Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сэкс-шопы як элемэнт культуры


У якасьці навагодніх падарункаў сёлета карысталася папулярнасьцю прадукцыя сэкс-шопаў. У чым прычына росту цікавасьці беларускіх пакупнікоў да атрыбутаў інтымнай сфэры? Ці стануць калісьці інтым-крамы звыклымі для беларускіх спажыўцоў?


Праз пошукавую сыстэму я знайшла ўсяго толькі 5 віртуальных сэкс-шопаў. Адміністратар адной зь іх, intim.by, кажа, што іх крама зьявілася ў 2001 годзе першай. І ад таго часу відавочная тэндэнцыя: продажы растуць. У часе навагодніх сьвятаў – асабліва:

“Гэта натуральна... Людзі хочуць зрабіць падарункі сябрам, блізкім... І імкнуцца быць арыгінальнымі – выявіцца нечым не такім, як заўсёды...”

Але, нягледзячы на гэта, мой суразмоўца лічыць, што беларусам яшчэ далёка да ўспрыняцьця сэкс-шопаў як нормы.

Адміністратар: “Ну, для нашага насельніцтва, я думаю, гэта, хутчэй за ўсё, далучэньне ўсяго толькі да гэтай сфэры. Тут ім далёка да эўрапейскіх звычак. Нават па статыстыцы, калі глядзець, то кожная другая эўрапейская жанчына, прыкладам, мае вібратар. У нашых рэаліях да гэткіх лічбаў, натуральна, далёка...”

Галоўны сэксоляг Менскага гарадзкога сэксалягічнага цэнтру Алег Хімко разглядае патрэбу людзей у інтым-прадукцыі са свайго прафэсійнага пункту погляду:

“Нішто чалавечае нам не чужое... Кожнаму сваё. Ёсьць, у рэшце рэшт, самотныя людзі. І тое, што прадаецца ў сэкс-шопах, вырашае шматлікія пытаньні...Да мяне зьвярталіся гандляры вось гэткіх сайтаў... І я цікавіўся, ці ёсьць у іх патрэба. Магу адказаць: ёсьць. Ёсьць катэгорыі людзей, каму гэта трэба...”

Што прадаваць у сэкс-шопах – узгадняюць з Мінкультам

Колькі год таму адмысловая камісія Міністэрства культуры выказала пажаданьне, каб атрыбуты сада-мазахісцкай сэкс-культуры не прысутнічалі ў віртуальных сэкс-шопах Беларусі, распавёў адміністратар intim.by:

“Ёсьць Камісія па папярэджаньні распаўсюду парнаграфіі пры Міністэрстве культуры. Яна вызначае, што ёсьць эротыкай, а што – парнаграфіяй. І калі мы зь імі узгаднялі каталёгі прадукцыі, то там былі выявы сада-маза... Яны на такіх карцінках былі паказаныя, што чалавеку, які не валодае тэмай, можа, і цяжка было зразумець. Ну, і яны выказаліся, што непажадана, каб такое было...”

Сэксоляг Алег Хімко лічыць, што сада-мазахісцкія атрыбуты, як частка асабістага інтымнага жыцьця – зьява нармальная.

Хімко: “Як і ў кожнай краіне, у нас таксама ёсьць людзі, якія маюць пэўныя індывідуальныя схільнасьці. Калі яны не парушаюць сацыяльных нормаў, займаючыся садамазахізмам, калі ад гэтага ня церпіць іхнае здароўе – фізычнае і душэўнае, калі садамазахізм іх задавальняе – чаму не?”

Кайданкі як сымбаль каханьня

Адміністратар сайту інтым-тавараў сьведчыць, што, уласна кажучы, атрыбуты сада-маза карыстаюцца вельмі слабой цікавасьцю.

“За гэтыя 7 год нашага існаваньня вельмі зрэдку нехта цікавіўся атрыбутамі сада-маза... Ну, калі-некалі запытаюцца кайданкі, ці плётку нейкую такую – слабую...”

Іншая справа, дзеля чаго набываюць гэтыя прадметы. Мой суразмоўца, супрацоўнік аднаго зь менскіх банкаў Павел, кажа, што кайданкі набываў у дадатак да пярсьцёнка, які падараваў дзяўчыне на заручыны:

“Я летась на Дзень Валянціна набыў для сваёй дзяўчыны кайданкі. Але гэта быў прыкол такі . Мы імі, уласна кажучы, і не карысталіся. Наагул тавары ў інтым-крамах – гэта напаўжарт... І наагул маё асабістае жыцьцё, інтымнае тым больш, не прадмет спрэчак для Мінкультуры. У краіне ёсьць больш надзённыя праблемы”.

Чаму менавіта Міністэрства культуры вызначае, што прадаваць у інтым-шопах, не разумее і адміністратар згаданага сайту:

“Мы ў свой час разам з галоўным сэксолягам краіны Капусьціным уздымалі пытаньне пра тое, чаму менавіта Міністэрства культуры мусіць вызначаць гэта, а не Міністэрства аховы здароўя. Ва ўсім сьвеце гэткія тавары распаўсюджваюцца праз аптэкі ў тым ліку... Відавочна, што аспэкт гігіены тут значна больш істотны, чым культурны”.

Адам Глёбус: “Я б хацеў, каб мае кнігі прадаваліся ў сэкс-шопах”

Адам Глёбус, вядомы выдавец, мастак і літаратар, аўтар нашумелых кніг “Дамавікамерон” і “Толькі не гавары маёй маме”, лічыць, што да сапраўднага якаснага роўню беларускім сэкс-шопам яшчэ далёка. Але іх будучыня неўзабаве стане рэчаіснасьцю. І тады, кажа Адам Глёбус:

“Я б хацеў, каб у сэкс-шопах прадаваліся мае кнігі...Шчыра скажу. Вось, калі заходзіў у італьянскія – там прадаецца Баккачча, прадаюцца казкі “Тысяча і адна ноч”... І асабіста я свае кнігі ў сэкс-шопах бачу... Мае кніжкі, мае малюнкі... Я б – з задавальненьнем...”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG