Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на Свабоду за 11 студзеня, пятніцу.


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым.

Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”.

Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.



Прадпрымальнікі правялі ў Менску акцыю пратэсту, якую гвалтам разагнала міліцыя. Шмат каго з удзельнікаў затрымалі, сёньня іх судзілі. Выказваньні слухачоў на гэтую тэму:

Пэнсіянэр Варанцоў, Гомель: “Хачу зьвярнуцца да прадпрымальнікаў. Калі народ стаяў на плошчы Каліноўскага, вас там не было. А цяпер вы пастойце без народу. Можа, зразумееце”.

Спадар: “Асьвятляючы падзеі 10 студзеня на плошчы Незалежнасьці, думаю, вы наўмысна ўводзіце ў зман сваіх радыёслухачоў. Вы называеце людзей, якія прыйшлі туды, “прадпрымальнікамі”. А закон жа тычыцца індывідуальных прадпрымальнікаў, яшчэ раз падкрэсьліваю — індывідуальных”.

Спадарыня: “Учорашняя акцыя прадпрымальнікаў у Менску з удзелам непаўналетніх выклікае пагарду да гэтых дзеяньняў. Удзельнікі крычалі, што хочуць працаваць тут, у Менску. Дык ідзіце працуйце на дзяржпрадпрыемствы, а не перапрадавайце ў тры разы даражэй прадукцыю, зробленую іншымі”.

Спадар: “Хачу сказаць прадпрымальнікам, якія мітынгуюць, што яны дапускаюць тактычную памылку. Яны разьяднаныя па ўсёй краіне, а гэта памылка. Неабходна ўсім разам зьбірацца ў Менску на мітынг. Вось тады можна нечага дамагчыся”.

У працяг тэмы пытаньне Крысьціны зь Менску, дасланае праз СМС: “Чаму прадпрымальнікі не запрашаюць на акцыі спажыўцоў?”

Адказвае лідэр кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў:

“Наш беларускі народ такі, што павінен спачатку сам усё адчуць. Незадавальненьне людзей, што многія шапікі зачыненыя, расьце. Таму можна меркаваць, што неўзабаве зьявіцца магчымасьць зьвярнуцца і да пакупнікоў”.

Аляксандар Лукашэнка прызначыў Мікалая Дамашкевіча кіраўніком справаў прэзыдэнта. Раней ён займаў пасаду старшыні Менскага аблвыканкаму. Пытаньне слухача:

Спадар: “Скажыце, калі ласка, можа ня будзе сакрэтам, чым займаўся Дамашкевіч пасьля сваёй адстаўкі да прызначэньня на гэтую новую пасаду? Калі можна, паведаміце. Гэта вельмі цікава. Дзякуй”.

Адказвае палітоляг Аляксандар Класкоўскі:

“У Беларусі жыцьцё публічных людзей, фактычна, застаецца непублічным, у адрозьненьне ад заходніх краінаў. Там рэдкасьць, калі ў судах зьяўляюцца пазовы да журналістаў, якія раскрываюць нейкія прыватныя старонкі жыцьця. У нас усё іначай, і ўвогуле ў нас усё робіцца ў калідорах улады і ўсе галоўныя пытаньні вырашаюцца за кулісамі”.

Працягваем праграму выказваньнямі на іншыя тэмы:

Спадар: “Па расейскім тэлебачаньні бачыў, як Саакашвілі жорстка біў свой народ. А ў грузінаў адказ на гэта: узялі і выбралі яго прэзыдэнтам. Выходзіць, праўда зусім ня ў тым, што бачылі мае вочы. Усё нарабілі расейскія імпэрскія палітыкі, відаць”.

Спадар: “Добры дзень. На наступны дзень пасьля Новага году ў Беразіне ўвялі новую тэлевышку. Цяпер у нашым горадзе ёсьць адзін канал тэлевізіі СТВ замест ранейшых 8 каналаў. Адзін канал радыё — правадны, замест ранейшых 10—15 радыёстанцый. У эфіры гучаць гэтыя два і зусім “выпадкова” пры гэтым супадаюць з хвалямі “Свабоды”. Я мяркую, што перадача тэлесыгналу — не асноўная функцыя гэтай вышкі”.

Спадарыня: “Добры дзень, “Свабода”! Маленькая Дамініка са сваімі калядкамі прымусіла шчасьліва ўсьміхнуцца ўсю Беларусь. Дзе яшчэ можна пачуць такі цуд? Толькі на беларускай “Свабодзе”. Дзякуй! І яшчэ за сьветлае пачуцьцё гумару ў вашых перадачах. Канечне, іншы раз і балючыя сьлёзы, але пачуеш слухача вашага: “Пернік зьелі, засталася пуга…” ці ліст слухачкі, якая засмуцілася, што яе пэнсія ў пераліку на кошт хлеба такая маленькая ў параўнаньні з савецкай. Валянцін Жданко тлумачыць, што хлеб тады быў палітычна-стратэгічным прадуктам, напамінае пра чэргі на іншае, і кажа: “Так што ў пераліку на тэлевізары ваша пэнсія стала яшчэ большаю”. Прабачце, “Свабода”, я сьмяялася да сьлёз. Добра памятаю савецкія часы. Ды ўсяго не перакажаш вам. Драматычнае, нават трагічнае, сьмешнае, усё пераплялося ў Беларусі. Трымайцеся як-небудзь. Паўстанем з каленяў”.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG