Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Магілёве на плошчы Леніна каля пяцісот прадпрымальнікаў пратэставалі супраць прэзыдэнцкага ўказу № 760.


На стыхійным мітынгу, які доўжыўся амаль пяць гадзін, прадпрымальнікі патрабавалі абвясьціць мараторый на гэты ўказ ды паскорыць прыняцьце закону “Аб малым і сярэднім бізнэсе ў Беларусі”. Акрамя таго, прадпрымальнікі патрабавалі, каб на плошчу выйшаў прадстаўнік аблвыканкаму і выслухаў іхнія прэтэнзіі. Да прадпрымальнікаў ніхто ня выйшаў, але патрабаваньні плошчы ў аблвыканкаме выслухалі

Прадпрымальнікі пачалі зьбірацца а дзясятай гадзіне раніцы. За паўгадзіны на плошчу Леніна прыйшлі каля двухсот чалавек. Перад адзінаццатай гадзінай, калі на плошчы было каля пяцісот прадпрымальнікаў, міліцыянты пачалі вінаваціць іх у спробе арганізаваць несанкцыянаваны мітынг. Пагражалі адміністрацыйнай адказнасьцю.

Міліцыянты, трое маёраў і адзін падпалкоўнік, ня мелі іменных бэджаў і адмаўляліся прадстаўляцца.

Стыхійны мітынг пачаўся блізу адзінаццатай гадзіны. Арганізаваў яго былы работнік прыватнай абутковай майстэрні, цяпер беспрацоўны Валадар Цурпанаў:

“Мне няма чаго страчваць, бо я страціў усё. Вы страчваеце маёмасьць, грошы. Нават калі вас спляжаць, вы будзеце нешта мець, бо, можа, уладкуецеся на завод, у няволю, а можа ў аграгарадок. Гэта наш пляц. Мы тут, каб дамагчыся свабоды, а свабода — гэта закон”, — з гэткімі словамі зьвярнуўся да прадпрымальніцкай грамады Валадар Цурпанаў.

Міліцыянты спрабавалі спыніць мітынг на самым пачатку, аднак прадпрымальнікі ўзяліся за рукі і не дазволілі затрымаць арганізатара мітынгу.

Прыкладна праз паўгадзіны пасьля пачатку мітынгу прадпрымальнікі дэлегавалі трох сваіх прадстаўнікоў у аблвыканкам. У аблвыканкаме выслухалі патрабаваньні мітынгоўцаў, аднак выйсьці на плошчу адмовіліся. Чыноўнікі прапанавалі сфармаваць групу прадпрымальнікаў зь дзесяці чалавек і яшчэ раз сустрэцца ў аблвыканкаме.

Другая сустрэча доўжылася каля гадзіны. Намесьнік старшыні гарвыканкаму Мікалай Снапкоў адразу ж запатрабаваў, каб на сустрэчы не было журналістаў.

Пра што гутарылі прадпрымальнікі з чыноўнікамі, расказаў “Свабодзе” партыйны актывіст, прадпрымальнік Рыгор Кастусёў:

“Мы данесьлі патрабаваньне пра адмену ўказу № 760 і патрабаваньне прыняць закон “Аб малым і сярэднім бізнэсе”. Але, адказаў Снапкоў, ён нічога на імя прэзыдэнта пісаць ня будзе. Указ прыняты, і яны яго будуць выконваць. Што да прыняцьця закону, ён выкажа свае меркаваньні ў Менск. Ён сказаў, што падтрымлівае прыняцьце гэтага закону”.

Мітынгоўцы засталіся незадаволеныя адказам чыноўнікаў. Выказаўшы адзін аднаму сваё абурэньне, прадпрымальнікі пастанавілі дачакацца вестак зь Менску, а потым зноў сабрацца на плошчы. Канкрэтнай даты не прызначалі.

Чаго ж прыйшлі прадпрымальнікі на плошчу? Вось некаторыя меркаваньні:

“Нас не задавальняе ўказ прэзыдэнта. Мы выказваем сваю нязгоду і просім на яго абвясьціць мараторый, вось і ўсё. Практычна ўсе з нашага асяродзьдзя разважаюць аднолькава, але ўсе баяцца”, — кажа спадарыня.

“Прадпрымальнік, які працуе, які дае працу іншым людзям, яго павінны паважаць. Чаму такое стаўленьне да нас? Умовы ж, якія нам прапаноўвалі, мы выконвалі”, — зазначае спадар.

“Дадзеную сытуацыю прававым бязьмежжам і не назавеш. Проста бязьмежжа, і ўсё. Няма словаў, засталіся адны эмоцыі”, — абураецца яшчэ адзін спадар.

Мітынг скончыўся прыкладна а 15 гадзіне. Нікога з выступоўцаў на плошчы не затрымалі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG