Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўная прапаганда губляе чытача


Наклады дзяржаўных выданьняў істотна скараціліся. Адна толькі прэзыдэнцкая “Советская Белоруссия” страціла ў параўнаньні з папярэдняй падпісной кампаніяй некалькі дзясяткаў тысяч чытачоў, а агульны наклад з улікам рэалізацыі праз шапікі скараціўся амаль на 100 тысяч асобнікаў. Што спрычынілася да гэтага?


Паводле дадзеных прадпрыемства “Белпошта” на 10 студзеня, у газэты “Советская Белоруссия”, якая належыць адміністрацыі прэзыдэнта, прыблізна 362 тысячы падпісчыкаў. Паказьнікі астатніх дзяржаўных выданьняў меншыя, нават калі скласьці іх разам. Так, падначаленая Савету Міністраў “Рэспубліка” мае 50 тысяч падпісчыкаў, “парлямэнцкая” “Народная газета” — 29 тысяч, адзіная беларускамоўная “Звязда” — 35 000. У межах 30 тысяч асобнікаў вагаецца наклад тыднёвіка “7 дней”, які ў холдынгу зь Беларускім тэлеграфным агенцтвам. Дадаўшы нязначную колькасьць газэт, якія рэалізуюцца праз сыстэму “Белсаюздруку” (ад 2 тысяч у “Звязды” да 50 тысяч у “СБ”), атрымаем рэальныя наклады дзяржаўных СМІ.

“СБ”: засталіся толькі тыя, хто нас любіць

Лічбы накладаў, зь якімі дзяржаўныя СМІ перакрочылі ў новы 2008 год, істотна ніжэйшыя за мінулагоднія. Калі ў леташняй статыстыцы “Советская Белоруссия” не апускалася ніжэй за паўмільёна асобнікаў, то цяпер адпаведная лічба на ўзроўні 418 тысяч.
Праз адміністратыўны рэсурс падпіска была і засталася. Галоўная праблема “СБ” у тым, што газэту ў шапіках не куплялі, былі вялікія сьпісаньні менавіта ў шапіках

Прычыну ў рэдакцыі “СБ” патлумачылі ляканічна — “аптымізавалі наклад”. Адзін з кіраўнікоў удакладніў: калі раней усе лаялі газэту за тое, што яна злоўжывае “адміністратыўнай падпіскай”, то цяпер, маўляў, яе няма: “Падпісваюцца толькі тыя, хто нас любіць”, — падсумаваў суразмоўца.

Шэф-рэдактар газэты “Народная воля” Сьвятлана Калінкіна мае свой пункт гледжаньня на тое, як афіцыйныя СМІ “аптымізуюць” свае наклады. Яна грунтуецца на прыкладзе ўсё той жа “Советской Белоруссии”:

“Праз адміністратыўны рэсурс падпіска была і засталася. Галоўная праблема “СБ” у тым, што газэту ў шапіках не куплялі, былі вялікія сьпісаньні менавіта ў шапіках. І калі яны кажуць пра аптымізацыю накладу, гэта яны папросту адмінусавалі тыя нумары, якія мёртвым грузам ляжалі і не прадаваліся”.

Карэспандэнт: “У рэдакцыі кажуць, што цяпер 54 тысячы газэт адпраўляецца ў шапікі”.

“Ну, гэта вельмі мала. Можна падлічыць: літаральна 2—3 нумары на шапік. Гэта зусім мала. Так што вось і ўвесь сакрэт накладу “СБ”: прымусовая падпіска, тады як у продажы газэта ня мае ніякага попыту. Значыць, яна не патрэбная чытачам”.

Пры канцы мінулага году здабыткам галоснасьці стала аналітычная запіска тагачаснай кіраўніцы Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру пры адміністрацыі прэзыдэнта Ніны Шпак. Паводле чыноўніцы, у Магілёўскай вобласьці за першае паўгодзьдзе 2007 году сьпісаньне з раздробнага гандлю “Магілёўскіх ведамасьцяў” перавысіла 50%, “Советской Белоруссии” — 45%, “Рэспублікі” — 36%. Падобная карціна і ў іншых рэгіёнах. Пакуль невядома, ці мела дачыненьне ўцечка гэтай інфармацыі да ўчорашняй адстаўкі спадарыні Шпак.
У бюджэце на 2008 год на фінансаваньне дзяржаўных СМІ прадугледжана больш за 158 мільярдаў рублёў, амаль 75 мільёнам даляраў


“Аптымізацыя” — коштам сьпісанага накладу?

Між тым неўзабаве адбылася сумесная калегія Міністэрства інфармацыі, “Белпошты” і “Белсаюздруку” з удзелам кіраўнікоў асноўных дзяржаўных газэт. На прыкладзе “Народнай газеты” прагучалі лічбы: сьпісаньне накладаў за 9 месяцаў 2007-га склала каля 20%, што эквівалентна 18 мільёнам рублёў. На 11 мільёнаў рублёў у мінусе “Знамя юности”. Разам страты ад нерэалізаваных асобнікаў перавысілі 50 мільёнаў рублёў — без уліку “СБ” і “Рэспублікі”, падпарадкаваных адпаведна адміністрацыі прэзыдэнта і Савету міністраў.

Наўрад ці афіцыйныя газэты надта страцяць ад зьмяншэньня колькасьці падпісчыкаў. У законе аб бюджэце на 2008 год на фінансаваньне дзяржаўных СМІ прадугледжана больш за 158 мільярдаў рублёў, што эквівалентна амаль 75 мільёнам даляраў. У 2007-м на падтрымку СМІ было выдаткавана блізу 65 мільёнаў даляраў. Для параўнаньня, у 2004 годзе дзяржаўная прапаганда “спажыла” меней за 30 мільёнаў даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG