, што гэта наўпрост зьвязана зь пераходам на іншую працу былога кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Алега Праляскоўскага. Іншыя рок-музыкі кажуць, што новага ціску з боку ўладаў яны не адчуваюць.

Рэцэнзія Вітаўта Мартыненкі, прысьвечаная альбому гурту “P.L.A.N.” “Шлях да каханай”, плянавалася быць зьмешчанай у сёньняшнім нумары газэты. Артыкул быў зьняты, і лідэр каманды Аляксандр Плясанаў пацікавіўся ў рэдактаркі прычынай:

“Тэлефаную рэдактарцы і пытаюся, чаму зьнялі матэрыял. Яна кажа, што мне патэлефанавалі і сказалі зьняць, бо вы выступаеце на апазыцыйных імпрэзах. І зараз атрымліваецца так, што як было, так і засталося. Праляскоўскі сустрэўся з музыкамі, нешта ім наабяцаў. Ня думаю, што ён рабіў гэта паводле ўласнай ініцыятывы. Потым яго перавялі на іншую працу, і зараз будуць казаць, што, маўляў, да яго зьвяртайцеся”.

Рэдактарка “Пераходнага ўзросту” Жана Шчурок гэтак пракамэнтавала выказваньні спадара Плясанава:

“Я не магу сказаць, чаму людзі так кажуць і што яны сабе прыдумляюць. У нас свае прычыны, і гэтыя прычыны мы вырашаем толькі з няштатным аўтарам”.

В.Мартыненка: “Мы жывем у краіне татальнай няпраўды”

Аўтар артыкулу Вітаўт Мартыненка гэтак пракамэнтаваў забарону:

“Сытуацыя тыповая. Гэта такая сыстэма, калі ніхто ні за што не адказвае. Вось стаяў артыкул, але ўжо не стаіць, і ўсё. Мы жывем у краіне татальнай няпраўды. Калі я, да прыкладу, паважаю гурт “P.L.A.N.”, то я скажу гэта ўсюды. А вось, на жаль, тыя, хто крыху пры карыце, яны баяцца саміх сябе”.

Лідэр гурту “Палац” Алег Хаменка мяркуе, што прычыны забароны артыкулу могуць быць самыя розныя, не зьвязаныя з адстаўкай былога ідэоляга:

“Аніякіх падставаў казаць пра тое, што абяцаньні, зробленыя падчас сустрэчы, не выконваюцца, у мяне пакуль што няма. Наколькі мне вядома, ідэалягічныя пытаньні Праляскоўскі адсочвае і на новай пасадзе”.

На сустрэчы з рок-музыкамі пры канцы мінулага году Аляксандар Праляскоўскі прызнаў існаваньне гэтак званых "чорных сьпісаў" непажаданых музыкаў і паабяцаў выправіць сытуацыю, калі музыкі ня будуць займацца палітыкай. Учора Аляксандар Лукашэнка вызваліў яго з пасады кіраўніка галоўнага ідэалягічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта і прызначыў на пасаду дырэктара Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG