Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэчыца: арыштаваны заяўнік мітынгу прадпрымальнікаў


Затрыманы - Алесь Шабетнік


Сёньня ў Рэчыцы судзьдзя Ірына Іўлічава пакарала 5 суткамі арышту і штрафам у памеры 700 тысячаў рублёў аднаго з заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў у Менску, актывіста руху “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва”, кіраўніка рэгіянальнай арганізацыі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Алега Шабетніка.

Напярэдадні позна ўвечары па дарозе дадому яго затрымаў участковы інспэктар, старшы лейтэнант Дзяніс Ніканенка, абвінаваціўшы ў тым, што той нібыта быў нападпітку, брыдкасловіў і не падпарадкаваўся міліцыі.

Мінулую ноч Шабетнік правёў за кратамі ў камэры Рэчыцкага райаддзелу міліцыі.

Перад затрыманьнем рэчыцкія актывісты зьбіраліся разам, каб абмеркаваць свой удзел у мітынгу прадпрымальнікаў у Менску. Распавядае старшыня Рэчыцкай арганізацыі АГП Аляксандар Касьцючэнка:

“Абмяркоўвалі пытаньні паездкі ў Менск на мітынг. Увечары а 10 гадзіне адправіліся дамоў. Алег Шабетнік вяртаўся дадому па вуліцы Карла Маркса. Недалёка ад дому яго спыніў участковы і абвінаваціў у тым, што ён ішоў нападпітку і лаяўся. На вуліцы ў гэты час не было нікога і блізка”.

Судзьдзя Іўлічава ня стала выклікаць у суд нават сьведкаў, якія нібыта чулі лаянку актывіста Шабетніка.

Сьведкаў суд меўся заслухаць пасьля абеду, на другім паседжаньні. Але калі а 14 гадзіне жонка Алега Шабетніка Людміла і ягоныя сябры прыйшлі ў суд, судзьдзя абвясьціла ім пра ўжо вынесенае пакараньне.

Гаворыць Людміла Шабетнік:

“Мой муж быў заяўнікам мітынгу. З раніцы ён павінен быў ехаць у Менск, але туды не патрапіў. Яго абвінавацілі ў дробным хуліганстве ў нецьвярозым стане. Муж ня п’е, у яго гіпэртанія, ён наогул ня можа ўжываць алькаголь. Гэта сапраўдная правакацыя, і ўжо ня першы раз”.

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Алега Шабетніка трымалі за кратамі амаль трое сутак і пакаралі буйным штрафам.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG